Цырымонія адкрыцця Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску
- 27
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 мая прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску.
Прыбыўшы да выставачнага цэнтра, Кіраўнік дзяржавы зрабіў чыноўнікам заўвагу: "Я так зразумеў, што вы мяне не зусім правільна зразумелі. Гэта павінна быць пастаянна дзеючая выстаўка. Базавая выстаўка тут будзе заўсёды. Каб прыйшлі, асабліва моладзь, і ахнулі, што мы ўмеем рабіць. А не тое што часова выставілі, прынялі - будынак пустуе. Гэтага быць не павінна".
Прэзідэнт адзначыў, што на пляцоўцы выставачнага цэнтра таксама будуць праводзіцца і часовыя выстаўкі, але пастаянная экспазіцыя павінна тут быць абавязкова. "Каб яна была адкрыта і людзі ў любы момант маглі прыйсці і паглядзець, што мы робім, чаго мы дасягнулі. Як музей дасягненняў нашага народа - такая была задума, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Кожнае прадпрыемства павінна паказаць сябе самым лепшым чынам".
У час урачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра, на якую былі запрошаны прадстаўнікі грамадскасці сталіцы, кампаніі-забудоўшчыка і будаўнічых арганізацый, якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні гэтага аб'екта, Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Мы адкрываем новую старонку летапісу нашай суверэннай Беларусі. Мы гэты цуд назвалі Мінскім міжнародным выставачным цэнтрам. Сучасны, без празмернасцей, нібы лунаючы бусел над маляўнічым кутком нашай сталіцы, ён прызначаны паказаць свету наш багацейшы патэнцыял і дасягненні беларускай нацыі".
Прэзідэнт заўважыў, што адкрыццё адбываецца ў планавым парадку - як дамовіліся, так і зрабілі. Гаворачы аб тым, якая задума рэалізавана ў гэтым цэнтры, Кіраўнік дзяржавы расказаў пра свой даўні візіт на былую выставачную пляцоўку ў Мінску, дзе дэманстраваліся дасягненні народнай гаспадаркі. "Я ў яго зайшоў і ахнуў. Я не думаў, што Беларусь умее ўсё гэта рабіць", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Цяперашняя моладзь гэтак жа далёка не ўсё ведае пра шырокія магчымасці сваёй краіны, упэўнены Прэзідэнт. Таму вельмі важна сканцэнтраваць у адным месцы ўсё тое, чаго беларусы дасягнулі за гады незалежнасці, сабраць самае лепшае. "Задума ў мяне была ў тым, каб пабудаваць тут гэты цэнтр, размясціўшы на пастаяннай аснове самыя высокія дасягненні нашай краіны, нашай суверэннай Беларусі - вось тое, што мы зрабілі самі, не ў складзе велізарнай краіны, а самі, беларусы, сваім розумам і сваімі рукамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Міжнародным выставачным цэнтры павінна быць пастаянна дзеючая выстаўка дасягненняў сучаснай Беларусі. Прычым гэта зусім не перашкаджае праводзіць тут жа тэматычныя экспазіцыі, напрыклад Milex ці "Белагра". "Яны будуць праводзіцца. Для гэтага такія пляцоўкі і створаны. Але павінна быць аснова - пастаянна дзеючая выстаўка для таго, каб паказаць, як у музеі, але не ў гістарычным разрэзе, тое, чаго мы дасягнулі на сённяшні дзень", - растлумачыў Прэзідэнт. Плануецца, што ў ліку першых буйных міжнародных мерапрыемстваў, якія прыме МВЦ у Мінску, будзе Еўразійскі эканамічны форум.
Успамінаючы, з чаго пачыналася будаўніцтва цэнтра, Кіраўнік дзяржавы расказаў, як да яго звярнуліся арабскія інвестары з просьбай дазволіць рэалізаваць праект будаўніцтва разумнага горада. "Яны не спадзяваліся, што я пайду на гэта. І прынеслі мне такія карцінкі, у тым ліку каб мяне зацікавіць, - выставачны цэнтр. Складаная канфігурацыя - бусел, Беларусь і іншае, намалявалі прыгожа. Я гавару: добра, я згодны. Яны анямелі. Яны чакалі іншага. Я гавару: але вы зробіце адзін у адзін тое, што намалявалі. Клікалі яны сюды з усёй Еўропы праектантаў, яны глядзелі, малявалі, чарцілі. Паглядзіце: зрабілі ж. Я ім удзячны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што інвестары ўклалі ў рэалізацыю праекта каласальныя грошы, узводзяць разумны горад, і Беларусь гатова прадаўжаць з імі супрацоўніцтва.
Прэзідэнт назваў адкрыццё МВЦ знакавым падарункам да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Ён звярнуў увагу, што пры будаўніцтве цэнтра выкарыстоўваўся лепшы сусветны вопыт і самыя перадавыя рашэнні. "Малявалі, чарцілі - усё гэта рабілі замежныя таварышы, але ўвасобілі ў жыццё беларусы. Малайцы! Значыць, умеем. Нашы людзі з гэтым справіліся дастойна, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Унікальная выставачная прастора гатова да правядзення мерапрыемстваў любога ўзроўню і дае магчымасць праз высокія тэхналогіі ўбачыць сябе збоку".
З'яўленне такога маштабнага праекта - адказ на запатрабаванне часу, адзначыў Прэзідэнт. "Мы пакарылі космас, спадарожнікі запускаем, ствараем самыя вялікія ў свеце кар'ерныя самазвалы, электробусы, беспілотныя лятальныя апараты і многае іншае. Хто з вас гэта бачыў? У комплексе паглядзець ад БПЛА да самага сур'ёзнага самазвала вагой 400 тон, які мы зрабілі адзіныя ў свеце? Ніхто. А хто ведае, што ў нас гэтыя велізарныя самазвалы ўжо сталі электрамабілямі? На газаматорным паліве мы выпускаем... Амаль ніхто. А мы павінны беларусам гэта паказваць. Што гэта зрабілі мы. А некаторыя рэчы - толькі мы. На ўзроўні сусветных стандартаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Якасць павінна стаць брэндам нашай краіны. І нездарма гэта пяцігодка будзе пяцігодкай якасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларускім вытворцам трэба вытрымліваць канкурэнцыю на сусветных рынках. "Мы ж хочам вырабіць і прадаць. А для таго каб прадаць, трэба канкурыраваць у вельмі жорсткіх умовах", - сказаў ён.
Айчынныя спецыялісты на многае здольныя, падкрэсліў Прэзідэнт, і ў якасці прыкладу прывёў будаўніцтва такога ўнікальнага аб'екта, як Палац Незалежнасці. "Калі наведвала чарговая высокая дэлегацыя, да мяне падышоў кіраўнік, вельмі ўплывовы, багаты чалавек і спытаў: за колькі вы пабудавалі? Я яму назваў лічбу. "А нам можаце за гэтыя грошы?" Я гавару: не, вам даражэй у два разы. Гэта, здавалася б, жарт, але гэта так. Яны ўбачылі, што мы хутка пабудавалі такое нацыянальнае тварэнне, пабудавалі якасна, разумна. Зрабілі гэта нашы праектанты і будаўнікі. Паказаўшы гэта, мы павінны будаваць гэта там, дзе нас папросяць", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін прыклад - будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі, пры ўзвядзенні якой у цесным узаемадзеянні з расіянамі нашы спецыялісты атрымалі самыя сучасныя кампетэнцыі і вопыт. У выніку яны цяпер запатрабаваны на будаўніцтве такіх аб'ектаў у розных краінах свету.
"Каб мы дапамаглі пабудаваць. Таму што якасна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы рэактар не будзем імкнуцца ствараць, хоць і гэта можам. Расіяне зробяць рэактар. Усё астатняе мы павінны рабіць - і мы навучыліся гэтаму. Так мы вучымся ўсюды самым перадавым тэхналогіям. Толькі так можна развівацца, пераскочыўшы, пераступіўшы праз адну, можа, дзве ступені развіцця".
"Калі не будзем арыентавацца на будучае, калі не будзем ствараць аб'екты будучага, мы будзем пастаянна залежнымі, пастаянна нас у спіну будуць штурхаць. А вы будзеце на кухні шушукаць: у які склад мы ўвойдзем заўтра, у якую краіну? Мы нікуды не збіраемся ўваходзіць. Мы заўсёды будзем стаяць побач. Але каб стаяць побач, мы павінны быць цікавыя тым, хто з намі побач. Мы павінны гэта ўмець (рабіць. - Заўвага) уласнымі рукамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Таму, звярнуў увагу ён, трэба ўвесь час ісці за перадавым вопытам, пераймаць кампетэнцыі, як гэта было, напрыклад, у выпадку з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі або з узвядзеннем Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. "У гэтым была задума гэтага чарговага тварэння", - адзначыў Прэзідэнт.
У хуткім часе ў Мінску з'явіцца яшчэ адзін знакавы аб'ект, дзе таксама будуць выкарыстаны сучасныя тэхналогіі. Размова пра музей беларускай дзяржаўнасці - Нацыянальны гістарычны музей, будаўніцтва якога пачата ў Парку народнага адзінства. "Мы павінны паказаць, што мы не проста асколак нечага. Мы павінны паказаць, што гэта зямля даўно нарадзіла беларусаў. Даўным-даўно. Можа, задоўга да многіх нашых суседзяў. Мы вось адтуль. Мы - тысячагадовыя. Сустракаючыся з амерыканцамі, я часта гавару так, жартам: "Мужыкі, вам колькі гадоў? Ну, трыста. А нам больш за тысячу". І мы павінны гэта паказаць. Перш за ўсё сваім дзецям, самім сабе. Што мы - адтуль. А вось гэтага мы дасягнулі за гэты час", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паказваючы свае магчымасці, Беларусь дэманструе нязменную адкрытасць і гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам, пастаўляць тэхналогіі і прадукцыю партнёрам за мяжой. Так адбываецца, напрыклад, з афрыканскімі краінамі. Пачалося ўсё ў свой час з супрацоўніцтва з Зімбабвэ і паставак туды айчыннай сельгастэхнікі, трансферу тэхналогій, сэрвісных цэнтраў і цэнтраў па абучэнні мясцовых спецыялістаў.
"Яны зразумелі, што мы не каланізатары, як некаторыя былі раней - французы, англічане і іншыя. Мы прыйшлі з дабром, мы хочам ім даць тэхналогіі і навучыць. Для іх сёння галоўнае - накарміць народ. Мы можам гэта рабіць? Можам", - сказаў Прэзідэнт. Дзякуючы супрацоўніцтву з Беларуссю, Зімбабвэ, напрыклад, удалося ў апошнія гады вырасціць і сабраць рэкордны ўраджай збожжавых, забяспечыўшы не толькі ўласныя патрэбнасці, але і пачаўшы экспартныя пастаўкі.
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра, выказаўся пра сітуацыю з бульбай у магазінах.
Прэзідэнт адзначыў, што грамадзяне хочуць купляць айчынную прадукцыю па нізкіх цэнах, а сяляне, наадварот, зацікаўлены прадаць свой тавар даражэй. "Каб і зарплата была, угнаенні купіць, пасеяць хутчэй", - сказаў ён.
І так выйшла, што ў Расіі цэны на тую ж бульбу аказаліся ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі. Таму вытворцы арыентаваліся на расійскі рынак.
"Нядаўна мне ва Урадзе кажуць: "Аляксандр Рыгоравіч, не хвалюйцеся: у нас пару дзясяткаў тысяч тон насеннай бульбы - мы прададзім". Я гавару: "Хлопцы, я гісторык. Памятаеце, у гады Вялікай Айчыннай вайны людзі паміралі з голаду ў Ленінградзе, а зярняткі захавалі, каб потым хлеб быў. І вы думаеце, што ў Расіі і іншых краінах, дзе сёння дэфіцыт бульбы, заўтра вычарпаюць гэты дэфіцыт? Не. Ён яшчэ будзе некалькі гадоў. У нас ёсць насенная бульба. Давайце месяц яшчэ адмучаемся (каму там бульба не падабаецца?), а гэта пасеем. Атрымаем у дзесяць разоў больш, чым пасеялі, і потым прададзім па добрай цане". Таму такая вось хітрая, магчыма, сялянская задума", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі нехта перажывае ўжо за бульбу - месяц вытрымаем. Але без бульбы не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручана разабрацца з сітуацыяй ва ўсіх гандлёвых сетках і паглядзець, якой прадукцыі не хапае.
"І потым я губернатараў паклічу і спытаю: хлопцы, я ж восенню вас папярэджваў, што трэба стварыць стабілізацыйныя фонды. Гэта значыць, пакласці ў запас, каб накарміць людзей. А што гэта? Бульба перш за ўсё. Яблык і іншае. Дзе яно? Вядома, сялянам трэба атрымаць грошы. Калі яны не прададуць бульбу (на экспарт. - Заўвага) і не атрымаюць валюту, то нам з бюджэту давядзецца іх падтрымліваць. Не хацелася б. У нас небагатыя настаўнікі, урачы і пенсіянеры. Гэта нам таксама ўрок. Думаю, што гэта будзе для ўсёй вертыкалі ўлады апошні такі ўрок. Трэба прывесці сховішчы ў парадак, пакласці колькі трэба самай лепшай у свеце бульбы, каб наш народ ніколі не пакутаваў ад гэтага няшчасця", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы жывём у няпросты час. Санкцыі нас душаць з усіх бакоў. Нас спрабуюць задушыць. Але мы жывём. І не проста жывём. Мы нават ствараем унікальныя аб'екты будучыні, як гэты, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Усё залежыць ад нас. Давайце, як я часта гаварыў, будзем рабіць усё на сваіх рабочых месцах. Нічога не трэба выдумляць. Прыйшоў, адпрацаваў, пайшоў дамоў, у суботу і нядзелю адпачыў... Нічога ад вас больш не патрабую. Усё астатняе мы будзем вырашаць самі. Таксама кожны на сваім месцы: я як Прэзідэнт буду займацца сваімі пытаннямі, Урад будзе эканомікай, Адміністрацыя (Прэзідэнта. - Заўвага) - палітыкай, дыпламатыяй і іншае. Усё выбудавана. Гэта машына павінна працаваць без збояў".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва ўладу прыйшло шмат прадстаўнікоў новага пакалення, як гэта і абяцаў Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя людзі - патрыёты, якія любяць сваю краіну, хочуць захаваць яе. Застаюцца ва ўладзе таксама і больш вопытныя ўпраўленцы, каб захоўвалася пераемнасць.
Гаворачы пра абстаноўку ў краіне, Прэзідэнт адзначыў: "Ціха, спакойна. Мы жывём у спакойнай, мірнай, добрай краіне. Трэба яе зберагчы. Гэта асоба гучыць напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў той страшнай вайне. Вакол вельмі вялікая неразбярыха".
"Шмат нестабільных кропак, якія могуць атрымаць сваё развіццё. Для нас важна - і для мяне, і для вас - не дапусціць развіцця, неспрыяльнага для Беларусі. Трэба абараніць сваю краіну. Давайце будзем мірна працаваць, жыць і глядзець на дасягненні, створаныя нашымі рукамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На заканчэнне выступлення на цырымоніі Кіраўнік дзяржавы падзяліўся сваімі развагамі аб тым, які надпіс быў бы дарэчны на фасадзе Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску. Прэзідэнт прапанаваў сваю варыяцыю вядомых радкоў з верша Аляксандра Пушкіна: "Звяртаючыся да вас, беларускага народа, чыімі рукамі гэта ўсё створана, я тут напісаў бы: "Он (беларускі народ. - Заўвага) памятник себе воздвиг, он - рукотворный, не зарастет к нему народная тропа".
Пасля адкрыцця выставачнага комплексу Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з рэалізацыяй праекта "Паўночны бераг". Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў праінфармаваў Прэзідэнта аб этапах забудовы тэрыторыі і ходзе работ.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці выконваюць інвестары ўзятыя на сябе абавязацельствы. Уладзімір Кухараў пацвердзіў, што работы вядуцца ў адпаведнасці з графікам.
"Ты не забывай толькі адно, калі будзеш кантраляваць (я таксама езджу міма, паглядаю): усё павінна быць звернута ў будучыню. Гэта не сённяшняга дня (праект. - Заўвага). Гэта ўсё ў будучыню, пачынаючы з дзіцячага сада, школы і заканчваючы разумным горадам", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама даручыў прывесці ў парадак прылеглую тэрыторыю.
"І на большае ўжо не разлічвай. Гэта яны будуюць за свой кошт для Мінска. Гэта значны аб'ём. А астатняе - у рэгіёнах", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з патэнцыялам выставачнага цэнтра і наведаў спецыяльную экспазіцыю, якая адкрылася тут да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Выстаўку падрыхтаваў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яе размясцілі ў малой зале выставачнага цэнтра на плошчы 4,5 тыс. кв.м. У стварэнні экспазіцыі таксама прынялі ўдзел музеі рэспубліканскага і рэгіянальнага падпарадкавання, Нацыянальны архіў Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".
Кампазіцыйны цэнтр выстаўкі - адноўленая Плошча Перамогі. Вакол яе размясціліся сем тэматычных раздзелаў у храналагічнай паслядоўнасці: "Нападзенне фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі", "Генацыд беларускага народа", "Падпольная барацьба і партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі", "Ключавыя баі на франтах Вялікай Айчыннай вайны (Бітва за Маскву, Сталінградская бітва, Курская бітва)", "Вызваленне Беларусі", "Вызваленне Еўропы. Разгром фашысцкай Германіі. Вынікі вайны", "Захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі".
Для шырокага прыцягнення маладзёжнай аўдыторыі на выстаўцы маштабна выкарыстоўваюцца сучасныя мультымедыйныя тэхнічныя рашэнні: дадаткі і відэафільмы з прымяненнем ЗD-графікі, галаграм, акуляры віртуальнай рэальнасці і святлодыёдныя экраны.
"Трэба абавязкова ўсё гэта максімальна паказаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як праінфармавалі Прэзідэнта, пасля работы выстаўкі гэта абсталяванне будзе выкарыстана пры мадэрнізацыі пастаяннай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і правядзенні ім часовых экспазіцый.
У рамках выстаўкі Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі невялікую тэатралізаваную пастаноўку - беларускія артысты аднавілі канцэрт савецкай спявачкі Лідзіі Русланавай каля Рэйхстага. У час Вялікай Айчыннай вайны яна ўзнімала баявы дух савецкіх салдат на фронце.
"Малайцы, здорава! Маё роднае! Усё, пачынаю аднаўляць свае навыкі ігры на баяне. Слухаючы, як вы іграеце, немагчыма перажыць тое, што закінуў гэта. Часу ўсё няма. Але калі б нехта навучыў мяне занава… Але малайцы, здорава! І дарослыя людзі, і зусім маладыя іграюць", - адзначыў беларускі лідар.
Карыстаючыся момантам, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці выканана яго даручэнне па аднаўленні вытворчасці музычных інструментаў. Яму было даложана, што работа ў гэтым напрамку вядзецца.
"Трэба вярнуцца да гэтага пытання", - заявіў Прэзідэнт.
Міжнародны выставачны цэнтр Кіраўнік дзяржавы назваў прыкладам супрацоўніцтва з ААЭ. Ён яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што ідэя будаўніцтва выставачнага цэнтра была не ў тым, каб перыядычна праводзіць тут мерапрыемствы, як у іншых комплексах. Гэта таксама. Але галоўнае - паказаць тут дасягненні беларускага народа. "Кожны метр павінен аб нечым гаварыць. Трэба, каб зайшлі і ахнулі: ёсць чым абараняцца (яшчэ на парадзе ўбачылі), паглядзелі на трактары, аўтамабілі і іншае - ахнулі", - падкрэсліў беларускі лідар.


