Наведванне МТК ААТ "Нястанавічы-Агра" ў Лагойскім раёне

  • 16
  • 23:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысвяціў апошні дзень гэтай зімы пытанням сельскай гаспадаркі. У суботу Кіраўнік дзяржавы прыехаў на малочнатаварны комплекс ААТ "Нястанавічы-Агра". Гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства размешчана ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці і спецыялізуецца на жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу пацікавіўся станам спраў на прадпрыемстве, як у цэлым у Лагойскім раёне быў праведзены працэс узбуйнення гаспадарак. "У гэтым годзе трэба па рэспубліцы і, зразумела, Мінскай вобласці завяршыць усе гэтыя працэсы", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівы акцэнт ён зрабіў на неабходнасці дакладнага выбудоўвання сістэмы шэфскай дапамогі вёсцы, напрыклад, вялікіх прамысловых прадпрыемстваў, якія ў свой час забралі шмат кадраў менавіта з сельскай мясцовасці: "Забралі адсюль людзей - сёння трэба дапамагчы. Я бачу, што калі мы цяпер да сельскай гаспадаркі сур'ёзна не дакранёмся, будзе бяда".

"Без шэфскай дапамогі яны не абыдуцца. Шэфская дапамога - гэта наша ратаванне для вёскі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што размова часта нават не аб укладанні фінансавых сродкаў, а аб дапамозе рабочымі рукамі літаральна на працягу пары тыдняў рэалізаваць тую ці іншую будоўлю.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на сельгаспрадпрыемствах у пытанні арганізацыі ўтрымання жывёлы і ў цэлым павінен быць ідэальны парадак. Гэта залог здароўя і захаванасці жывёл, а ў выніку і эканамічнага рэзультата. А іншым жа разам усё, што трэба, - проста своечасова падсцяліць жывёлам свежую салому.

"Мне патрэбны канкрэтны рэзультат. Разам з губернатарам вы (звяртаючыся да кіраўніка Мінсельгасхарча Юрыя Горлава. - Заўвага) гэта як "Ойча наш" павінны ведаць. Адна з лепшых ферм. Але я ж бачу, што тут саломы і апілак накідалі перад маім прыездам, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы можам страціць тое, чым сёння ганарымся: "Ах, мы аграрыі, у нас сельская гаспадарка такая!"

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з тым, як на МТК арганізавана ўтрыманне жывёлы і нованароджаных цялят. Цікавы момант - у ліку дакладчыкаў быў ураджэнец афрыканскай Малі Шака Кейту, якога ў гаспадарцы завуць проста - Фёдаравіч. У ААТ "Нястанавічы-Агра" ён працуе галоўным заатэхнікам. У свой час менавіта ў Беларусі ён атрымаў адукацыю па сельгаспрофілі і ўжо не адзін дзясятак гадоў укараняе свае веды на практыцы.

Кіраўнік дзяржавы ў час размовы з ім заклікаў не адчуваць сябе чужаземцам і ў поўнай меры патрабаваць ад усіх захавання тэхналогій і дысцыпліны. "Ты - беларус. І ты павінен усіх прымушаць працаваць", - падкрэсліў ён.

Каля двух гадоў таму ў МТК ААТ "Нястанавічы-Агра" пабудаваны сучасны будынак прафілакторыя для цялят. Праект паказаў ужо сваю эфектыўнасць у плане забеспячэння захаванасці жывёлы - падзеж удалося звесці да адзінкавых выпадкаў. Аб гэтым старшыня Мінаблвыканкама Аляксей Кушнарэнка напярэдадні далажыў Кіраўніку дзяржавы, прадставіўшы як узорна-паказальны прафілакторый. Аляксандр Лукашэнка адразу ж вырашыў прыехаць і паглядзець усё асабіста.

Такое памяшканне хутка ўзводзіцца, выкарыстаны ў тым ліку драўляныя канструкцыі, на што раней арыентаваў Прэзідэнт. У далейшым гэты вопыт плануецца выкарыстоўваць не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў іншых рэгіёнах. "Мы распісалі план. Да кастрычніка мы павінны 111 прафілакторыяў па Мінскай вобласці пабудаваць. Больш таго, гэты вопыт зацікавіў Віцебскую вобласць. Нашы калегі прыязджаюць сюды, на рэгулярнай аснове вывучаюць гэты вопыт", - далажыў кіраўнік рэгіёна.

"Павінен сказаць, гэта па-багатаму. Я бачыў і іншыя цялятнікі, прафілакторыі. Калі ёсць грошы - няхай. Але не ўсюды гэта магчыма", - ацаніў Прэзідэнт прадстаўлены яму варыянт прафілакторыя.

У бягучым годзе тут плануецца ўзвесці яшчэ адзін прафілакторый на 200 цялят.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім даручэнні, каб у такія месцы пры неабходнасці пераводзілі цялят з суседніх гаспадарак, калі там не будзе магчымасці забяспечыць іх захаванасць.

"Добры прафілакторый. Месяц (размова аб хуткасці ўзвядзення. - Заўвага). Заказаў гэтыя канструкцыі. Прыязджаеш - штампуй, бетануй. Ніякай складанасці. Таксама - шэфы (могуць аказаць дапамогу. - Заўвага). Вельмі тэхналагічна, нічога выдумляць не трэба, - сказаў Прэзідэнт. - Добры прафілакторый для цялят. Трэба тыражаваць".

"Трэба па-чалавечы да іх адносіцца. Для мяне гэта дзіця. Для мяне гэта роднае. Таму я як чалавек не пераношу, калі гіне такая малютка. Чаму гіне? Таму што мы яе не ўратавалі. Дык што мы за людзі тады?" - падкрэсліў беларускі лідар.

Зрэшты, у плане парадку на МТК у цэлым усё не так радасна. Жорсткая крытыка Прэзідэнта ў адрас кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і прадстаўнікоў мясцовай улады датычылася як адсутнасці парадку на тэрыторыі ў цэлым, так і ўтрымання тых жа цялят. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "цукерка" ў выглядзе добрых прафілакторыяў не павінна, па-народнаму кажучы, стаяць "у гаўне".

На вуліцы, дзе ў спецыяльных прасторных групавых доміках у загародках трымаюць цялят, Аляксандр Лукашэнка ў літаральным сэнсе слова ўзяўся за вілы і разгроб верхні слой саломы. Як аказалася, ён ляжаў літаральна паверх лёду і снегу. "Драць іх трэба як сідараву казу. Што снег нельга было прыбраць? - эмацыянальна заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - За цялят галавой адкажаце. Гэта дробязь, здавалася б. Але такі бардак у нас усюды - бяздушнае стаўленне да жывёлы, якую мы гадуем".

"Касякі ты свае ведаеш. Я нарадзіўся ў вёсцы, не ў Мінску", - заўважыў ён у адрас кіраўніка сельгаспрадпрыемства Настассі Кузьміной.

"Паслаць на лёд, на снег салому і запусціць туды малых - гэта не тэхналогія, а злачынства, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дык гэта ў яе, які ты (звяртаючыся да Аляксея Кушнарэнкі. - Заўвага) хваліў учора ўвечары, калі мне дакладваў. А паглядзі ў іншых. І ўсё будзе ўпірацца ў п'янку, гультайства і яшчэ штосьці там".

"Дысцыпліна і парадак - гэта аснова любых тэхналагічных працэсаў", - заўважыў беларускі лідар.

Ён даручыў да 17 верасня поўнасцю рэалізаваць намечаныя на МТК планы і літаральна "ўсё вылізаць". А мясцовай уладзе трэба ўзяць гэту работу на сур'ёзны кантроль. "Май на ўвазе, за раён ты адказваеш перш за ўсё. І касякі тут твае. Таму што ты, напэўна, з кабінета не вылазіш. Або ездзіш у дзве гаспадаркі", - звярнуўся Прэзідэнт да старшыні Лагойскага райвыканкама Аляксандра Ласевіча.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што трэба дакладна вызначыцца, дзе ў раёнах будуць развіваць аграгарадкі. "Думаю, што на гэтым можна спыніцца. Вызначыліся, дзе будуць аграгарадкі. І развіваць іх, будаваць", - адзначыў ён.

"Па Лагойску мы гаворым, што гэта спадарожнік Мінска. Трэба нейкую, можа, чыгуначную нітку правесці. Я паглядзеў. Можа, нават па абочыне ў адзін бок і ў другі пакласці рэйкі і пусціць… Нешта трэба рабіць. Трэба закончыць у Мінску ўсякае жыллёвае будаўніцтва і ва ўсіх гэтых спадарожніках будаваць жыллё. Людзі за 20-30 хвілін у Мінску. Адпрацавалі - назад вярнуліся. Але гэта асобная размова", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.