Наведванне 227-га агульнавайсковага палігона ў Барысаўскім раёне
- 19
- 16:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста праверыў боегатоўнасць Узброеных Сіл. Кіраўнік дзяржавы 13 лютага ў рамках раптоўнай праверкі наведаў 227-ы агульнавайсковы палігон у Барысаўскім раёне.
Аляксандр Лукашэнка пасля прыбыцця заслухаў даклад аб ходзе праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей, якая праводзіцца ў адпаведнасці з планам Мінабароны і Генштаба. Падрабязнасці расказаў Міністр абароны Віктар Хрэнін, якога толькі ў 7 раніцы папярэдзілі аб нечаканым прыездзе Прэзідэнта. Цяпер гэта праверка праводзіцца паралельна, не дубліруючы задачы, якія ставяцца ў рамках раптоўнай праверкі па лініі Прэзідэнта і Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі.
Міністр у прыватнасці далажыў, што дыслацыраваная ў Гродне 6-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада прыведзена ў павышаную баявую гатоўнасць. У такім аб'ёме брыгада яшчэ ні разу не правяралася. "Брыгада будзе поўнасцю адмабілізавана да штатаў ваеннага часу. На сённяшні момант прызваны ваеннаабавязаныя запасу ў полк рэзерву Заходняга аператыўнага камандавання, - сказаў кіраўнік ваеннага ведамства. - У адпаведнасці з новай методыкай, зыходзячы з вопыту і праблемных пытанняў, якія мы выявілі ў ходзе праверак 19-й і 11-й брыгад, мы ўбачылі, што неабходны апераджальны прызыў афіцэраў запасу і правядзенне заняткаў з імі".
На мінулым тыдні быў праведзены такі апераджальны прызыў афіцэраў запасу ў колькасці 400 чалавек.
"Усіх прызваў ці каго-небудзь не знайшлі?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Усіх - 100%. Дарэчы, адзначаюць, што людзі цяпер з вялікім жаданнем. Менш было жадаючых недзе ўхіліцца, знайсці нейкую прычыну. Нават зваротаў не было", - заўважыў Віктар Хрэнін.
Адносна гэтага Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову: "Гэта значыць, людзі сур'ёзна ставяцца да прызыву. Ну нарэшце зразумелі, што гэта вучоба: а калі вайна - а мы нічога не ўмеем рабіць".
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся папярэднімі вынікамі і ўражаннямі ад першага этапу раптоўнай праверкі боегатоўнасці, якая праводзіцца па яго даручэнні. "Армія здольна ваяваць. У цэлым усе камандзіры брыгад, якія атрымалі ваша распараджэнне, задачу дакладна зразумелі, прынялі рашэнні аб правядзенні маршаў у названыя раёны. Маршы ўсе зрабілі, на маршы нікога не страцілі", - далажыў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго слоў, былі адзінкавыя выпадкі няспраўнасцей. Але машыны на маршы рамантавалі сваімі сіламі, не прыцягваючы часці цэнтральнага падпарадкавання. "Са спазненнем на гадзіну-паўтары дзве-тры машыны даходзілі ў раён. Гэта не ўплывала на выкананне баявой задачы той ці іншай воінскай часцю у цэлым. Ёсць пытанні па дысцыпліне маршу, па некаторых разліках. Але гэта вучэбныя пытанні, якія мы прааналізуем і правядзём дэталёвы разбор", - адзначыў Дзяржсакратар Савета Бяспекі.
Кіраўнік дзяржавы наведаў камандна-назіральны пункт батальёна ў раёне сканцэнтравання, дзе паразмаўляў з ваеннаслужачымі, азнаёміўся з выкананнем мерапрыемстваў праверкі. У тым ліку размова ішла аб тым, як арганізаваны побыт ваеннаслужачых.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць правядзення такіх праверак, каб падтрымліваць на высокім узроўні вывучку войскаў. "Праверку праходзяць усе. І нават Міністр абароны і Дзяржсакратар, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер зіма такая, што пад праверку падпадуць усе".
"Вы павінны вучыцца сваёй справе. Абавязкова. Той, хто не падрыхтаваны, - гэта смяротнік. У нас ніхто пытацца не будзе, калі і як ваяваць. Наадварот, будуць шукаць магчымасць нас атакаваць нечакана. Я не гавару, што гэта заўтра будзе. Але і не магу сказаць, што гэтага не будзе наогул. Таму мы рыхтуемся", - заўважыў беларускі лідар.
Пабываў Кіраўнік дзяржавы і ў бліндажы, дзе размяшчаецца асабовы склад. Умовы хоць і паходныя, але ў выпадку ваеннага часу больш чым прымальныя. "У вас тут курорт", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, успомніўшы, як у гады яго службы даводзілася "ваяваць" на вучэннях і ў больш суровых умовах.
У ходзе наведвання палігона былі таксама абмеркаваны пытанні аснашчэння воінскіх злучэнняў сучаснай тэхнікай, падыходы ў вырашэнні кадравых пытанняў. Прэзідэнт падкрэсліў, што салдаты павінны быць забяспечаны ўсім неабходным, каб выконваць свае задачы.
"Вучыцеся, вучыцеся. На ўсялякі выпадак вучыцеся. Будзеце ўмець усё рабіць - будзеце жыць", - даў наказ ваеннаслужачым Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт на палігоне наведаў стрэльбішча, дзе праходзілі вучэбныя стрэльбы з гранатамёта і аўтаматычнай зброі. Планавалася таксама выканаць вучэбныя стрэльбы з узбраення бронетранспарцёраў, аднак густы туман унёс свае карэктывы. Але і ў ваенны час у гэтых умовах задзейнічаць такую тэхніку было б немэтазгодна, паколькі цэлі не бачны.
"Трэба чакаць тады. Чакайце, праводзьце ў адпаведнасці з планам. Што мы будзем страляць у туман..." - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынікі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў убачыць на свае вочы, наколькі войскі падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў.
"Ну, радасці няшмат, давайце так шчыра гаварыць. Страляюць, бачаць мішэні. Будзем лічыць, што так сабе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хвалююцца, вядома, - Прэзідэнт стаіць за спінай. Я разумею, што хваляванне пэўнае ёсць. Ну, так на так - недзе папалі, недзе прамахнуліся".
Важна адзначыць, што ў стральбе ўдзельнічала не спецыяльна падабраная каманда, а ваеннаслужачыя паводле спісу і незалежна ад тэрміну службы і вопыту.
"Няхай працуюць далей. Мы паглядзім, як тваё жыццё ўскладніць. Мы табе ўскладняць будзем цяпер жыццё. Таму не расслабляйся. Ну а з камбатаў, вядома, шкуру будзем па-мужчынску дзерці", - дадаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Міністра абароны.
Маштабная праверка Узброеных Сіл па даручэнні Прэзідэнта Беларусі пачалася 16 студзеня. Аляксандр Лукашэнка трымае ход праверкі на асабістым кантролі, рэгулярна заслухоўвае даклады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі.


