Наведванне храма ў гонар абраза Божай Маці "Млекакарміцелька"

  • 24
  • 12:43

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў свята Нараджэння Хрыстовага наведаў храм у гонар абраза Божай Маці "Млекакарміцелька" ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна. 

Традыцыйна Кіраўнік дзяржавы запаліў у храме калядную свечку, пагутарыў з прыхаджанамі і свяшчэннікамі. 

"Гэты храм становіцца цэнтрам гэтай краіны ў тым плане, што многія-многія людзі ў гэта светлае добрае свята свае позіркі звяртаюць да Госпада. Знаходзячыся ў гэтым светлым месцы, хачу ўсіх вас (і нашых беларусаў - тых, хто нас пачуе) павіншаваць з гэтым светлым доўгачаканым святам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Беларускі лідар таксама выказаў самыя цёплыя пажаданні ў светлае свята Нараджэння Хрыстовага. "Яшчэ раз жадаю вам здароўя, поспехаў, жывіце ў міры. Часта гавару пра гэта: зрабіце толькі тое, што вы павінны зрабіць на сваім рабочым месцы. Урач у сябе ў бацьніцы, настаўнік у школе, выкладчык у ВНУ, дзяржаўны служачы, свяшчэннаслужыцель на сваіх месцах. І ўсё ў нас будзе нармальна. Усё астатняе за мной. Шчасця, поспехаў, здароўя, радасці, менш засмучэнняў, горычы, асабліва ад вашых дзяцей", - пажадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пасля Нараджэння Хрыстовага заканчваецца пара свят і надыходзяць працоўныя будні. Ён адзначыў, што святы былі мірнымі, добрымі і прайшлі пад мірным небам.

"Нехта, можа, і не адпачываў. Вы ведаеце, што ні мне, ні ваенным у гэты час адпачынку ніякага быць не можа, калі адпачываюць нашы людзі, калі яны расслаблены, больш думаюць пра сябе і сям'ю, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Людзям у пагонах, ды і мне як Галоўнакамандуючаму, у гэты час не да адпачынку. Але нічога страшнага, гэта мы ўсё вытрымаем. А мільёнам і мільёнам беларусаў трэба прымацца за работу". 

"Задачы зразумелы. Мэты вызначаны. Хочам жыць добра - трэба выканаць тое, што мы нядаўна намецілі. Таму - за работу", - сказаў Прэзідэнт. 

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць усё для таго, каб людзі маглі жыць, карміць сябе і сваіх дзяцей. "Пры ўмове, што яны працуюць. Без працы нічога не будзе", - дадаў ён.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь - шматканфесійная краіна. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прадстаўнікоў канфесій з пажаданнямі міру і дабра. "У нас ёсць і іншыя вернікі. І мы як праваслаўныя (самая вялікая канфесія), і я як Прэзідэнт хочам з гэтага храма звярнуцца да іх - католікаў, мусульман, іўдзеяў і іншых маленькіх нашых канфесій - з пажаданнямі міру і дабра. Няхай яны ведаюць, што мы не толькі не забываем, але і добра памятаем пра іх, вельмі да-добраму да іх ставімся", - заявіў ён.

У сувязі з гэтым беларускі лідар нагадаў, у чым заключаецца сутнасць беларускай палітыкі ў адносінах да рэлігійных канфесій. "Кожны чалавек павінен знайсці дарогу да храма. І ніхто гэтаму перашкаджаць не павінен", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы таксама падзякаваў свяшчэннаслужыцелям за тое добрае, што было зроблена ў Беларусі. Гэта датычыцца і захавання міру ў краіне. "Беларусаў нават крытыкавалі: вось, яны ўсё пра мірнае неба! А цяпер як ніколі нашы людзі зразумелі, што такое мірнае неба над галавой. Я ж заўсёды гаварыў, што калі будзе мір, усё астатняе (жартам я гаварыў) мы купім. А каб купіць, мы заробім, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы ўсё зробім самі сваімі рукамі. Галоўнае, каб было ціха, спакойна і мірна. І тое, што сёння мір у нас у краіне, вялікая заслуга нашых свяшчэннаслужыцеляў".

"Апошнім часам вельмі шмат гавораць, вельмі часта, асабліва дзяржаўныя служачыя, ды і, напэўна, нашы свяшчэннаслужыцелі: "За Радзіму, за партыю і гэтак далей!" Ведаеце, я вам скажу проста, нядаўна пра гэта падумаў: за Радзіму ў нас ёсць каму змагацца і ісці наперадзе. Вы, калі ласка, падумайце, пра сваю сям'ю, сваіх дзяцей, пра сваіх любімых. І памятайце, што ў любой складанай сітуацыі вы павінны абараніць менавіта гэтыя святыні ў вашым жыцці. А з усяго гэтага складзецца абарона нашай Радзімы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар копію іконы Божай Маці "Мінская". Арыгінальная ікона была здабыта ў 1500 годзе на водах Свіслачы. З таго часу яна неадлучна знаходзіцца ў горадзе Мінску. Прыхаджане заўсёды ставіліся з глыбокай павагай да святога абраза, здолелі зберагчы яго ў час ганенняў на веру і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1945 годзе ікона Божай Маці была перанесена ў Святадухаўскі кафедральны сабор, дзе і знаходзіцца дагэтуль. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта ікона з'яўляецца галоўнай святыняй Беларусі, дапамагае ў знаходжанні правільнага шляху, дапамагае знайсці яснасць і прыняць правільнае рашэнне ў заблытаных абставінах. "Шмат-шмат разоў я звяртаў вашу ўвагу на тое, што свет сёння вельмі складаны. Заблытаны да немагчымасці. Можа, наша галоўная святыня і дапаможа нам у гэтым цёмным, заблытаным, незразумелым свеце знайсці нейкі правільны шлях. Гэта па-першае", - сказаў Прэзідэнт.

Па-другое, прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы, ікона абараняе, пазбаўляе ад бачных і нябачных ворагаў. "Архіважна! - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму дай бог, каб вам тут і ўсім нам гэта ікона, гэта наша галоўная святыня дапамагала бачыць… Ну, ворагаў у нас, будзем лічыць, няма. А вось, не дай бог, патэнцыяльных нейкіх нашых праціўнікаў мы павінны бачыць. І наша ікона, магчыма, нам дапаможа ў гэтым". 

Акрамя таго, лічыцца, што ікона Божай Маці "Мінская" дорыць спакой і суцяшэнне ў нягодах і клопатах. "Жыццё ёсць жыццё. Як у нас гавораць, жыццё - гэта цяльняшка. І белыя, і цёмныя палосы. Дык вось не заўсёды бываюць белыя палосы. Хоць, трэба сказаць, што Гасподзь нас мілаваў і мы жывём у мірнай краіне. І гэта, зыходзячы з мінулага года, я сказаў бы, гэта белая паласа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас сёння ёсць усё для таго, каб людзі маглі жыць, карміць сябе і сваіх дзяцей. Пры ўмове толькі адной - калі яны працуюць. Без працы нічога не будзе. Таму гэта ікона дорыць нам спакой і суцяшэнне. Настаўляе на розум".

Святыня таксама дапамагае ў выхаванні дзяцей, абараняе іх ад няшчасцяў. "Галоўнае для нас - гэта дзеці. Я часта гавару: мы ўжо нешта пражылі, нешта бачылі. Так, моладзь сёння іншая, дзеці нашы іншыя, чым былі мы. Але ўсё наша жыццё, наша ўвага засяроджаны на дзецях", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён разлічвае, што ікона можа дапамагчы ў выздараўленні дзяцей з хваробамі і ў цэлым наставіць на розум моладзь. "Мы будзем толькі рады. Для нас гэта важна. У нас дастаткова людзей, якім патрэбна дапамога. Няхай пры дакрананні да гэтай іконы чалавек хоць марудна, паступова, але вылечваецца", - пажадаў беларускі лідар. 

"Ікона іконай, але ўсё залежыць ад нас. Ад дзяцей, ад моладзі, ад дарослых. Усё залежыць ад нас. Калі мы будзем свой лёс моцна трымаць у руках, ён (Гасподзь. - Заўвага) заўсёды дапаможа. Перш за ўсё глядзіце за тым, каб вы маглі самім сабе дапамагчы", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту ў час наведвання храма падарылі копію Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай. Напрастольны крыж, выраблены майстрам Лазарам Богшам па заказе Ефрасінні Полацкай, па праву лічыцца адной з асноўных рэлігійных і нацыянальных святынь беларускага народа. Копія крыжа, які падарылі Кіраўніку дзяржавы, выканана ў арыгінальных памерах.

"У мінулым годзе было 900-годдзе Полацкага манастыра. Няхай гэта адноўленая старажытная святыня (размова пра копію крыжа. - Заўвага) будзе вам добрым напамінам аб тым, як клапацілася прападобная Ефрасіння аб прыгажосці нашага народа", - адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Завяршаючы размову з прыхаджанамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады цяперашняму снежнаму надвор’ю: "Малайцы, справіліся людзі. Асабліва Гомельская вобласць, бліжэй да Расіі (да наведвання храма Аляксандр Лукашэнка заслухаў падрабязны даклад старшыні Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага). Там наогул снег вышэй за калена". 

"Ну мы ж так хацелі, і я ў тым ліку Госпада прасіў, каб быў марозік і снег выпаў. Слухайце, ну так і атрымалася. Нават з запасам. Таму я рады, што ў нас снежная нарэшце зіма. Вядома, не тая зіма, што ў нашым дзяцінстве - нас не відаць было з-за гурбы, асабліва ў вёсцы. Але тым не менш сапраўдная зіма. Няхай і жыццё ў вас будзе сапраўдным", - пажадаў Прэзідэнт.