Наведванне Мінскага аэраклуба ДТСААФ

  • 32
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка наведаў вучэбна-спартыўную ўстанову "Мінскі аэраклуб імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца" ДТСААФ.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу ўдакладніў актуальную структуру ДТСААФ і ход выканання задач, якія стаяць перад таварыствам. Цяпер ДТСААФ вырашае шэраг значных для дзяржавы пытанняў. У іх ліку развіццё тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхнічнай творчасці моладзі, патрыятычнае выхаванне грамадзян, падрыхтоўка на дагаворнай аснове спецыялістаў па заказе Мінабароны і іншых дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, а таксама іншыя задачы.

"Значыць, ДТСААФ нам патрэбна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Размова ішла ў тым ліку аб падрыхтоўцы пілотаў. Беларусь захавала і развівае сетку аэраклубаў. Іх усяго пяць. Усё гэта ў значнай ступені садзейнічае якаснай лётнай падрыхтоўцы пілотаў як грамадзянскай, так і ваеннай авіяцыі.

"Добра рыхтуюць ці ёсць недахопы? Пілотаў рыхтуюць нармальна?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр абароны Віктар Хрэнін адказаў: "Дастатковы ўзровень".

Аэраклуб ДТСААФ перабазіраваўся на аэрадром Ліпкі з аэрадрома Баравая ў 2017 годзе пасля будаўніцтва новай вучэбна-матэрыяльнай базы. Ліпкі з'яўляюцца аэрадромам сумеснага базіравання для дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы "АВІЯЦЫЯ" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Мінскага аэраклуба ДТСААФ.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці было гэта рашэнне правільным і наколькі камфортна ДТСААФ і МНС базіравацца на адной пляцоўцы. Старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Андрэй Некрашэвіч запэўніў, што з гэтым няма ніякіх праблем. Больш таго, абодва ведамствы вырашаюць разам пытанні ўсебаковага забеспячэння.

У 2025 годзе на аэрадроме быў пабудаваны спартыўна-патрыятычны цэнтр, у якім ёсць цір, пляцоўка для гульні ў гарадкі, вяровачны гарадок, варкаўт-пляцоўка, комплекс вулічных трэнажораў, пляцоўка для лазертага, страйкбола, пейнтбола і радыёспорту, паласа перашкод, дзіцячыя пляцоўкі і іншае.

"Малайцы, вы хутка перабазіраваліся, прывялі тэрыторыю ў парадак. Хацеў сказаць "па-ваеннаму", але нават у Хрэніна (Міністра абароны Віктара Хрэніна. - Заўвага) такога няма", - ацаніў пляцоўку беларускі лідар.

Акрамя таго, пасля перабазіравання ўвесь авіяцыйны персанал Мінскага аэраклуба на працягу года прайшоў абучэнне па новых відах тэхнікі. Гэта было выкананнем даручэння Кіраўніка дзяржавы па арганізацыі лётнай падрыхтоўкі пілотаў грамадзянскай авіяцыі. Паэтапна была закуплена сучасная тэхніка - аднаматорны самалёт Viper SD4, двухматорны Tecnam, трэнажор для падрыхтоўкі. Такім чынам, у Беларусі ёсць нацыянальная школа падрыхтоўкі грамадзянскіх пілотаў. У мінулым годзе адбыўся першы выпуск дзесяці грамадзянскіх пілотаў.

"У гэтым плане вы малайцы. У расіян таксама няслаба гэта (развіта. - Заўвага), але яны нам зайздросцяць і просяць: "Вы нам пілотаў сваіх дайце". Я гавару: "Нам самім патрэбны пілоты, а вучыцца - калі ласка", - адзначыў беларускі лідар.

Адным з відаў дзейнасці ДТСААФ з'яўляецца падрыхтоўка вадзіцеляў розных катэгорый (амаль 45 тыс. чалавек у год), і гэта прыносіць добры даход. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і сам у свой час навучаўся менавіта ў аўташколе ДТСААФ.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба ўзмацняць якасць падрыхтоўкі будучых вадзіцеляў, паколькі гэта ў першую чаргу пытанне бяспекі на дарогах: "Трэба ўзмацняць падрыхтоўку вадзіцеляў. У нас хто толькі ні ездзіць сёння на аўтамабілі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён выступае за тое, каб магчымасць прайсці навучанне ў аўташколе прадастаўлялася ўсім жадаючым - і мужчынам, і жанчынам. Аднак каб стаць вадзіцелем, трэба валодаць не толькі спецыяльнымі навыкамі, але і прыроднымі данымі: быць уважлівым, сабраным і да т.п.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пэўныя меры трэба прымаць не для таго, каб адсячы, адсеяць як мага больш людзей, а менавіта з акцэнтам на якасць падрыхтоўкі і праверку навыкаў ваджэння.

"Мы гэта ўсведамляем, Аляксандр Рыгоравіч. І тое, што апошнім часам робіцца на дарогах... Мы рэалізуем сумесны праект з ДАІ, Мінтрансам (Міністэрствам транспарту і камунікацый. - Заўвага). Працуе адпаведная камісія для таго, каб выпрацаваць комплекс мер з мэтай павысіць бяспеку на нашых дарогах, - далажыў старшыня ЦС ДТСААФ Андрэй Некрашэвіч. - Наша роля і ўдзел заключаецца ў тым, каб павысіць якасць навучання. Мы не чакаем указанняў зверху".

"У вас усё для гэтага ёсць", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Каб мы дастойных вадзіцеляў рыхтавалі, каб яны маглі на дарогі выязджаць на аўтамабілі, - сказаў Прэзідэнт. - Як бы яны на мяне сёння ні пакрыўдзіліся, калі пачуюць гэты спіч. Яны будуць мне ўдзячныя, таму што жыць жа будуць".

Было даложана, што яшчэ адным напрамкам дзейнасці ДТСААФ з'яўляецца развіццё розных відаў спорту. Спартыўная дзейнасць уключае заняткі па кулявой і практычнай стральбе, пейнтболе, страйкболе, лазертагу, аўтамабільным, матацыклетным, падводным, парашутным, самалётным і многіх іншых відах спорту.

Прэзідэнт у час знаходжання ў аэраклубе ДТСААФ наведаў павільён "Космас", дзе прадстаўлены ў тым ліку асабістыя рэчы беларускіх касманаўтаў і Юрыя Гагарына. Асабліва зацікавіў Аляксандра Лукашэнку спускальны апарат касмічнага карабля "Саюз". У музеі ёсць асабістыя рэчы і часткі экіпіроўкі касманаўтаў Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай.

Аб унікальных гістарычных экспанатах расказала Наталля Гагарына - пляменніца Юрыя Аляксеевіча. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза яна прыехала вучыцца ў Мінск і скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Цяпер пляменніца першага касманаўта працуе намеснікам начальніка па міжнародным супрацоўніцтве і сувязях са СМІ Мінскага аэраклуба ДТСААФ.

Цікавая дэталь з біяграфіі Юрыя Гагарына: у свой час першы касманаўт займаўся ў Саратаўскім абласным аэраклубе ДТСААФ СССР. Такім чынам, у аэраклубаў ёсць непасрэдная сувязь з касманаўтыкай. А да палёту ў космас Юрый Гагарын атрымаў спецыяльнасць ліцейшчыка. Адна з мадэлей самалётаў, адлітых ім, захоўваецца ў павільёне "Космас" на базе Мінскага аэраклуба ДТСААФ. Пра гэтыя і іншыя эпізоды жыцця Юрыя Гагарына Кіраўніку дзяржавы падрабязна расказала пляменніца касманаўта.

Аляксандру Лукашэнку пры наведванні Мінскага аэраклуба ДТСААФ прадэманстравалі магчымасці сучасных дронаў і навыкі іх аператараў.

Дрон-рэйсінг - адзін з новых напрамкаў дзейнасці для ДТСААФ, але ён вельмі актыўна развіваецца. За мінулы год па краіне адкрыта 15 секцый. Вучэбныя класы па дрон-рэйсінгу аснашчаны сучасным абсталяваннем, у тым ліку камп'ютэрнымі трэнажорамі з джойсцікамі для асваення базавых навыкаў пілатавання і "куб" - спецыяльна абсталяваная прастора для практычных палётаў на пачатковым этапе навучання, які забяспечвае бяспеку аператара і захаванасць дрона.

У гэтым высакаскорасным відзе спорту пілоты кіруюць квадракоптарамі ад першай асобы праз спецыяльныя акуляры, пераадольваючы складаную паласу перашкод на высокіх скарасцях. Тут для аператара вельмі важна дакладнасць кіравання дронам на вялікай скорасці, якая, як далажылі Прэзідэнту, дасягае амаль 200 км/гадз. Яны могуць філігранна манеўраваць, аблятаючы розныя перашкоды, нават у замкнёнай прасторы. Выкарыстоўваюцца квадракоптары розных памераў і грузападымальнасці - ад самых маленькіх і практычна бязгучных да вялікіх. Яны маюць шырокі спектр прымянення як у мірных, так і ў ваенных мэтах.

Развіваючы новы напрамак, ДТСААФ вучыць не толькі кіраваць дронамі, але і збіраць іх, праводзіць рамонт. Прэзідэнта запэўнілі, што ДТСААФ можа разгарнуць падрыхтоўку аператараў дронаў у любой кропцы краіны. За мінулы год яны падрыхтавалі прыкладна 250 аператараў.

Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў Музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам. Тут прадстаўлена больш за 50 экспанатаў, у тым ліку знішчальныя, франтавыя, бамбардзіровачныя, пасажырскія, ваенна-транспартныя, лёгкія двухмесныя мнагамэтавыя самалёты, а таксама верталёты і наземны катапультны трэнажор.

Дарэчы, сярод экспанатаў музея ёсць і борт № 1. Размова пра Ту-154, на якім беларускі лідар раней лятаў у замежныя камандзіроўкі. Менавіта на гэтым самалёце Аляксандр Лукашэнка ў 1999 годзе вылецеў у Югаславію, якая падпала пад бамбёжкі з боку сіл НАТА, каб падтрымаць Прэзідэнта Слабадана Мілошавіча. Кіраўнік беларускай дзяржавы стаў адзіным замежным лідарам, які наведаў гэту краіну ў разгар бамбардзіровак.

У час наведвання аэраклуба Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з пілотамі грамадзянскай і ваеннай авіяцыі, якія праходзяць там абучэнне. Камандзір авіяцыйнага атрада ААТ "Авіякампанія "Белавія" Алег Салтоўскі, які таксама пілатуе борт № 1, прадставіў Кіраўніку дзяржавы першы выпуск пілотаў грамадзянскай авіяцыі з 8 чалавек. "Поспехаў вам. Слухайцеся яго, ён у самалётах нядрэнна разбіраецца", - не без гумару адзначыў Прэзідэнт.

"А гэта наша верталётная будучыня", - сказаў ён, звяртаючыся да курсантаў 3-га курса авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі, якія цяпер праходзяць практыку ў аэраклубе ДТСААФ. Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў ім поспехаў у далейшай службе. Размова зайшла і пра сетку аэраклубаў таварыства ў краіне. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці перанесці такі клуб у Магілёве на іншую пляцоўку - побач з тэрыторыяй цяперашняга аэрапорта. Прэзідэнту далажылі, што работы ў гэтым напрамку вядуцца.

Асобна дэманстраваліся парашутныя сістэмы рознага прызначэння - для пачынаючых, для дакладнасці прызямлення і скорасныя для індывідуальнай акрабатыкі ў паветры. Усе яны - беларускай вытворчасці, вырабляюцца ў Віцебску (акрамя прыбораў для страхоўкі).

Сярод відаў дзейнасці ДТСААФ таксама і развіццё тэхнічных відаў спорту на базе дзіцяча-юнацкіх школ і спартыўных комплексаў: скораснай радыётэлеграфіі, мотабола, падводнага плавання, кулявой стральбы. Створаны магчымасці для заняткаў авіяцыйнымі і ваенна-прыкладнымі відамі спорту, аўтамабільнымі трэкавымі гонкамі, рознымі дысцыплінамі матацыклетнага спорту, пейнтболам. "У стралковы спорт трэба было б вам укласціся па-сапраўднаму, каб алімпійскія чэмпіёны ў нас былі", - арыентаваў Прэзідэнт.

На завяршэнне візіту Кіраўніку дзяржавы падарылі мадэль легендарнага самалёта АН-2. Уручалі падарунак Паліна Уласава з каманды Беларусі па парашутным спорце, якая нядаўна стала чэмпіёнам на Кубку ДТСААФ СНД, і Ганна Бяляева - неаднаразовая пераможца спаборніцтваў па скораснай радыётэлеграфіі, чэмпіёнка свету. "Мы ганарымся, што такіх выхавалі", - сказаў старшыня ЦС ДТСААФ.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аб такіх значных дасягненнях беларускіх спартсменаў недастаткова гаворыцца ў публічным полі: "Чамусьці народ аб гэтым не ведае. Трэба, каб яны больш бачылі". Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба таксама больш цаніць такія перамогі на нацыянальным узроўні і належным чынам ушаноўваць спартсменаў такіх відаў спорту - магчыма, не такіх масавых, як іншыя. "А тое мы чэмпіёнаў свету нейкіх узнагароджваем, бегаем вакол хакейнага "Дынама-Мінск"... А сапраўдных чэмпіёнак, асабліва дзяўчат, у Год жанчыны... Гэта недапрацоўка ваенных. Пераможцы - яны павінны ў вас таксама гучаць", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.