Наведванне цэнтра падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў

  • 22
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня наведаў цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці.

"Вы вызначыліся, якія нам беспілотнікі патрэбны, якія мы будзем вырабляць?" - такое першае пытанне ад Прэзідэнта прагучала пасля прыбыцця ў цэнтр.

Начальнік генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь Павел Муравейка далажыў аб прызначэнні, складзе і структуры беспілотнай авіяцыі Узброеных Сіл.

Паводле яго слоў, ва Узброеных Сілах цяпер актыўна ўдасканальваецца сістэма беспілотнай авіяцыі. "У агульнай структуры Узброеных Сіл у якасці самастойнага кампанента спецыяльных войскаў створаны войскі беспілотных авіяцыйных комплексаў. На гэтыя войскі ўскладзены задачы па вядзенні паветранай разведкі, нанясенні агнявога паражэння праціўніку, навядзенні і карэкціроўцы агню, выкананні забеспячальных функцый у інтарэсах іншых спецыяльных войскаў", - сказаў Павел Муравейка.

Кіраўнік дзяржавы паглядзеў дэманстрацыю практычных навыкаў праходжання спецыялізаванай трасы аператарамі FPV-дронаў. Гэтым займаюцца аператары дронаў пасля абучэння на камп'ютарным трэнажоры.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, як наладжана процідзеянне сродкам радыёэлектроннай барацьбы. Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб адпаведных аспектах.

"Гэта добра, што ў нас такія хлопцы (падрыхтаваныя аператары дронаў. - Заўвага). Ад гэтага нікуды не дзенешся. Ім работа ёсць сур'ёзная, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я бачу, моладзь імкнецца да таго, каб запусціць гэты дрон. Моладзі гэта падабаецца. І гэта добра. Мы сярод моладзі можам шмат знайсці такіх юнакоў, якіх трэба падрыхтаваць, і яны будуць лятаць".

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што застаюцца запатрабаванымі і іншыя віды ўзбраенняў: "У Беларусі мясцовасць паскладаней, чым ва Украіне (стэп адкрыты). Гэта таксама вялікая розніца. Мы можам прымяняць іншыя віды Узброеных Сіл. Як я гаварыў, гранатамётчыкі, кулямётчыкі, аўтаматчыкі нікуды не сыходзяць. Гэта наша галоўная зброя. Чалавек з ружжом - гэта галоўнае. А гэта (дроны. - Заўвага) - дзе дазволіць мясцовасць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што занадта гэтым напрамкам таксама не трэба захапляцца, у тым ліку арыентавацца на існуючыя сродкі і патрэбнасці. "Галоўнае - не захапляцца. Заўсёды трэба мець галаву на плячах і разумець, што мы можам, што не можам, ці  магчыма гэта. Трэба вызначыць, што нам трэба і ў якім аб'ёме", - сказаў ён.

"Стварыць добры дрон - тры або чатыры тыпы - гэта трэба, будзем рабіць. Але вы павінны падказаць нам, якія яны павінны быць і што трэба рабіць", - звярнуўся Прэзідэнт да спецыялістаў.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з абсталяваннем цэха вытворчасці, зборкі і рамонту беспілотных авіяцыйных комплексаў, а таксама вытворчым працэсам.

Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры беспілотных авіяцыйных комплексаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні ў беларускай арміі. Некаторыя з мадэлей былі спраектаваны і сабраны непасрэдна беларускімі ваеннаслужачымі - байцамі атрадаў беспілотных авіяцыйных комплексаў. Гэта, так сказаць, аўтарскія распрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з ваеннаслужачымі і падкрэсліў, што такіх "кулібіных" трэба заахвочваць у абавязковым парадку.

"Апошняя распрацоўка - гравітацыйны зачэп для эвакуацыі беспілотніка, які згубілі, або для дастаўкі вады, боепрыпасаў, дробнай правізіі", - прадставілі Прэзідэнту мадэрнізаваную версію дрона.

"Малайчына хлопец! Галоўная задача, як я вам гавару, задача - каб не вохкалі, не ахкалі: "Вось ён пойдзе, а што далей?" Каб за ім дзясятак такіх жа стаялі. І за гэта яго заахвочваць, плаціць, рабіць для яго ўсё, што трэба. Таму дзякуй. Заахвочвайце такіх людзей. Такіх трэба бачыць", - пахваліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку таксама прадэманстравалі перспектыўныя беларускія распрацоўкі і беспілотнікі, якія вырабляюцца на замежных прадпрыемствах. Асобная ўвага была ўдзелена сродкам барацьбы з беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі.

Важнае патрабаванне Прэзідэнта - забяспечыць якасць тэхнікі, якая вырабляецца. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на ўзбраенне неабходна браць толькі лепшыя мадэлі.

У час мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка паглядзеў варыянты экіпіроўкі ваеннаслужачых сродкамі індывідуальнай бронеабароны, аптычнымі прыборамі назірання, ахоўнымі акулярамі, гарнітурамі абароны слыху і іншымі ўзорамі ўзбраення.

"Гэта трэба вырабляць", - згадзіўся Галоўнакамандуючы.

Потым Кіраўніку дзяржавы паказалі практычны розыгрыш баявога прымянення БЛА. У час першага эпізоду былі прадэманстраваны дзеянні штурмавой групы сумесна з аператарамі беспілотных авіяцыйных комплексаў. Пасля было разыграна вядзенне контрбатарэйнай барацьбы з выкарыстаннем беспілотнікаў.

Далей пад кіраўніцтвам Прэзідэнта адбылася выязная нарада па пытаннях развіцця вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў і бронекамізэлек.

"Мы сабраліся, каб абмеркаваць стан і перспектывы забеспячэння нашых Узброеных Сіл беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, індывідуальнай бронеабароны ваеннаслужачых. На прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі мы ўсе бачым, з аднаго боку, эфектыўнасць прымянення беспілотнікаў, з другога - складанасць барацьбы з імі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўдарныя і разведвальныя комплексы развіваюцца вельмі дынамічна. Для кіравання імі выкарыстоўваюцца ўсё больш дасканалыя і абароненыя спосабы. "Таму важнейшая задача для нас - актыўнае развіццё сродкаў радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнай авіяцыяй", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Такім чынам, мы павінны вызначыцца: беспілотныя лятальныя комплексы, апараты (што гэта такое, мы бачылі; для чаго прызначаны, мы таксама ўбачылі) - якія будзем вырабляць. Іх мноства ўжо. Калі не сотні, то дзясяткі дакладна. Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі, зыходзячы з нашых магчымасцей, што будзем вырабляць? Як будзем змагацца супраць беспілотных лятальных комплексаў - гэта тэма два. Як мне заўсёды дакладваюць, яна бліжэй да нас, мы тут можам больш, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Вядома, пажадана мець бы такую цуда-машыну, якая працавала б па ўсіх беспілотніках і пазбаўляла іх магчымасці выконваць свае функцыі. Калі мы такое вынайдзем, тады нам не патрэбны ніякія беспілотнікі".

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што любая сучасная зброя можа эфектыўна прымяняцца толькі пры належнай індывідуальнай абароне салдата на полі бою. Бронекамізэлькі, шлемы і іншая баявая амуніцыя павінны быць надзейнымі, лёгкімі і ў той жа час зручнымі.

"У свой час мною ставілася задача, каб мы выраблялі дастатковую колькасць бронекамізэлек, каб забяспечыць Узброеныя Сілы Беларусі і ў тым ліку для рэалізацыі на экспарт. Мы таксама павінны вызначыць, што мы можам, якія бронекамізэлькі будзем вырабляць, якую абарону забяспечым нашым салдатам на полі бою, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Зразумела, гэта запатрабуе навуковага падыходу, можа быць у поўнай меры зроблена толькі з выкарыстаннем высакаякасных матэрыялаў. Без гэтага таксама немагчыма. Што мы можам у гэтым плане? Што не можам? Як будзем тут дзейнічаць?"

Самае галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, каб дзяржава не патраціла грошы ўпустую. "Вы разумееце, што грошы патрэбны і для вытворчасці прадуктаў харчавання, адзення. Пенсіянерам трэба плаціць, ды і ваеннаслужачым трэба ў гэтай пяцігодцы (нават за тры гады) поўнасцю вырашыць праблему забеспячэння жыллём. Усюды патрэбны грошы".

Паводле яго слоў, у пытанні развіцця сферы беспілотнікаў неабходна дзейнічаць акуратна і ўзважана, лічачы грошы. "Якія будзем вырабляць? Мы добра ўсе разумеем - сёння вырабілі, заўтра яны ўстарэлі. Увесь час патрэбна мадэрнізацыя. Вы разумееце, што мадэрнізацыя - гэта таксама немалыя грошы. Таму ў якім аб'ёме мы можам гэта рабіць?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што для Беларусі па вышэй названых прычынах не рацыянальна ісці па шляху буйных краін, якія вырабляюць вялікую колькасць розных дронаў. "Але беспілотнікі патрэбны. Можа, нам пайсці шляхам стварэння базавых трох - чатырох (тыпаў беспілотнікаў. - Заўвага) і іх з часам, калі трэба, мадэрнізаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму давайце па-гаспадарску вызначымся, як будзем жыць далей, як дзейнічаць".

Прэзідэнт папрасіў далажыць аб планах па развіцці гэтай сферы з улікам падыходаў у мірны, ваенны час, а таксама на перспектыву: "І, як я вас папярэдзіў ужо, ад зямлі. Давайце будзем дакладна разумець: гэта - можна, гэта - нельга". 

Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў, што не трэба з улікам папулярнасці цяпер тэмы беспілотнікаў залішне рабіць акцэнт толькі на гэтым напрамку, паколькі важна развіваць і іншыя віды ўзбраенняў. Ды і вырашэнне бытавых пытанняў ваеннаслужачых таксама патрабуе сродкаў: "І боепрыпасы, і ракеты нам трэба ўдасканаліць, і шмат іншага. І бытавыя пытанні. Усе хочуць жыць у сваёй уласнай кватэры. На ўсё гэта патрэбны грошы. Давайце гэта ўсё ўлічваць па-зямному". 

Больш таго, не выключана, што з цягам часу актуальнасць беспілотнікаў можа знізіцца. "Мы сёння ўсе захоплены: "Ах, беспілотнікі, ах, беспілотнікі!" - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, нагадаў Прэзідэнт, яшчэ 7-10 гадоў таму ваенныя гаварылі аб неабходнасці закупкі іншых тыпаў узбраення, самалётаў. "Сёння гавораць, што не танкі і не БМП вырашаюць пытанні, можа, не ракеты - беспілотнікі. Добра, што тады не ўлезлі ў гэту шалёную мільярдную праграму рэканструкцыі ўзбраення. Не паспяшаліся, не ўлезлі. Сёння аказалася, што не столькі трэба танкаў, БМП. Гавораць, на пярэднім краі (у ходзе баявых дзеянняў. - Заўвага) іх ужо няма, усё вырашаюць беспілотнікі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Ці не атрымаецца так, што з часам зноў будзем вохкаць і ахкаць: "Беспілотнікі, убухалі столькі грошай, а яны аказаліся не тое  што зусім не патрэбнымі (яны патрэбны будуць доўгі час, а можа, і заўсёды), але аказаліся не зусім той зброяй, на якую мы разлічвалі. Таму трэба прадугледжваць абсалютна ўсе варыянты".

Перад нарадай Міністэрства абароны, Нацыянальная акадэмія навук і абаронная прамысловасць прадставілі існуючыя ўзоры ўзбраення і паказалі, як у арміі рыхтуюць адпаведных спецыялістаў.

"Цяпер абмяркуем перспектывы далейшых крокаў па развіцці адпаведных напрамкаў у мэтах умацавання абараназдольнасці і бяспекі войскаў. Ад выступоўцаў хачу пачуць даклады пра бягучы стан вытворчасці, магчымасці па распрацоўцы, стварэнні новых інавацыйных відаў акрэсленай прадукцыі, праблемныя пытанні і, самае галоўнае, прапановы па вырашэнні гэтых праблем. У тым ліку аб мерах, якія прымаюцца па зніжэнні залежнасці ад імпарту камплектуючых, забеспячэнні неабходных тэмпаў серыйнага выпуску", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.