Даклад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка

  • 6
  • 9:10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 мая прыняў з дакладам старшыню Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка.

Вітаючы Кіраўніка дзяржавы, Пётр Пархомчык перш за ўсё павіншаваў яго з Днём пагранічніка, да якога Аляксандр Лукашэнка, як вядома, мае непасрэднае дачыненне.

"І цябе таксама, паколькі ты на граніцы (размова пра геаграфічнае размяшчэнне Брэсцкай вобласці ў цэлым і горада Брэста ў прыватнасці. - Заўвага). Таму таксама пагранічнік", - адрэагаваў беларускі лідар.

"Я запытаў інфармацыю па Брэсцкай вобласці. Усё, што добра, тое добра", - адзначыў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка асобна вылучыў сферу транспарту і лагістыкі: "Што там за праблемы і якія праблемы можна ў гэтым плане прад'явіць Брэсцкай вобласці? Мяне інфармуюць, што ў цябе там не ўсё добра. Ільготныя ўмовы мы там прадастаўлялі для закупкі аўтамабіляў, па-мойму, іх перавозчыкам. Зразумела, мы чакаем вынікі пэўныя".

Што датычыцца сферы сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт адзначыў, што Брэсцкая вобласць займае першае месца ў краіне з тэмпам росту 104%. "Многа гэта ці мала, якія рэзервы? - пацікавіўся беларускі лідар. - Удой там значны на карову. Я гэта прымаю да ведама, але заўсёды стаўлюся спакойна да ўдояў, таму што ведаю, як можна зрабіць удой меншы ці большы. Усе гэтыя хітрасці я ведаю. Але я не папракаю Брэсцкую вобласць. Таму што з усімі рознымі хітрасцямі 8 тыс. кг у год на карову даіць - гэта добры вынік".

"Нібыта, і падзяжу амаль няма ў цябе там", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Падзеж ёсць, але скарацілі да ўзроўню мінулага года", - далажыў Пётр Пархомчык.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым папярэдзіў: "Будзе вельмі жорсткая размова наконт падзяжу жывёлы ў гэтым годзе. Вось, Віцебскую вобласць мы правяралі: ветурачы замест таго, каб лячыць, вельмі інтэнсіўна займаліся тым, як утаіць гэты падзеж".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ўтаіць такія факты немагчыма, паколькі ў гэтым плане вельмі просты падлік. "Таму тут будзе размова вельмі сур'ёзная і прынцыповая. Таму што захавай мы ўсё пагалоўе, мелі б і добры вынік", - сказаў ён.

"Вельмі шмат размоў. Асабліва пасля нарады ў Прэзідэнта Расіі, дзе ён там пажартаваў наконт бульбы. Але для нас гэта вельмі сур'ёзнае пытанне. У якім плане? Чаго-чаго, але бульбу мы вырошчваць умеем. Трэба вырасціць столькі, каб хапіла нам і Расіі", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба дапамагчы братам расіянам. І потым, гэта ж не дабрачыннасць. Гэта і добрыя грошы, добрыя цэны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што попыт на бульбу будзе, таксама ўлічваючы негатыўны ўплыў замаразкаў на пасевы ў суседзяў.

Аналагічныя даручэнні дадзены і адносна іншай агародніны: "Буракі, капуста, морква і цыбуля. Вынік - стабілізацыйныя фонды. Сёння думай аб тым, дзе будзеш захоўваць з запасам усю гэту плодаагароднінную прадукцыю".

"Па яблыках, напэўна, гэты год будзе не вельмі ўраджайны. Яблыкі будуць, але не столькі, колькі мы хацелі. Ужо сёння трэба думаць. Ва ўрадзе я даручаў. Калі трэба будзе закупіць, дзе будзем закупляць яблыкі? Для таго, каб і пакласці іх на захоўванне і закупіць, магчыма, у міжсезонне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асобна закрануў тэму прамысловасці, нагадаўшы, што Пётр Пархомчык, які мае багаты вопыт у гэтай сферы, якраз і накіроўваўся ў гэты рэгіён, каб разабрацца ў адпаведных пытаннях.

"Добрая дынаміка", - далажыў кіраўнік рэгіёна.

"Ну, дынаміку ты можаш забяспечыць. Але каб у нас не было асобных прадпрыемстваў, якія дрэнна працуюць. Таму прамысловасць для нас вельмі важна. Але асобна - гэта суднабудаванне і авіяцыя. Ты быў віцэ-прэм'ерам (у свой час. - Заўвага), ведаеш гэту тэму. Расіяне, дзякуй ім, малайцы, прапанавалі нам добры кавалак у авіябудаванні і суднабудаванні - рамонт суднаў і іншае, іншае. Маламерных, невялікіх. Недзе пад Гомелем - у Мазыры і ў Пінску рамонтная база была. Ну, нібыта, нам гэта не трэба (было. - Заўвага), не марская дзяржава, нешта парэзалі, нешта на металалом здалі. Калі ёсць аб'ёмы работ - людзі яшчэ засталіся, трэба падумаць аб тым, каб мы пачыналі работы і ў гэтым плане з якіх-небудзь напрамкаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Пётр Пархомчык добра ведае адпаведныя пытанні, таму што сам пачынаў работу ў гэтым напрамку, працуючы ва Урадзе: "І па "Асвеі" (распрацоўваемы расійска-беларускі самалёт. - Заўвага), і па авіяцыі ваеннай. Нам трэба сур'ёзна гэтай справай займацца".

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што з удзелам Пятра Пархомчыка ў свой час былі пачаты многія праекты ў сферы абароннай прамысловасці. "Хацелася, каб ты не адыходзіў - там, дзе патрэбна твая дапамога і падтрымка", - даручыў ён.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы пракаменціраваў падыходы да напаўнення праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся.

"Праграма па Прыпяцкім Палессі. Бачу, што вы там з Міхаілам Іванавічам Русым (сенатар і ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Брэсцкай вобласці. - Заўвага), карыстаючыся тым, што прасі больш - дадуць менш, або па нейкім прынцыпе, праграму гэту склалі так, што нам трэба будзе тры мільярды долараў. Калі тры мільярды, то вы павінны прапісаць, дзе вы возьмеце гэтыя грошы. Калі вы думаеце, што вось яны зверху зваляцца або з рэспубліканскага бюджэту, - гэта памылка. Таму трэба думаць, што мы там павінны зрабіць. І мінімізаваць затраты. Але гэта праграма сур'ёзная. Над ёй мы будзем працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў аглядзе СМІ прачытаў артыкул, у якім размова ішла аб вырошчванні агуркоў у цяпліцах на поўдні Беларусі: "Як гэтыя бедныя (фермеры. - Заўвага), асабліва ў цябе на Палессі, паляць у печках па начах для таго, каб у парніках у цяпліцах атрымаць прадукцыю. Дровы кожныя 40 хвілін там падкідваюць і іншае".

"Я падумаў: а пелеты. Мы ж на тыдзень іх загружаем (у кацёл. - Заўвага). Печку гэту паставіў - кацёл - на тыдзень засыпаў або на 10 дзён і забыў. Прыйшоў, паглядзеў тэмпературу..." - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пётр Пархомчык заўважыў, што тэмпературу можна нават рэгуляваць са смартфона.

"Нават калі і без, які фермер не зойдзе не паглядзіць? Трэба паспрабаваць. Вось маленькі кацёл паставіць на цяплічку. А можа, і на дзве. Там жа ад аднаго катла можна падключыць ацяпленне і на дзве, і на тры, і на вялікую цяпліцу. Трэба паспрабаваць. І нашым фермерам з Пінскага раёна, іншых прапанаваць гэты варыянт. Можа, нават недзе па крэдытах дапамагчы, каб яны разгарнуліся", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Пётр Пархомчык у час даклада паведаміў, што Брэсцкі рэгіён добра завяршыў мінулы год і выканаў усе пастаўленыя Урадам задачы. Дынаміка па валавым рэгіянальным прадукце станоўчая і захоўваецца такой па ўсіх напрамках. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то тут ёсць некаторая насцярожанасць з-за замаразкаў, якія прайшлі па Брэсцкай вобласці некалькімі хвалямі і ўнеслі сур'ёзныя карэктывы ў работу аграрыяў.

Прэзідэнт асобна пацікавіўся сітуацыяй у прамысловасці, спытаўшы, ці ёсць нейкія моманты, якія насцярожваюць.

На гэта Пётр Пархомчык прадставіў Кіраўніку дзяржавы дакумент, падрыхтаваны па даручэнні Прэзідэнта, - праграму развіцця прамысловасці Брэсцкай вобласці на перыяд да 2030 года. У ёй, паводле слоў кіраўніка рэгіёна, адлюстраваны ўсе інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў Брэсцкай вобласці. Гэта дае магчымасць убачыць рэальны стан спраў у прамысловасці рэгіёна і ацаніць перспектывы. А яны вельмі абнадзейлівыя, перакананы Пётр Пархомчык.

Паводле яго слоў, да абазначанага перыяду заработная плата павінна вырасці ўдвая. "Мы адчуваем, што зарплата да 2030 года будзе ў межах Br4,6 тыс., - сказаў ён. - Выручка на аднаго работніка вырасце да Br490 тыс."

Прэзідэнт крытычна заўважыў, што не заўсёды такія аптымістычныя прагнозы атрымліваюць рэалізацыю на практыцы. Старшыня аблвыканкама запэўніў, што абазначаныя планы разлічаны на аснове канкрэтных пілотных праектаў, якія ўжо рэалізуюцца ў рэгіёне і прафінансаваны на 30-50%. "Гэта значыць, мы на стадыі завяршэння гэтых праектаў і чакаем вынікі", - растлумачыў ён.

Агульны аб'ём інвестыцый, прадугледжаных праграмай, дасягае амаль Br5 млрд. Па меры неабходнасці праграма будзе дапаўняцца новымі праектамі і ідэямі. Асаблівая ўвага па даручэнні Кіраўніка дзяржавы будзе ўдзелена сферам суднабудавання, уключаючы вытворчасць уласнага рачнога флоту - грузавога, пасажырскага і турыстычнага, а таксама авіябудавання.

Асноўныя праекты, на якія робіць стаўку рэгіён, - два індустрыяльныя паркі - у Баранавічах і Пінску. У гэтым годзе завершыцца першы этап будаўніцтва абодвух паркаў, будуць выкананы будаўніча-мантажныя работы, падключаны неабходныя камунікацыі. Усяго работы падзелены на чатыры этапы, кожны з якіх разлічаны прыкладна на год. Да пляцоўкі ў Баранавічах ужо праяўляюць інтарэс прадстаўнікі бізнесу.

У якасці прыкладу Пётр Пархомчык прывёў вытворчасць тэхнікі кампаніі "Мідэа" ў Баранавічах. Напярэдадні запушчана вытворчасць халадзільнікаў, выраблена партыя з 2 тыс. штук, прызначаных для рынкаў Казахстана і Расіі. "Попыт на халадзільнікі, якія мы плануем выпускаць, ёсць, аб'ём будзем даводзіць да 850 тыс.", - адзначыў кіраўнік рэгіёна. Пры рэалізацыі гэтага праекта ў Беларусь прыцягнута $28,8 млн прамых замежных інвестыцый, завезена ўнікальнае тэхналагічнае абсталяванне, якое дае магчымасць на месцы вырабляць кампаненты для халадзільнікаў. Пры гэтым рэалізацыя праекта заняла кароткі перыяд часу. Як адзначыў старшыня аблвыканкама, за сем месяцаў удалося вярнуць да жыцця 60 тыс. кв.м вытворчых плошчаў, якія доўгі час выкарыстоўваліся неэфектыўна.

"Гэта прадпрыемства прадугледжвае маштабную лакалізацыю ўсіх кампанентаў, г.зн. усё, што неабходна для вытворчасці халадзільнікаў, павінна вырабляцца на пляцоўцы ў Баранавічах", - падкрэсліў Пётр Пархомчык. Паводле яго слоў, аналагічны падыход прымяняецца пры падборы і іншых праектаў - каб лакалізацыя ў Беларусі была максімальнай.