Падпісаны Указ аб арганізацыі ўступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі ў 2021 годзе

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 красавіка падпісаў Указ № 155 "Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі ў 2021 годзе".

    У адпаведнасці з дакументам створана дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2021 годзе, а таксама вызначаны яе паўнамоцтвы.

    У склад камісіі ўключаны члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і работнікі кантралюючых органаў. Старшынёй камісіі назначаны Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

    Асноўныя задачы камісіі - забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і прадастаўленне абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, кантроль за падрыхтоўкай і правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, іншых форм уступных іспытаў, прыняцце мер па ўстараненні парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе арганізацыю і правядзенне прыёму абітурыентаў, а таксама прыём грамадзян па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.