Падпісаны Указ аб разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях учынення імі правапарушэнняў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў Указ № 25 "Аб разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях учынення імі правапарушэнняў".
Указам прадугледжваецца ўтварэнне камісіі, упаўнаважанай на разгляд адпаведных зваротаў. У яе склад уключаны кіраўнікі дзяржаўных органаў, парламентарыі і прадстаўнікі грамадскіх структур. Старшынёй будзе з'яўляцца Генеральны пракурор Беларусі.
У камісію маюць права звярнуцца жадаючыя вярнуцца на радзіму грамадзяне Беларусі, якія ўчынілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага Указа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай накіраванасці, апасаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваім магчымым дачыненнем да ўчынення такіх правапарушэнняў, злачынстваў.
Адпаведныя звароты могуць быць накіраваны грамадзянамі ў тэрмін да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з прыкладаннем неабходных дакументаў.
Пры гэтым названыя асобы павінны раскаяцца ва ўчыненым і праінфармаваць камісію аб гатоўнасці пасля вяртання папрасіць публічна прабачэння, кампенсаваць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.
Па выніках разгляду зваротаў грамадзяне будуць інфармавацца аб наяўнасці або адсутнасці ў дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, узбуджанай крымінальнай справы, а таксама аб магчымасці іх спынення ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам. Гэтыя рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі.
Пасля гэтага грамадзяне абавязаны прыбыць у краіну не пазней за тры месяцы з даты накіравання камісіяй адпаведнага паведамлення. Пры невыкананні гэтага патрабавання рашэнне камісіі страчвае сілу.
Адначасова Указам прадугледжваецца гарантыя аб тым, што прыняцце любых працэсуальных рашэнняў адносна прыбыўшых грамадзян магчыма выключна са згоды Генеральнага пракурора або асобы, якая выконвае яго абавязкі.