Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 20
- 3
Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу.
На афіцыйную частку перагавораў у Канстанцінаўскі палац кіраўнікі дзяржаў прыехалі разам і без гальштукаў, што надало сустрэчы пэўны нефармальны тон.
"У пачатку размовы я хацеў бы адзначыць, што ўсе нашы планы рэалізуюцца, прычым нават лепшымі тэмпамі, чым мы з вамі чакалі", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Ён адзначыў добры стан эканомік дзвюх краін, чаканы эканамічны рост па выніках года, паўнацэнную рэалізацыю планаў на прадмет будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, салідны тавараабарот і іншыя поспехі сумеснай работы. "Таму ўсё ў нас рухаецца як мінімум, сціпла скажам, здавальняюча. Пагаворым, вядома, і аб пытаннях бяспекі ў рэгіёне. Спадзяюся, што ў нас сёння і заўтра яшчэ будзе магчымасць у нефармальнай абстаноўцы ўсё гэта абмеркаваць, вельмі падрабязна і грунтоўна", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім уступным слове закрануў многія пытанні, уключаючы ход спецыяльнай ваеннай аперацыі, адсутнасць вынікаў ад контрнаступлення УСУ, узмацненне ваеннай актыўнасці НАТА ў Польшчы. Яшчэ адна важная тэма - планы па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.
"За дзень мы не ўкладзёмся. Таму заўтра ў нас яшчэ пойдзе час. Я так разумею, што вы знойдзеце час, каб мы паразмаўлялі", - удакладніў у калегі Прэзідэнт Беларусі.
"Вядома. Я некаторыя планы свае змяніў. Мы з вамі спакойна паўтара-два дні можам правесці", - пацвердзіў Уладзімір Пуцін.
"Выдатна! За паўтара дня мы гэтыя пытанні ўтрасём, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму нічога тут надзвычайнага няма. Мы даўно запланавалі і сустракаемся. Трэба будзе - у любы час, як мы заўсёды гаворым, сустрэнемся і абмяркуем нашы тактычныя і стратэгічныя пытанні".
Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы падрабязна выказаўся наконт бягучай ваенна-палітычнай абстаноўкі.
"Учора няпросты быў дзень. Гэта паводле нашых даных. Вы потым таксама скажаце сваё меркаванне. Вельмі складаны быў дзень. На шчасце, так добра скончыўся. Паводле нашых даных, больш за 15 "Леапардаў" (танкі нямецкай вытворчасці. - Заўвага) знішчана і больш за 20 "Брэдлі" (баявая машына пяхоты ЗША. - Заўвага) за адзін бой. Такога, па-мойму, ніколі не было, каб замежных", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Там з таго боку дзейнічалі падраздзяленні, поўнасцю ўкамплектаваныя замежнай тэхнікай", - адзначыў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што знішчэнне такой колькасці тэхнікі сведчыць і пра вялікія страты ў асабовым складзе Узброеных сіл Украіны: "Можна прыкінуць, на жаль, колькі загінула салдат там з боку УСУ, калі столькі тэхнікі знішчана. Я гэта ведаю, таму што на бранятэхніцы мне давялося служыць афіцэрам у свой час. Таму я разумею, што такое знішчыць столькі БМП і, галоўнае, хвалёных гэтых "Леапардаў".
Прэзідэнт Беларусі прывёў даныя ацэнак ЗША, якія сведчаць аб незваротных стратах УСУ ў памеры 26 тыс. чалавек з часу пачатку контрнаступлення.
"Больш", - адрэагаваў Уладзімір Пуцін.
"Гэта ўжо цяпер больш. Ну вось яны тыдзень таму ацэньвалі больш як 26 тысяч. З 4 чэрвеня (з пачатку контрнаступлення. - Заўвага). Я іх запісаў даныя", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Нават больш", - сцвярджальна сказаў расійскі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Учарашні дзень паказвае, што вайну даводзіцца весці супраць усяго блока НАТА. Узбраенне іх, наёмнікаў падключылі ўжо нямала. І, што немалаважна, чаму ўчарашні дзень важны, - падключаюць асноўныя стратэгічныя рэзервы. Гэта сведчыць аб тым, што бяздумная гэта палітыка - кідаць непадрыхтаваных людзей і наёмнікаў у пекла - ні да чаго не прывядзе".
Уладзімір Пуцін у час сустрэчы заўважыў, што замежныя наёмнікі таксама нясуць значныя страты.
"Вялікія. З-за сваёй тактыкі", - пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
"З-за сваёй неразумнасці", - удакладніў расійскі лідар.
"Яны ж кучкамі ходзяць", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што грамадскасць краін, урады якіх цяпер пасылаюць людзей у зону баявых дзеянняў, таксама павінна ведаць аб тым, што адбываецца. "І мы будзем даводзіць гэта да людзей, каб яны давалі ацэнку дзеянням сваіх правіцеляў", - сказаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы на сустрэчы канстатаваў, што контрнаступлення з боку ўкраінскіх сіл няма.
"Не, яно ёсць. Проста яно правалена", - заўважыў на гэта Прэзідэнт Расіі.
"Правалілася. Вынікаў няма, - пацвердзіў беларускі лідар. - Што далей? Яны, гэта вы вельмі трапна сказалі нядаўна, пачалі падключаць Польшчу. І актыўна падключаюць наёмнікаў. Я спецыяльна прывёз вам карту аб перакідцы Узброеных сіл Польшчы да граніц Саюзнай дзяржавы, аб чым вы гаварылі. Мы бачым - рыхтуецца глеба. Дапусцім, адна з брыгад месца сваё знайшла за 40 км ад Брэста. Стаялі кіламетраў за 500, перакінулі на 40 км. Карту я пакажу. Мы гэта ўсё бачым. І крыху больш за 100 км ад Гродна - другая брыгада перакідваецца. Дывізія ў іх, але пакуль брыгады падышлі. Адкрылі яны рамонт "Леапардаў" - палякі на сваёй тэрыторыі. І Жэшаў актывізуецца - аэрадром, куды амерыканцы перакідваюць тэхніку і іншыя".
Гаворачы пра ваеннае ўзмацненне ў Польшчы і перакідку значных сіл да граніц Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта краіна хоча нешта атрымаць узамен і ставіць гэта пытанне.
"Ясна - грошы, узбраенне. Гэта зразумела. Але цяпер, вы таксама адзначылі гэта, вельмі шмат размоў "па частках прыняць Украіну ў НАТА". Што за гэтым стаіць? Гэта дымавая заслона, - сказаў Прэзідэнт. - Адарваць гэты кавалак заходняй Украіны. Гэта пад выглядам прыняцця ў НАТА, каб насельніцтву зайшло. Яны хочуць адхапіць заходнюю Украіну і далучыць да Польшчы. Гэта плата за актыўны ўдзел палякаў у гэтай аперацыі супраць войскаў Расійскай Федэрацыі. Амерыканцамі гэта падтрымліваецца".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лідары Беларусі і Расіі бачылі гэта паўгода таму і папярэдне абмяркоўвалі магчымасць такога развіцця падзей. "Для нас гэта недапушчальна. Адрыў заходняй Украіны, расчляненне Украіны і перадача зямель Польшчы непрымальны. І, калі патрэбна будзе заходняму насельніцтву Украіны, мы, вядома, будзем іх падтрымліваць. Я прашу, каб вы абмеркавалі і прадумалі гэта пытанне. Зразумела, я хацеў бы, каб у гэтым плане вы нас падтрымалі. Калі такая будзе падтрымка, і заходняя Украіна папросіць гэтай дапамогі, мы, вядома, будзем аказваць заходняму насельніцтву ва Украіне дапамогу і падтрымку. Калі так будзе, мы будзем іх падтрымліваць усякім чынам", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Таму што мы з захаду можам зведать - прыбалты і палякі - уплыў іх ваенны. І атрымаецца, што і з поўдня. Саюзная дзяржава ўсё роўна, як вы сказалі, нам давядзецца абараняцца. Таму такія падыходы непрымальныя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што бакі маюць намер усяляк процідзейнічаць такому развіццю падзей. "І я прашу, каб вы таксама глядзелі гэта пытанне ў сябе ў плане нашай падтрымкі па заходняй Украіне", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да свайго расійскага калегі.
Аляксандр Лукашэнка ў тэму размовы расказаў аб жаданні байцоў ПВК "Вагнер" "схадзіць на экскурсію" ў Варшаву і Жэшаў: "Можа, і не трэба было гаварыць. Але скажу, што нас пачалі "напружваць" вагнераўцы. Просяцца на захад: "Дазвольце нам!" Я кажу: "Вам навошта на захад туды?" Ну і цішком… Мы ж кантралюем, што адбываецца. - "Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў".
"А Жэшаў для іх непрымальны. Калі яны ваявалі пад Арцёмаўскам, яны ж ведаюць, адкуль ішла ваенная тэхніка. У іх вось гэта ўнутры сядзіць: Жэшаў - гэта бяда. Вядома, я трымаю іх у цэнтры Беларусі, як дамовіліся. Не хацелася б туды іх перадыслацыраваць. Таму што іх настрой дрэнны. І, трэба аддаць належнае, яны ведаюць, што адбываецца вакол Саюзнай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка ў пратакольнай частцы перагавораў падзякаваў свайму калегу за яго нядаўнюю заяву аб гарантыях бяспекі беларускаму боку: "Проста хачу вам сказаць дзякуй. Вы наогул першы ў Расіі чалавек, які аб гэтым сказаў адкрыта, выразна і зразумела. Не дай бог агрэсія супраць Беларусі - гэта як супраць Расіі. Мы гэта ўлічваем у будаўніцтве нашых Узброеных Сіл".
Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам дзвюх краін прадумаць адпаведны план на перспектыву. "Сутнасць - апора на ўласныя сілы. Не будзем мы прагінацца ні пад каго. Мазгоў хапае. Рэсурсаў больш, чым дастаткова. І трэба выбудаваць план развіцця нашай Айчыны. Як я гавару: дзве дзяржавы, адна Айчына. І мы гэта можам зрабіць. Але асноўныя сілы тут - у Расіі - з даўніх часоў. І калі нашы ўрады выпрацуюць такі план, гэта будзе нядрэнна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"І нават калі крыху ў нас будзе горш, людзі нас зразумеюць і падтрымаюць. Таму што яны будуць бачыць святло ў канцы тунэля", - упэўнены беларускі лідар.
Больш таго, краіны пачалі працаваць ужо ў гэтым напрамку, развіваючы супрацоўніцтва ў тым ліку ў такіх сферах, як мікраэлектроніка, космас, сельская гаспадарка. "І ўсюды мы бачым добрыя расткі. Дык трэба гэта ў план аб'яднаць, адказных назначыць. І на гэтым мы выканаем сваю работу стратэгічна", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Эканоміка - гэта аснова. Будзе эканоміка - усё астатняе мы вырашым", - упэўнены беларускі лідар.
Пасля афіцыйнай часткі перагавораў прэзідэнты разам наведалі славутыя мясціны ў Кранштаце. Спачатку яны прыехалі ў музейна-гістарычны парк "Востраў фартоў", агледзелі экспазіцыю Музея ваенна-марской славы. Яшчэ адным пунктам сумеснай нефармальнай праграмы прэзідэнтаў стала наведванне ў Кранштаце Стаўрапігіяльнага Мікольскага марскога сабора, вядомага таксама як Марскі сабор свяціцеля Мікалая Цудатворца. Гэты храм быў пабудаваны больш як сто гадоў таму і цяпер лічыцца галоўным храмам Ваенна-марскога флоту Расіі. Там жа, у Кранштаце, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пагутарылі з мясцовымі жыхарамі і турыстамі, якія зрабілі з імі памятныя фатаграфіі.