Перагаворы з намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам
- 1
Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб'яднанне і стабільнасць у Еўропе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 сакавіка на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам.
"Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі шмат залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (Еўрапейскім саюзам). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на аб'яднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучым ніколі гэтых праблем вам ствараць не будзем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за шматполюсны свет і захаванне Еўрапейскага саюза. "Еўрасаюз - гэта магутнейшы полюс разам з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі саюз - гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне - быць бядзе. Таму ўсе нашы "брэксіты" і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю, - растлумачыў Прэзідэнт. - Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі саюз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя (хаця і асабістая), гэта пазіцыя зыходзіць з міжнародных дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апор, тым устойлівей сістэма. Таму я прыхільнік Еўрапейскага саюза".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з'яўляецца праціўнікам двайных стандартаў, якія часам можна заўважыць у дзейнасці ЕС. "Таму я хацеў бы, каб Еўрапейскі саюз адпавядаў тым дэкларацыям, якія ён прапануе ўсяму свету: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць, - заявіў беларускі лідар. - Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адзін да аднаго. Трэба, калі ў вас ёсць вопыт, прапаноўваць і перадаваць яго. Мы гатовы вучыцца. Але прашу, майце на ўвазе адно: для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць".
Што датычыцца развіцця двухбаковага супрацоўніцтва з Бельгіяй, Беларусь гатова развіваць яго па ўсіх напрамках. "Нават пры нашым тавараабароце (больш як $300 млн) гэта вельмі невялікія інвестыцыі. Я не скажу, што мы пакутуем ад недахопу інвестыцый, не, але мы хацелі б, каб разам з інвестыцыямі з Кітая, Расіі, іншых краін былі і бельгійскія. Мы хочам дыверсіфікаваць сваю інвестыцыйную дзейнасць. І калі ў вас ёсць такое жаданне, мы будзем гэтаму садзейнічаць, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Былі б рады, калі б бельгійскі ўрад падтрымліваў сваіх інвестараў або хаця б нам падказваў, што вось з гэтым інвестарам можна працаваць. Для нас самае галоўнае - знайсці правільнага, добрага, сумленнага інвестара. Таму мы гатовы ў гэтым плане з вамі працаваць".
У сваю чаргу намеснік прэм'ер-міністра - міністр замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі расказаў, што ў яго дзяржаве з вялікім інтарэсам сочаць за развіццём эканомікі ў Беларусі і гатовы нарошчваць узаемадзеянне па розных напрамках.
Ён канстатаваў, што Беларусь усё часцей становіцца ўдзельніцай маштабных міжнародных працэсаў. А дзякуючы пазітыўным працэсам і рэформам, якія былі праведзены ў рэспубліцы, удалося істотна рушыць наперад у пашырэнні супрацоўніцтва па лініі Беларусь-ЕС. "Мы бачым Беларусь як краіну, якая садзейнічае дыялогу", - падкрэсліў Дзідзье Рэйндэрс.