Пасланне ў адказ Прэзідэнту Кыргызстана Садыру Жапараву

    Дзейнасць Садружнасці Незалежных Дзяржаў набывае асаблівае значэнне для кансалідацыі намаганняў у імя ўмацавання рэгіянальнай бяспекі. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні ў адказ Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнту Кыргызстана Садыру Жапараву. 

    "Паважаны Садыр Нургажоевіч, дзякую Вам за пасланне і цёплыя віншаванні ў сувязі з 30-годдзем з дня падпісання Статута Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Цалкам падзяляю Ваш пункт гледжання, што Садружнасць адбылася як прадстаўнічае інтэграцыйнае аб'яднанне на постсавецкай прасторы, якое адыгрывае значную ролю ў развіцці дыялогу паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі на аснове іх гістарычнай агульнасці. У цяперашні няпросты час дзейнасць аб'яднання набывае асаблівае значэнне для кансалідацыі намаганняў у імя ўмацавання рэгіянальнай бяспекі, міру і эканамічнай стабільнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

    Прэзідэнт выказаў перакананне, што ў год старшынства Кыргызстана сумесная работа стане важкім укладам у далейшае ўмацаванне СНД, павышэнне дабрабыту ўсіх народаў Садружнасці. 

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў Садыру Жапараву добрага здароўя, шчасця і поспехаў у стваральнай працы, а ўсім жыхарам Кыргызстана - працвітання і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.