Навагодні баль у Палацы Незалежнасці
- 27
- 18:57
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 снежня прыняў удзел у Навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасці.
Яго ўдзельнікамі ў гэтым годзе сталі 335 прадстаўнікоў адоранай і таленавітай моладзі, у тым ліку студэнты, курсанты, навучэнцы, якія заахвочаны спецыяльнымі фондамі Прэзідэнта, уладальнікі стыпендый Прэзідэнта, удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ, пераможцы і лаўрэаты творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, маладзёжных праектаў, дыпламанты міжнародных канферэнцый, прадстаўнікі валанцёрскага руху і спартыўнай галіны.
На балі ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі Прэзідэнт Беларусі, а таксама кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, міністэрстваў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з наказам да ўдзельнікаў навагодняга балю: "Шмат сказана - на Усебеларускім народным сходзе, іншых мерапрыемствах: год, пяцігодка. А што датычыцца сённяшняга моманту - гэта час канкрэтных спраў. Вы зрабілі цудоўную справу. Вы выдатна вучыцеся. Вы - паспяховыя людзі. Гэта ваш фундамент на будучыню. Але наперадзе ў вас вельмі шмат канкрэтных спраў. І, паўтаруся, гэтыя справы заўсёды рабіце своечасова. Ніякіх натацый. Проста мая парада. Таму што прыйдуць новыя клопаты, новыя справы, а вы не зрабілі старыя. Усё гэта захлісне і застанецца цяжкім багажом і ў спадчыну ўсім вам. Таму рабіце ўсё своечасова".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што студэнцкія гады - гэта для многіх складаныя і цяжкія часы, таму што менавіта ў гэтыя гады закладваецца фундамент на ўсё жыццё. "Таму дзейнічайце канкрэтнымі справамі", - заклікаў беларускі лідар.
Ён пажадаў, каб для ўдзельнікаў балю гэта мерапрыемства стала не толькі яркай падзеяй, але і месцам, дзе яны знойдуць новых сяброў або свае другія палавінкі на будучае жыццё: "Я вельмі хачу, каб вы - таленавітыя, разумныя - знайшлі тут такіх жа таленавітых і разумных сяброў. Калі атрымаецца - на ўсё жыццё. Буду толькі рады. Жадаю вам сёння добрага настрою, поспехаў у гэты вечар. Танцуйце, любіце, усміхайцеся!"
Гаворачы аб правядзенні балю, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час нарадзілася традыцыя праводзіць такія мерапрыемствы. А наяўнасць традыцый - прыкмета суверэннай і незалежнай краіны.
Прэзідэнт падкрэсліў, што традыцыйны навагодні баль у Беларусі ў выніку атрымаўся нават лепшы і больш маштабны за знакамітыя венскія балі.
"У канцы года заўсёды падводзім вынікі. У тым ліку і тут. Тут няма выпадковых людзей. Кожная дэталь прадумана, - падкрэсліў беларускі лідар. - Тут людзі, якія дасягнулі сваіх поспехаў у вучобе, навуцы, культуры, спорце. І абавязкова самыя прыгожыя".
Паводле яго слоў, адзінае, была спрэчка, ці прызначаць зноў цяперашняга Міністра культуры Руслана Чарнецкага танцмайстрам на балі. "Але паколькі ён вялікі прафесіянал і знаток усяго гэтага, я згадзіўся з тым, што няхай Міністр культуры і ў далейшым (як гэта было раней, калі ён не быў Міністрам культуры) вядзе і арганізоўвае гэты цудоўны баль", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Класічную частку балю адкрываў паланэз у выкананні дэбютантаў. Гэты танец вызначаецца асаблівай урачыстасцю і лічыцца неад'емнай часткай усіх знакамітых баляў. Для юнакоў і дзяўчат, якія доўгія дні рыхтаваліся да гэтай цудоўнай падзеі, гэта самы хвалюючы момант - да іх прыкавана ўся ўвага, яны пачынаюць баль, напаўняючы ззяючую прастору Палаца Незалежнасці прыгажосцю і плаўнымі танцавальнымі рухамі пад гукі знакамітага "Паланэза" П.І.Чайкоўскага з оперы "Яўген Анегін".
Прадоўжыў праграму балю самы прыгожы танец - вальс. Услед за словамі танцмайстра "Вальсуюць усе!", і дэбютанты, і ганаровыя госці ўсталі са сваіх месцаў і запоўнілі вялізную прастору Залы ўрачыстых цырымоній. Традыцыйна на балі вальсаваў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Следам за класічнай праграмай пачалася адвольная частка балю, з больш знаёмымі сучаснымі матывамі і кампазіцыямі. Атмасфера ў зале змянілася са строгай і ўрачыстай на больш свабодную, з'явілася магчымасць для імправізацый. І прадстаўнікі маладога пакалення адразу ўлавілі момант, каб сярод танцуючых падысці бліжэй да Кіраўніка дзяржавы, папрасіць зрабіць сумеснае фота або проста паціснуць руку. Прэзідэнт з цеплынёй паразмаўляў з моладдзю, перш чым пакінуць залу.
Пасля заканчэння балю ўсім яго ўдзельнікам уручылі навагоднія падарункі ад Кіраўніка дзяржавы.


