Другі дзень пасяджэння VII УНС. Разгляд праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады

  • 26
  • 2

Другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі, Старшыні УНС Аляксандра Лукашэнкі адбылося 19 снежня.

Асноўнае пытанне другога дня пасяджэння УНС - разгляд Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады.

"На пасяджэнні сёння зарэгістравалася 1137 дэлегатаў. Наш сход правамоцны. На парадку дня вельмі важнае пытанне. Сумнае, можа, у нейкай ступені нецікавае. Ну, такая эканоміка. Як адзін класік гаварыў: "Я зайздрошчу тым народам, якія жывуць у гэтай сумнай, нецікавай абстаноўцы", - сказаў на адкрыцці пасяджэння беларускі лідар. - Час вельмі хутка мяняецца, як я ўчора гаварыў. Калі вельмі вострая сітуацыя. Не дай бог вайна. Таму лепш будзем сумаваць і планаваць нашы дзеянні эканамічныя, каб народу было крыху лягчэй жыць".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што да пасяджэння УНС яму былі прапанаваны два праекты праграмы. І ў другім праекце было запісана, што па ходзе праграма можа карэкціравацца. Аднак катэгарычна супраць гэтага пункта выступіў Намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец, і беларускі лідар падтрымаў гэту пазіцыю.

"Калі УНС зацвердзіў праграму - гэта закон. Праграма - гэта закон. Ні кропкі, ні літары, ні коскі змяняцца не павінны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, за кожным напрамкам у праграме зацверджаны службовыя асобы. "Трэба выконваць закон. Не выканаў - адказвай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да дэлегатаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе яны загадзя мелі магчымасць вывучыць і прапрацаваць праект праграмы. "Я разумею, што сярод дэлегатаў шмат людзей, якія ўпершыню сутыкаюцца з такімі праблемамі. Але быць дэлегатам - справа складаная. І часам даводзіцца не проста займацца арыфметыкай, а акунацца ў некаторыя праблемы эканомікі. Але мы ж дэлегаты. Нікуды ад гэтага не адыдзеш. У гэтым і сутнасць нашай работы", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі трэба, абапіраючыся на напрацаваныя вопыт і кампетэнцыі, больш глыбока развіваць існуючыя напрамкі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, нічога асаблівага пры гэтым не выдумляючы. "У нас ёсць пэўныя напрамкі развіцця. Калісьці на іх ніхто не звяртаў увагі, ці нехта за мяжой не звяртаў увагі. Сёння не толькі ў нашай брацкай Расіі - гэта наш адзіны рынак, можна сказаць і так, - усе зразумелі, што ў нас у савецкія часы былі створаны цудоўныя школы, спецыялісты, кампетэнцыі, як цяпер модна гаварыць. Чаго нам у Беларусі выдумляць? Попыт на сельскую гаспадарку ёсць? Ёсць. Трэба развіваць", - сказаў Прэзідэнт.

Аналагічны падыход - па сацыяльнай сферы, уключаючы адукацыю і ахову здароўя. "Мы ўсё плакаліся: трэба будаваць гэта, трэба бальніцы, паліклінікі... Мы будзем іх будаваць - ад ФАПа да РНПЦ, будзем ствараць. Але мы ніколі не думалі, як на Захадзе звычайна бывае, аб тым, што на гэтым жа (трэба. - Заўвага) зарабляць грошы. І мы пачалі зарабляць грошы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ўсіх навучалі, ганарыліся гэтым. Але таксама зразумелі, што на адукацыі можна зарабляць грошы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што за год краіна атрымлівае больш за $100 млн ад экспарту адукацыйных паслуг.

"Гэта значыць, на ўсім трэба зарабляць, асабліва калі ёсць попыт на наша", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Яшчэ адзін прыклад ад Кіраўніка дзяржавы датычыўся сферы сельскай гаспадаркі. Цяпер многія краіны, у тым ліку Афрыкі і Азіі, вельмі зацікаўлены ў забеспячэнні харчовай бяспекі і гатовы за грошы набываць беларускія тэхніку і тэхналогіі. "У нас ёсць не толькі тэхналогіі, кампетэнцыі і кадры, але ёсць і тэхніка для таго, каб гэта рабіць. Чаго выдумляць? Давайце будзем паглыбляцца ў гэтым плане", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым ключы будзе прадаўжацца механізаванне і рабатызацыя ў АПК. "Нам трэба абавязкова (і мы гэта зробім у наступным годзе) зрабіць свой робат для даення кароў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра будучае развіццё сельскай гаспадаркі ў краіне, асабліва адзначыў заслугі аднаго з удзельнікаў УНС - механізатара прадпрыемства "Кухчыцы" Паўла Шуцілу, які ў час сёлетняй уборачнай кампаніі намалаціў 8 тыс. т збожжа, што з'яўляецца абсалютным рэкордам у краіне. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў той час, калі ён кіраваў сельгаспрадпрыемствам, там збіралі каля 3-4 тыс. т збожжавых. А тут адзін чалавек намалаціў 8 тыс. т!

"Тут хлопец - герой - сядзіць. Восем з лішнім тысяч тон намалаціў!" - сказаў Прэзідэнт. Заслугам механізатара апладзіравала ўся зала.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Павел Шуціла і іншыя, падобныя да яго спецыялісты, - гераічныя людзі. Але значную ролю ў тым, каб іх подзвіг стаў магчымым, адыграла развіццё механізацыі сельскай гаспадаркі за кошт уласнай вытворчасці, айчыннай тэхнікі, у тым ліку збожжаўборачнай.

Прэзідэнт спыніўся і на такой сферы, як авіябудаванне. "Я настойваю на тым, што і новыя вытворчасці патрэбны. Калі нацыя хоча развівацца, трэба не проста паглыбляць вытворчасці там, дзе мы нешта ўмеем, але і ствараць новыя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Нешта мы ўмеем рабіць, таму што ажыццяўлялі рамонт самалётаў - і грамадзянскіх, і ваенных".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час было прынята рашэнне па пераносе з Мінска завода грамадзянскай авіяцыі на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск. "Вынеслі авіярамонтнае гэта прадпрыемства. Гэта першая чарга. Сёння мы гатовы яго пашыраць і мы спатрэбіліся. Калі спецыялісты з Расіі прыехалі, дзе авіябудаванне на высокім узроўні, яны ахнулі. Паглядзелі: "У вас (у Беларусі. - Заўвага) спецыялісты ёсць, у вас класныя вытворчасці - вам крыху трэба для таго, каб вырабляць самалёты", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах, дзе рамантавалі і выраблялі "некаторыя часткі" для ваенных самалётаў. "Давайце возьмем, гавару, гэтыя два заводы і будзем будаваць свае самалёты разам з расіянамі. Ні адна краіна - нават Кітай, напэўна, і ЗША - не будуе самалёты ў адзіночку", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў Расіі не хапае сярэднемагістральных і малых самалётаў, якія запатрабаваны сотнямі і тысячамі. "Мы рамантавалі ваенныя, грамадзянскія самалёты. Давайце будзем цяпер будаваць гэтыя самалёты", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт расказаў, што Беларусь у бліжэйшыя гады ўдасканаліць РСЗА "Паланэз". Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, гэта неабходна зрабіць з улікам развіцця ў тым ліку сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. "Сітуацыя вельмі змянілася. Сродкі радыёэлектроннай барацьбы вельмі магутныя. Нам трэба гэту ракету засцерагчы, каб яна была яшчэ больш дакладнай, каб яна ў фортачку залятала, як я некалі гаварыў. У бліжэйшыя гады мы атрымаем больш удасканалены "Паланэз", але мы павінны самі гэта вырабляць. Мы свой "Паланэз" - апошнія варыянты - зрабілі самі. Калі ўмеем рабіць, трэба яго ўдасканальваць. Гэта наша тэма - засцерагчы ракету ад уздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы", - адзначыў ён.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт указаў на неабходнасць далейшага развіцця ракетнай вытворчасці ў Беларусі. "Стратэгічныя ракеты нам не патрэбны. У нашага галоўнага саюзніка (Расіі. - Заўвага) і ў нашага сябра - Кітайскай Народнай Рэспублікі - такія ракеты ёсць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не давядзі гасподзь дакрануцца да чырвонай кнопкі гэтых ракет - гэта сусветная вайна. Пасля гэтай вайны наўрад ці планета застанецца на арбіце. Зброя стрымлівання. А вось ракеты малой і сярэдняй далёкасці мы, вядома, ствараем, і прыкладам гэтага з'яўляецца "Паланэз".

"Аб ракетабудаванні было тут сказана. Нікуды не дзенемся - абараназдольнасць павінна быць. Сёе-тое мы ўжо навучыліся рабіць у ракетабудаванні. Вось мы гаворым: "Арэшнік", "Арэшнік"... Я неяк увагі не звяртаў, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін мне сказаў: "Ты хоць ведаеш, што "Арэшнік" - гэта большая палавіна беларускай вытворчасці". Кажу: "Ды бог з табой, першы раз чую", - адзначыў беларускі лідар.

"Аказваецца, толькі ракета - складанае тэхнічнае збудаванне - гэта расійская вытворчасць. Усё астатняе - беларускае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаўся аб далейшым развіцці ракетнай вытворчасці ў Беларусі. "Нам патрэбна ракета. Яна ёсць, гэта ракета, у расіян. Вядома, "Арэшнік" мы ствараць не будзем. Вельмі дорага. Маглі б гэта зрабіць з расіянамі. Тым больш я сустракаўся і з канструктарамі, якія забяспечваюць у тым ліку і стратэгічны шчыт для Расійскай Федэрацыі. Нашы людзі, размаўляем на адной мове, разумеем адзін аднаго. Адзін з іх нават у нас ядзерны патэнцыял у савецкія часы - называўся праект "Піянер" - выбудоўваў. І з таго часу Беларусь яму падабаецца. Ён з задавальненнем працуе і шмат дапамагаў (у тым, каб. - Заўвага) пазіцыйны раён стварыць для "Арэшніка", - расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка спыніўся і на такім адносна новым напрамку, як вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў. Пры гэтым, падкрэсліў ён, БПЛА выкарыстоўваюцца не толькі для вайны. "У свеце гэты напрамак працуе ўжо. Вы думаеце, гэта нам не трэба будзе? Можа, сёння не актуальна, але заўтра, мы бачым, будзе актуальна. Трэба своечасова пачынаць гэту работу", - упэўнены ён.

Кіраўнік дзяржавы ў час пасяджэння адказаў на чуткі аб лакацыі "Арэшніка" ў Беларусі.

"Сёння прачытаў, што нашы ачумелыя там, за мяжой, заявілі, што недзе ў раёне Слуцка мы размясцілі "Арэшнік". Не хачу гаварыць дзе і не скажу. Але гэта поўная брахня. Ні ў якім Слуцку мы "Арэшнік" не размяшчалі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Размясцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта гаварыць не буду. Хоць з цягам часу гэта тайнай і не будзе. Такі пазіцыйны раён стварыць за кароткі прамежак часу (або працяглы)... Ён тайнай не будзе".

"Я чытаю і ўсміхаюся! Многія людзі ведаюць і разумеюць, што гэта не так. Але толькі б ляпнуць у сродках масавай інфармацыі. Паўстае пытанне: навошта амерыканцы або еўрапейцы цяпер ім грошы плацяць? Яны ж нічога не ведаюць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У час пасяджэння Прэзідэнт гаварыў аб падтрымцы моладзі: "Будзем моладзь падтрымліваць. Хто хоча працаваць і зарабляць, - мы на гэта ні грошай, ні часу не пашкадуем. Але тых (будзем падтрымліваць. - Заўвага), хто хоча працаваць". 

"Нам трэба акуратна, не адштурхоўваючы моладзь, прыстасоўваць яе да працы. Калі чалавек панюхае, што такое праца, ён будзе патрыётам і нармальным чалавекам. Ён ніколі не пабяжыць, як нашы збеглыя пабеглі, не падумаўшы. А потым сутыкнуліся з сапраўднай рэчаіснасцю", - сказаў Прэзідэнт. 

"Да моладзі трэба ставіцца нармальна. Моладзь павінна расці ў працы, у пераадоленні тых праблем, якія ў нас сёння ёсць. Калі моладзь будзе так расці і выхоўвацца, 2020-х гадоў у нас не будзе, - упэўнены Прэзідэнт. - Як толькі ў іх з'явіліся дзеці - зусім іншая моладзь. Таму ўся ўвага пераносіцца на дзяцей. Таму моладзь моладзі не роўная. Ёсць людзі, якія хапнулі лёгкага жыцця і думаюць, што ў інтэрнэце расце бульба і яблык. А ёсць людзі, якія на зуб паспыталі гэту працу. І нам трэба гадаваць такую моладзь, так яе трэба выхоўваць".

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што акуратна ўзяў адпаведны нахіл у падыходах да маладзёжнай палітыкі. Я паціху пачынаю спрабаваць зрушваць вас у гэты бок. Але акуратна. Таму што ў грамадстве хуткія рашэнні не патрэбны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба з моладдзю размаўляць адкрыта. Не трэба іх падманваць, што мы створым для іх райскія ўмовы. Вялікая колькасць ёсць моладзі, якія самі ствараюць для сябе ўмовы. Ім трэба толькі дапамагаць". 

"Ніхто пасля вайны не плакаў, не выў, не завываў і ніхто не пераварочваў канстытуцыйны лад. І Захад нават не спрабаваў сюды ўлазіць. Таму што людзі перажылі такую вайну. Людзі працавалі і нараджалі (пасля вайны. - Заўвага). Нават па дзевяць дзяцей было шмат сем'яў. І ніхто не прасіў ні мацярынскага капіталу, нічога. Таму што людзі перажылі ў голадзе і холадзе такую вайну. І пасля вайны было не лягчэй гадоў 10. І нікому ў галаву не лезлі нейкія перавароты", - нагадаў аб гісторыі Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаўся на тэму размеркавання спецыялістаў.

"Думайце і не крыўдуйце потым на дзяржаву. Чаму вы пазбаўляеце мяне (ад імя дзяржавы. - Заўвага) права падрыхтаваць студэнтаў, спецыялістаў і накіраваць іх туды, куды мне гэта патрэбна?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што і ён, і большасць дэлегатаў УНС у свой час накіроўваліся па размеркаванні пасля атрымання адукацыі ў навучальных установах. "І там змагайцеся, працуйце, выходзьце наверх, калі ў вас будуць амбіцыі і жаданне. Будзем вас падтрымліваць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што і далей у Беларусі будуць размяркоўваць студэнтаў, якія скончылі ВНУ. "Каб не трапіць у лік тых, хто размяркоўваецца, вы думайце, перш чым паступаць у ВНУ", - сказаў ён. Яшчэ адзін варыянт - вучыцца платна, як гэта робяць замежныя студэнты.

Прэзідэнт даў параду маладым людзям, якія заканчваюць сярэднюю школу, і асабліва іх бацькам: "Перш чым прымаць рашэнне ісці ў тую ці іншую ВНУ, трэба разумець, каго гэта ВНУ рыхтуе і для чаго. Калі вам не падабаецца, што вы будзеце размеркаваны туды, куды трэба ўласніку прадпрыемства (гаворка ў тым ліку пра мэтавую падрыхтоўку. - Заўвага), вы туды не хадзіце, вы загадзя павінны вызначыцца".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ВНУ рыхтуюць спецыялістаў перш за ўсё для патрэб краіны. Няважна, дзяржаўныя яны ці прыватныя. Што датычыцца прыватных, Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтай сферы засталіся працаваць толькі тыя, хто вытрымаў канкурэнцыю, бо ў 1990-я гады "яны выраслі як грыбы". "І кот, і сабака, і пацук маглі атрымаць адукацыю. А тое і не наведваць, а проста купіць (дыплом. - Заўвага)", - заўважыў беларускі лідар.

"Было пастаўлена пытанне. Прыватныя ВНУ душыць не будзем. Але калі яны вытрымаюць канкурэнцыю з дзяржаўнымі. Крытыкаваў хто толькі мог. Але мы гэта вытрымалі і сёння пераканаліся, што мы мелі рацыю. ВНУ дзяржаўныя, выкладчыкі і калектывы ствараліся гадамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт на пасяджэнні УНС нагадаў аб неабходнасці выконваць лічбавую бяспеку і арыентаваў на распрацоўку ўласных тэхналогій па апрацоўцы і захоўванні даных.

Асабліва важна прытрымлівацца правіл лічбавай бяспекі, напрыклад, прадстаўнікам прамысловых прадпрыемстваў. "Прамысловы шпіянаж нікуды не дзеўся", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. Аналагічным чынам цікавасць з боку іншых краін ёсць да інфармацыі з розных устройстваў вышэйшых службовых асоб, прадстаўнікоў дзяржорганаў і, вядома, да любой інфармацыі, звязанай з Кіраўніком дзяржавы. І тут Аляксандр Лукашэнка прывёў асабісты прыклад. 

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што нядаўна, другі раз на працягу гэтага года яго асабіста папярэдзіла контрразведка Расіі аб тым, што асобныя тэлефоны людзей з акружэння Прэзідэнта - на кантролі ў ЗША. Гэту інфармацыю пацвердзілі і дапоўнілі ў КДБ і ААЦ. "Цікавасць вялізная", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

"Таму нам трэба стварыць... Добра, тэлефон мы можам купіць любы. Можа, і не трэба на гэта грошы траціць. Але праграмнае забеспячэнне і захоўванне ўсіх гэтых размоў, скажам так, тут павінна быць", - дадаў ён.

І ў гэтым плане ў Беларусі ёсць прыклады паспяховага імпартазамяшчэння, асабліва пасля таго, як заходнія кампаніі пайшлі з беларускага і расійскага рынкаў, заўважыў Прэзідэнт. Напрыклад, амерыканцы кінулі сетку хуткага харчавання "Макдональдс", і многія "завылі: што будзем рабіць?". З'явіліся і жадаючыя заняць гэту нішу з іншых дзяржаў. Але Прэзідэнт паставіў задачу аператыўна з гэтым разабрацца: "Макдональдс" павінен быць не горшы за амерыканскі, але беларускі". "Я ўсё збіраюся туды схадзіць, ні разу не быў там, але хачу схадзіць паглядзець. Спецыяліст ёсць, наш прыватнік, які гэтым заняўся. Гаворыць: усё наша, акрамя нейкай булачкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пайшоў "Макдональдс" - рухнулі? Не". Больш таго, гэта сетка запатрабавана, асабліва сярод маладога пакалення, і яны, магчыма, самі таго не ўсведамляючы, падтрымліваюць ужо ўласную, айчынную вытворчасць, спажываюць беларускую прадукцыю. 

"І яны заходзяць туды, ядуць. Не горш, кажуць, чым было. Але ганарацца тым, што гэта - наша. Дык чаму мы тут (у сферы высокіх тэхналогій. - Заўвага) нічога не можам зрабіць? Навошта я тады Парк высокіх тэхналогій ствараў? Можам зрабіць, я ўпэўнены. І мы гэта ў наступнай пяцігодцы павінны зрабіць. Каб людзі карысталіся мабільнай сувяззю, не перажываючы аб тым, што нехта ў Канадзе або ў Амерыцы нешта пачытае... Гэта наша задача", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Разам з тым Прэзідэнт папярэдзіў: нельга цалкам адмаўляцца ад ранейшых тэхналогій сувязі. Бо іх наяўнасць можа аказацца асабліва важнай у перыяд нейкіх складаных, крытычных сітуацый. "Ні ў якім разе нельга загубіць тую савецкую правадную сувязь. Мы яе захавалі. Яе не толькі захаваць трэба, яе трэба падтрымліваць, - арыентаваў кіраўнік дзяржавы. - Не трэба губіць тое, што гадамі на нас працавала. Яно вялікіх грошай не патрабуе. Няхай будзе. Сцеражонага бог сцеражэ".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў мікраэлектроніцы Беларусь дзякуючы сумеснай рабоце з расіянамі забяспечыла сапраўдны прарыў. "Дзякуючы сумеснай вытворчасці мы пачалі значна рухацца наперад у мікраэлектроніцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі расказаў аб адной са сваіх сустрэч з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, у час якой і зайшла размова аб мікраэлектроніцы. Гэта пытанне было ўзнята з улікам санкцый, што былі ўведзены супраць Расіі. 

"У Беларусі мы - дакладна ведаю - усе прадпрыемствы мікраэлектронікі захавалі. Але, у асноўным, гэта ў нас "Інтэграл". Я гавару (Уладзіміру Пуціну. - Заўвага): "Давай разбяромся". Ён гаворыць: "Мы гатовы інвесціраваць любыя грошы, але толькі каб і касмічныя караблі, і іншыя ракеты ляталі", - падзяліўся дэталямі размовы Аляксандр Лукашэнка.

Пасля вяртання ў Беларусь Кіраўнік дзяржавы наведаў выстаўку, дзе прадстаўнікі айчыннага прадпрыемства "Інтэграл" расказалі аб сваіх распрацоўках. Аляксандр Лукашэнка пераказаў дыялог з Уладзімірам Пуціным аднаму з канструктараў "Інтэграла". "Дарослы чалавек: слухаў-слухаў - гляджу, чагосьці ўсміхаецца. Ён бярэ мяне за руку: "Аляксандр Рыгоравіч, перадайце свайму сябру і старэйшаму брату, што няхай не перажывае. Сем нанаметраў, 90 нанаметраў - спытайце, куды ўвапхнуць, у якое крыло самалёта або ракету, нашы нанаметры". І тады пачалася вельмі інтэнсіўная работа", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Такім чынам, адзначыў ён, расіяне пачалі інвесціраваць у сферу мікраэлектронікі, дзе былі пастаўлены сур'ёзныя і амбіцыйныя задачы: "Каб усё можна было ўвапхнуць у крыло самалёта і ракету, каб усё лятала, і мы менш адчувалі залежнасць ад Захаду".

Разам з тым беларускі лідар упэўнены, што гэту галіну неабходна развіваць і далей. "Амерыканцы думалі, што не будуць нам пастаўляць гэтыя элементы - мы загінем. Ні мы, ні Расія - ніхто не загінуў. Так, трэба напружвацца. Трэба паглыбляцца, пашыраць гэту вытворчасць", - сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пасля гэтага збеглыя падказалі Захаду аб увядзенні санкцыі ў адносінах да "Інтэграла". "Яго сапраўды пачалі душыць больш, чым якое іншае прадпрыемства. Таму што разумелі: калі мы забяспечым тут незалежнасць па ракетнай і самалётнай вытворчасці... А без гэтага нельга, - упэўнены ён. - Не збераглі б мы гэтыя прадпрыемствы, размоў на гэту тэму не было б. А гэта, аказваецца, запатрабавана вельмі".

На пасяджэнні УНС выступіў намеснік Старшыні Дзяржпагранкамітэта Максім Бутранец. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер як ніколі пагранічнікі працуюць больш па прызначэнні, чым любыя іншыя сілавыя структуры.

"Шарыкі" некуды паляцелі - зноў пагранічнікі. Ці то вінаваты, ці то не дагледзелі. Таму, Максім, я ўжо прашу, вы там з Моластавым (Старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым. - Заўвага) "шарыкі" гэтыя не перакідвайце на тэрыторыю Літвы. А то і да вайны можам так дайсці. Я так жартую. Таму што ведаю, што мы гэтым не займаемся, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дзякуй богу, што яны знайшлі - ці то 150, ці то 200 чалавек устанавілі ў Літве, якія гэтым займаліся. Ну а што, людзям трэба жыць і працаваць, недзе трэба зарабляць. Вось яны і выкарыстоўваюць гэтыя метады".

"Ужо, кажуць, гатовы размаўляць на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Калі ласка. З пагранічнікамі хочаце пагаварыць - мы ж не забараняем, ты (Максім Бутранец. - Заўвага) ж з імі гаворыш амаль кожны дзень. Але некаторыя пытанні ёсць. Іх трэба вырашаць з Рыжанковым (Міністрам замежных спраў Беларусі. - Заўвага), а можа, і з прэм'ерам. Выходзьце і гаварыце. Мы адкрыты для гэтай размовы", - запэўніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што нагрузка на пагранічнікаў цяпер неймаверная: "Вось, што мы гаворым, - Літва, Латвія, Польшча, Украіна, праблемы... Пагранічнікі перш за ўсё гэта адчуваюць на сабе. На іх каласальная нагрузка. Асабліва ў сувязі з міграцыйнымі гэтымі патокамі. Хоць я і кажу, што мы асабліва не перажываем па гэтым пытанні і не спрабуем у інтарэсах Захаду працаваць, але тым не менш на пагранічнікаў нагрузка вельмі сур'ёзная. Хочам мы гэтага ці не, нам даводзіцца з гэтым змагацца".

"Я дзякую пагранічнікам за тую вялікую работу, якую яны ва ўзаемадзеянні з арміяй, нашай доблеснай міліцыяй вядуць, абараняючы нашы пагранічныя рубяжы. Любая дзяржава, мяне так вучылі ў маладосці, пачынаецца з граніцы. Таму калі мы хочам быць дзяржавай, граніца павінна быць надзейнай", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

З адпаведнай прапановай на пасяджэнні УНС выступіў старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Ён прапанаваў замацаваць за чатырма палітычнымі партыямі, прадстаўленымі ў парламенце, пэўныя сферы або раёны, каб яны курыравалі канкрэтны праект. "І тут мы будзем канкурыраваць і пакажам іншым краінам, што такое сапраўднае партыйнае будаўніцтва, сапраўдная канкурэнцыя", - сказаў палітык.

"Я азнаёміўся з гэтай прапановай. Добрая прапанова. Нам трэба падумаць, як, канкрэтызуючы праграму, сапраўды за кожнай партыяй (замацаваць напрамак. - Заўвага). Не навязваць, а параіцца, што яны выцягнуць з тых сямі напрамкаў або больш. Калі Алег выступаў, я падумаў па напрамках і хацеў яму задаць пытанне: "А калі вось Віцебскую вобласць якая-небудзь партыя ўзяла б...", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Апошнюю фразу Прэзідэнта пра Віцебскі рэгіён зала сустрэла апладысментамі.

"Алег, я не пра цябе, каб ліберальная партыя ўзяла. У нас жа ёсць і больш моцныя партыі. Вось узялі б і пацягнулі Віцебскую вобласць, вызначыліся б з губернатарам, як там працаваць і дзейнічаць. Я толькі вітаў бы", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Ён не выключае, што партыі маглі б узяць адказнасць за тыя ці іншыя напрамкі і праекты: "Нехта самалёт возьме, нехта ў Пінску суднабудаўнічы напрамак. Добрая прапанова. Нам трэба аб гэтым падумаць".

"Партыі так павінны фарміравацца і заваёўваць свой аўтарытэт у народзе. Мы падумаем разам з кіраўнікамі партый, які з напрамкаў магла б партыйная арганізацыя курыраваць. Добрая прапанова. Я абсалютна за гэта", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра суднабудаванне, звярнуў увагу, што ў свой час у Пінску ледзь не загубілі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. "Розуму хапіла кампетэнцыі нейкія захаваць. Маламерныя або сярэднія судны мы гатовы там вырабляць. Яны патрэбны ў вялізнай колькасці. Кампетэнцыі сякія-такія ёсць", - падкрэсліў ён. Акрамя таго, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сваімі тэхналогіямі з Беларуссю гатова падзяліцца Расія. 

"Давайце сюды ўкладваць грошы. Рынак ёсць, кампетэнцыі ёсць, спецыялісты (ёсць. - Заўвага). Мы будзем будаваць гэтыя судны, будзем іх прадаваць. Можа, яны і нам спатрэбяцца - на Прыпяці, па Дняпры або па іншых артэрыях будзем перамяшчацца. Галоўнае - ёсць рынак", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

"Асноўная ўвага ў пяцігодцы будзе ўдзелена нашым раёнам. У нас 118 раёнаў. Без іх развіцця няма чаго будзе гаварыць аб планамерным і нармальным размеркаванні прадукцыйных сіл, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Там нашы людзі. Яны ў нас не закінуты, гэтыя раёны. Цэнтры прывялі ў парадак - чысценькія, акуратненькія. І кожны старшыня райвыканкама разумее, што гэта іх дом, які павінен быць чыстым. Тут мудраваць не трэба". 

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў неабходнасць развіцця перасовачных механізаваных калон (ПМК). "Што за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма будаўнічага падраздзялення? Памятаеце будаўнічыя ПМК? Крыху заняпалі яны, але мы іх прыўзнялі, пачалі аднаўляць. Іх трэба аднавіць, каб свае будаўнікі былі. Каб хаця б якія-небудзь простыя работы маглі выконваць", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі будзе захавана ініцыятыва "Адзін раён - адзін праект". "Там, дзе ёсць неабходнасць, мы будзем ствараць нейкія прадпрыемствы. Будзем гэты напрамак узмацняць", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб развіцці раённых цэнтраў, звярнуў увагу на развіццё дарожнай сеткі. "Мы ў асноўным ужо звязалі з абласнымі цэнтрамі раённыя цэнтры дарогамі, адрамантавалі. Цяпер у нас задача - ад раённага цэнтра, там, дзе гэта патрэбна, да аграгарадкоў дайсці. За два гады мы вырашым гэту праблему", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Гаворачы аб развіцці гарадоў з колькасцю насельніцтва ад 80 тыс. чалавек, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі Орша была выбрана ў якасці ўзору для дэманстрацыі таго, як трэба прыводзіць у парадак і развіваць такія населеныя пункты (а такіх буйных гарадоў з насельніцтвам 80+ у Беларусі 11), гэта рашэнне Прэзідэнта крытыкавалася. "Многія мяне крытыкавалі за Оршу. Я тлумачыў, чаму я выбраў Оршу. Не таму, што гэта мая радзіма і нейкі час я там жыў... Не. Я добра ведаў Оршу. Гэтак, як і ў сельскай гаспадарцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падобная сітуацыя, паводле яго слоў, была, калі мадэрнізацыя ў сельскай гаспадарцы пачыналася з адной з гаспадарак, добра вядомых кіраўніку дзяржавы па яго папярэдняй рабоце. "Таму што я там ведаў кожны кавалак зямлі і мяне ўжо вакол пальца не абвядзеш. І мы адтуль пачыналі. Малочнатаварныя комплексы і гэтак далей - усё, што цяпер робіцца ў аднаўленні сельскай гаспадаркі, мы пачыналі адтуль - там, дзе я ўсё ведаў", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі ты кіраўнік і хочаш нешта зрабіць, ты павінен глыбей унікаць у працэсы, каб ты разумеў, што там адбываецца на самай справе", - дадаў ён.

Што датычыцца Баранавіч і іншых гарадоў 80+, Прэзідэнт падкрэсліў: "Тады я адкрыта сказаў: вось Оршу прывядзём у парадак (там каля 100 тыс. насельніцтва) і па такім шляху пойдзем па гэтых буйных гарадах, 80+. Прывялі ў парадак Оршу. Яна сёння не скажу, што ідэальна працуе, але тое, што мы там уклалі, дае свой вынік па ўсіх пытаннях".

"Орша, па-мойму, больш-менш нармальна працуе. Мы паказалі, якім шляхам мы будзем да прытомнасці прыводзіць вось гэтыя 80+ гарады. Ад гэтага мы нікуды не адыдзем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што развіццю сферы турызму многія краіны ўдзяляюць прыярытэтную ўвагу: будуюць гасцініцы, іншыя аб'екты інфраструктуры. "Нескладаная вытворчасць, а грошы вялікія. Гэтым шляхам ідзе сёння Аман", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што, згодна з рашэннем Султана Амана, з якім у Аляксандра Лукашэнкі склаліся добрыя асабістыя і дзелавыя адносіны, у гэтай краіне для Беларусі выдзелена плошча большая за 200 га для рэалізацыі праекта па будаўніцтве турыстычных аб'ектаў, што даволі шмат для такой краіны, як Аман, улічваючы асаблівасці яе рэльефу.

"Унікальная прырода, адкрыты акіян! Тут адкрыты Індыйскі акіян. І я яму гавару: вось сябры мы з табой, ну выдзеліў бы кавалак зямлі, каб мы пабудавалі там свой беларускі турыстычны аб'ект, - расказаў Прэзідэнт аб падзеях, якія папярэднічалі гэтаму рашэнню. - А гэта ж 40 мінут ад Эміратаў. Прамы рэйс цяпер (ёсць у Беларусі ў ААЭ. - Заўвага). Мы б і дабавілі, калі б людзі туды імкнуліся (а людзі паедуць, калі б сваё было). І вы ведаеце, больш за 200 гектараў выдзеліў ён нам гэты ўчастак: згодны, будуйце. А гэта не ў Беларусі зямлю выдзеліць".

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер вядзецца праектаванне і ў бліжэйшыя гады плануецца пачаць будаўніцтва. Пры гэтым прыцягваецца фінансаванне прыватных інвестараў. "Я гавару, давайце, прыватнікі, укладзіце грошы, а я вам гарантую: і рэйсы будуць дадатковыя", - сказаў беларускі лідар.

"Мы гатовы пачаць будаўніцтва, не прыцягваючы бюджэтныя сродкі. Але я нават зацікаўлены, каб там недзе і дзяржава ўклалася, каб маглі частку даходу атрымліваць. Але калі прыватнікі будуць атрымліваць частку даходу, я назіраю за тым, каб гэта былі нармальныя людзі і каб дзяржава мела ад гэтага. Але галоўнае - каб нашы людзі туды як да сябе дадому, каб гэта быў такі наш анклаў у гэтым месцы, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ідзе праектаванне і ў бліжэйшыя гады мы пачнём будаваць гэты горад у горадзе".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што непадалёку вядзецца будаўніцтва турыстычных аб'ектаў кампаніямі, якія маюць дачыненне да Дональда Трампа.

"Унікальная мясціна, усе туды рвуцца. Я хачу, каб нашы людзі... Каб першыя нашы турысты паляцелі туды і мелі магчымасць прайсціся (уздоўж. - Заўвага) па Індыйскім акіяне. Мальдывы там зусім побач, калі нехта захоча - махне туды. Трэба на гэта выходзіць. Трэба, каб сваё было недзе для нашых людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. І прысутныя ў зале ўдзельнікі УНС падтрымалі яго словы апладысментамі.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў Беларусі развіццё турыстычнай галіны ўключана ў лік прыярытэтных напрамкаў дзяржпраграмы на пяцігодку да 2030 года. І Урад узяў на сябе абавязацельства павялічыць даходы ад гэтай сферы ў два разы - з амаль 2,3% ВУП да прыкладна 4,5% ВУП. "Гэта рэзультат! 4,5% ВУП - гэта мільярды долараў", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на заўвагі, выказаныя ў час сходу кіраўніком ФПБ наконт рэгулявання турыстычнай галіны. Яны датычыліся, у прыватнасці, аграэкатурызму і дзейнасці экскурсаводаў. Па першай тэме Прэзідэнт даручыў разабрацца: ці патэнцыял гэтага напрамку ўжо вычарпаны і ён не можа больш прырастаць, ці недзе штосьці ўпушчана ў плане стварэння ўмоў і рэгулявання з боку дзяржавы. А наконт экскурсаводаў і працэдуры атэстацыі іх дзейнасці Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Нават смешна гэта слухаць. Калі там, як ён сказаў, бюракратыя нейкая перашкаджае, трэба вырашыць гэта пытанне раз і назаўсёды".

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады зацверджана ў час пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу.

Рашэнне прынята аднагалосна.

Праграмай вызначана сем прыярытэтаў пяцігодкі. Першы прыярытэт - нацыянальная дэмаграфічная бяспека, гэта значыць захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям'і. Другі - развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы. Трэці - стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця. 

Чацвёртым прыярытэтам у праграме пазначаны рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя. Пятым - моцныя рэгіёны, шостым - умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі, сёмым - рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу. Пад кожны прыярытэт пастаўлены канкрэтныя задачы. 

Як адзначыў Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, прадстаўляючы на зацвярджэнне праграму, рэалізацыя гэтых прыярытэтаў дасць магчымасць грамадзянам адчуць рэальныя змяненні ў паляпшэнні якасці свайго жыцця ўжо на гарызонце пяці гадоў. Праграма забяспечана фінансаваннем. Пры гэтым крыніцы сродкаў падлічаны ў адпаведнасці з рэальнымі магчымасцямі эканомікі.

"Такім чынам, выкананы ключавыя патрабаванні - фінансавая забяспечанасць і рэалізуемасць пастаўленых у праграме задач. Вынікі выканання гэтых задач штогод будуць дакладвацца прэм'ер-міністрам Усебеларускаму народнаму сходу ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Таксама па рашэнні Усебеларускага народнага сходу будзе магчыма ўносіць змяненні і дапаўненні ў праграму ў выпадку, калі сітуацыя ў краіне або на знешнім контуры істотна зменіцца", - сказаў Прэм'ер-міністр. 

Ён дадаў, што праграма адлюстроўвае, па сутнасці, эканамічную мадэль развіцця нашай дзяржавы з пастаноўкай рэалістычных задач пры забеспячэнні макраэканамічнай збалансаванасці. Праграма адпавядае задачам пяцігодкі якасці, адпавядае запытам грамадства і гарантуе прытрымліванне выбранага курсу на пабудову моцнай і працвітаючай Беларусі.

Яшчэ адным пунктам на парадку дня стала выбранне новага члена Прэзідыума УНС. Ім стаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.

Вакансія ў Прэзідыуме ўзнікла вясной бягучага года пасля кадравых змяненняў ва ўрадзе - Канстанцін Бурак быў назначаны памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гродзенскай вобласці, у сувязі з чым страціў статус дэлегата УНС і члена Прэзідыума. 

Прэзідыум УНС з'яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам, які падсправаздачны Сходу і забяспечвае аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю УНС. Членамі Прэзідыума з'яўляюцца Старшыня УНС і яго намеснікі. Іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца з ліку дэлегатаў УНС. Гранічная колькасць Прэзідыума УНС складае 15 чалавек. 

У адпаведнасці з Законам "Аб Усебеларускім народным сходзе" члены Прэзідыума выбіраюцца тайным галасаваннем. Аднак у ходзе вылучэння кандыдатуры Аляксея Кушнарэнкі кіраўнік беларускай дзяржавы і Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заканадаўства ў гэтых адносінах, магчыма, трэба падкарэкціраваць. 

"Тое, што мы абавязкова павінны (правесці працэдуру тайнага галасавання за кандыдата. - Заўвага), згодна з нашай дэмакратыяй, - ужо крытыкуюць мяне за гэта. Але пры чым тут я? Гэта ж вы прымалі рашэнне, што ўсе члены Прэзідыума УНС выбіраюцца тайным галасаваннем. Многія цяпер, нават Аляксандр Мікалаевіч (Намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец. - Заўвага) гаворыць, што гэта можна было б рабіць і адкрытым галасаваннем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Атрымліваецца так, што члена Прэзідыўма тайна выбіраем, а далей мы будзем назначаць суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў - гэта адкрытым галасаваннем. Таму мы разгледзім, яшчэ раз вернемся да гэтага закона. І трэба падрэгуляваць, каб час сапраўды не губляць, неяк ураўнаважыць і збалансаваць сітуацыю".

Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі выбраны Сяргей Сівец. "Доўга мы абмяркоўвалі. Шмат было кандыдатаў. Вы ж разумееце, што калі мы накіроўваем чалавека ў Канстытуцыйны Суд, гэта павінен быць моцны, надзейны, падрыхтаваны чалавек. Ён адпавядае гэтым крытэрыям, - сказаў Прэзідэнт і Старшыня VII УНС Аляксандр Лукашэнка. - Шмат я размаўляў з тымі людзьмі, з якімі вы цесна працавалі, асабліва апошнія гады. Што тут граху таіць: 2020 год - гэта паказчык. Хто як прайшоў гэты этап, пра многае сведчыць. Тут таксама да вас прэтэнзій абсалютна няма".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Канстытуцыйным Судзе працуюць лепшыя правазнаўцы, таму іх трэба больш шырока выкарыстоўваць у рабоце па фарміраванні беларускіх законаў і заканадаўства ў цэлым. "І асабліва па кантролі і, магчыма, папярэдняга кантролю. Чаго мы будзем спасылацца на нейкія пастулаты, якім нас вучылі дэмакратычныя так званыя краіны. У нас ёсць свая краіна. Мы павінны заўсёды ствараць тыя законы, па якіх мы будзем жыць і працаваць. І будзем ствараць больш дасканалыя законы, каб не даводзілася так часта мяняць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне новаму Старшыні Канстытуцыйнага Суда. "Вялікая падзея ў жыцці чалавека. Тым больш маладога чалавека, якога мы ўзнімаем на такую вышыню і вельмі спадзяёмся, што ён будзе дастойным прадстаўніком і Старшынёй Канстытуцыйнага Суда", - сказаў Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў ходзе абмеркавання кандыдатуры Сяргея Сіўца адзначыла, што працуе з ім ужо на працягу шэрага гадоў і выказалася пра яго як высокакваліфікаванага юрыста, якога ведаюць далёка за межамі Беларусі. "Мае 100 работ, абараніўся менавіта па тэме Канстытуцыі. Ён сапраўды патрыёт. Я ў ім упэўнена. І ўпэўнена ў тым, што гэта абсалютна правільны выбар", - сказала спікер.

Акрамя таго, аднагалосна на судзейскія пасады ў Канстытуцыйны Суд выбраны Наталля Карповіч, Павел Грыдзюшка, Аляксандр Каравай, Андрэй Кавальчук, Таццяна Праташчык, Алена Сямашка. Прычым дзеючы суддзя Наталля Карповіч выбрана суддзёй на новы адзінаццацігадовы тэрмін (ён замацаваны ў Канстытуцыі Беларусі) і адначасова на пасаду намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда на новы пяцігадовы тэрмін. Іншыя пяць названых чалавек на пасаду выбраны ўпершыню.

Прадстаўляючы кандыдатаў на судзейскія пасады, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой адзначыў, што ўсе яны высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне права і заканатворчасці. З названых два чалавекі маюць вопыт працы суддзямі Вярхоўнага Суда, два чалавекі прадстаўляюць сферы навукі і адукацыі і адзін - прадстаўнік Апарату Канстытуцыйнага Суда, які глыбока разумее ўсю спецыфіку працы гэтага органа ўлады. У выніку з 12 суддзяў Канстытуцыйнага Суда раціруюцца шэсць чалавек, уключаючы Старшыню.

"Лічу, што абазначаная ратацыя поўнасцю адпавядае падтрыманню пераемнасці суддзяў Канстытуцыйнага Суда. Абнаўляецца склад Суда высакакласнымі прафесіяналамі з неабходным вопытам, прадзяржаўнымі перакананнямі і нацэленасцю на канкрэтную работу", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Былы Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч вызвалены ад гэтай пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку. Таксама з гэтай прычыны вызвалены ад пасады пяць суддзяў - па дасягненні гранічнага 70-гадовага ўзросту.

Гаворачы пра Пятра Міклашэвіча, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму і адзначыў уклад на розных пасадах у работу судовай сістэмы і не толькі: "Ён шмат зрабіў для таго, каб абнавіць Канстытуцыю. Таму я настойваў на тым, каб ён далёка ад гэтай работы не адыходзіў. Вопыт гэтага чалавека мы заўсёды павінны выкарыстоўваць у нашай прававой рабоце. Пётр Пятровіч з гэтым пагадзіўся. Яшчэ раз дзякую вам за тое, што вы зрабілі для краіны на гэтай і іншых пасадах".

Старшынёй Вярхоўнага Суда Беларусі выбраны Андрэй Швед, які да гэтага часу займаў пасаду генеральнага пракурора Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Андрэя Шведа з новай пасадай і назваў яго дастойным чалавекам, які сябе добра зарэкамендаваў. "Што дзіўна, ні адзін з сілавікоў, як бы мы іх там ні хісталі і ні правяралі, не сказаў нічога дрэннага аб гэтым чалавеку", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. 

Былы кіраўнік Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала вызвалены з займаемай пасады. Кіраўнік дзяржавы выказаў яму асаблівую ўдзячнасць за шматгадовую работу. 

"Валянцін Алегавіч, вы дастойны чалавек. Я толькі хацеў бы, каб новы чалавек на гэтай пасадзе ўзяў усё лепшае ад вас. Мы яшчэ з вамі пагаворым, каб вы не сыходзілі далёка ад нашага Вярхоўнага Суда, пакуль мы там не нармалізуемся. Нават калі нармалізуемся, у вас заўсёды была свая думка. Вы не толькі практык, але і добры тэарэтык", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, дзеючыя першы намеснік Старшыні ВС Валерый Калінковіч і намеснік Старшыні ВС Сяргей Кандрацьеў выбраны на новы пяцігадовы тэрмін. Новымі намеснікамі Старшыні ВС выбраны Наталля Сарнаўская і Ірына Тылец. 

Таксама выбраны 11 іншых суддзяў ВС: Дзмітрый Бубенчык, Дзяніс Валдайцаў, Алеся Котава, Настасся Кульбіцкая, Марыя Ляшкевіч, Наталля Лях, Наталля Мыслівец, Андрэй Плотнікаў, Настасся Парадзіна, Аляксандр Рудэнка, Ігар Шведаў. 

Прадстаўляючы кандыдатаў на судзейскія пасады, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой адзначыў, што ўсе яны маюць вялікі практычны вопыт, атрыманы ў судах розных узроўняў. Большасць з іх у судовай сістэме больш за 15 гадоў. Яны прадстаўляюць судовую ўладу практычна ад усіх рэгіёнаў: чатыры - Мінск, па два - Віцебск і Гродна, па адным - Гомель, Мінскую вобласць і Магілёў. 

Рашэннем VII УНС вызвалены ад пасады тры намеснікі Старшыні Вярхоўнага Суда. Юрый Кобец пасля вызвалення ўзначаліць новы орган у судовай сістэме - Апеляцыйны эканамічны суд, Жанна Шкурдзюк дасягнула максімальнага ўзросту знаходжання ў якасці суддзі ВС і падала заяву аб выхадзе ў адстаўку, Андрэй Алешчанка прыняў рашэнне пайсці ў адстаўку, падаўшы адпаведную заяву. 

Акрамя таго, вызвалены два дзеючыя суддзі Вярхоўнага Суда з улікам іх выбрання ў Канстытуцыйны Суд, тры суддзі - у сувязі з выхадам у адстаўку і два - па ўласным жаданні.

Падводзячы вынікі двухдзённага пасяджэння, Прэзідэнт сказаў: "Прынятая праграма - гэта праект мадэрнізацыі, абнаўлення ўсіх сфер жыцця. У ёй улічаны дасягненні мінулых гадоў, актуальныя выклікі і нашы магчымасці. Так, пастаўленыя на пяцігоддзе задачы напружаныя, але не завоблачныя. Мы ніколі не пакутавалі на пражэкцёрства, заўсёды будавалі рэальныя планы, ішлі наперад паступальна, крок за крокам. І рэалізацыя запланаванага - у нашых руках".

"Безумоўна, дасягненне тых параметраў, якія мы сёння зацвердзілі, запатрабуе істотнага росту эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання і жорсткай выканальніцкай і вытворчай дысцыпліны. Гэта тое, дзе мы павінны быць у першых радах. Не толькі органы ўлады, але і кожны беларус на сваім месцы павінен прыкласці максімум намаганняў для рэалізацыі абазначаных мэт. Нам трэба быць гатовымі рэагаваць на новыя выклікі, знаходзіць яшчэ не задзейнічаныя рэзервы, атрымліваць максімум з перспектыў, якія адкрываюцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што якой бы ўстойлівай ні была сацыяльна-эканамічная мадэль Беларусі, глабальныя ўзрушэнні, якія адбываюцца, не могуць не аказваць свайго ўплыву. "Ну а калі беларусам было лёгка? Мы заўсёды стойка пераносілі ўсе выпрабаванні. Упэўнены, выстаім і цяпер. Ды і ніхто не адбярэ ў нас нашы працавітасць, знаходлівасць, уменне з'ядноўвацца і падтрымліваць адзін аднаго. Усё гэта, як і любоў да роднай зямлі, будзе заўсёды з намі. Менавіта ў гэтым залог нашых цяперашніх і будучых поспехаў і дасягненняў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што пасля пасяджэння УНС трэба па абласцях правесці сустрэчы ў калектывах, падрабязна расказаць аб прынятых рашэннях і пытаннях, якія абмяркоўваліся.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на пасяджэнні УНС адбылася адкрытая і грунтоўная размова аб надзённых праблемах і шляхах іх вырашэння. Падведзены вынікі адыходзячай пяцігодкі, вызначаны прыярытэты развіцця дзяржавы і грамадства на наступныя пяць гадоў.

"Усе мы - дэлегаты Сходу - праваднікі сённяшніх рашэнняў у жыццё. У нас для гэтага ёсць усё - вопыт, веды, бясспрэчны аўтарытэт і, самае галоўнае, давер грамадзян. Важна не толькі растлумачыць прынятыя дакументы, але і з'яднаць, мабілізаваць людзей на рэалізацыю намечаных планаў. Пераканаць іх у галоўным: тое, як мы будзем жыць заўтра, залежыць ад кожнага з нас і ад нашай еднасці. Будзем адзінымі, з'яднанымі - будзем моцнымі, а будзем моцнымі - краіна будзе мірнай і квітнеючай", - сказаў Прэзідэнт.

"Беларусь для нас - гэта і сучаснае, і будучае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наступны год - юбілейны для Усебеларускага народнага сходу, які быў упершыню скліканы ў 1996 годзе. "Спаўняецца трыццаць гадоў, як ён упершыню выступіў выразнікам сапраўднай волі беларускага народа ва ўмовах раздутага нашымі "свядомымі" грамадска-палітычнага крызісу, спыніў хаос і грамадзянскае процістаянне, гарантаваў права беларускага народа самому вырашаць свой лёс. І права быць канстытуцыйным органам, - сказаў ён. - Мы з пяцігодкі ў пяцігодку ўдасканальвалі, адточвалі механізмы работы нашага народнага  веча. Новы канстытуцыйны статус толькі ўмацаваў ролю Сходу як стабілізуючай і накіроўваючай сілы грамадска-палітычнага развіцця Беларусі".

Прэзідэнт адзначыў, што ва Усебеларускага народнага сходу стала больш паўнамоцтваў, але ўзрасла і адказнасць за прымаемыя рашэнні, іх рэалізацыю. "Таму важна ўважліва абдумаць кожную ідэю, ацаніць рызыкі, спрагназаваць наступствы, выверыць кожнае слова, выпрацаваць механізмы ўвасаблення намі задуманага", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сам ён заўсёды імкнецца хутчэй вярнуцца ў Беларусь з любой замежнай камандзіроўкі і ў гэтым сэнсе была складанай нядаўняя працяглая паездка Кіраўніка дзяржавы за мяжу, у час якой ён шмат дзён знаходзіўся за межамі краіны. "Ад'езд з краіны амаль на 10 дзён... Прэс-сакратар палічыла, што гэта больш як 30 тыс. км толькі ў паветры. Я наогул цяжка пераношу час, калі адлятаю з краіны", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што шчыра не разумее тых, хто траціць сваё жыццё і сілы на дэструктыўную дзейнасць, накіраваную супраць уласнай краіны і народа.

"Змагацца трэба за адзінства, за з'яднанасць. Разумець, што ні для нас, ні для нашых дзяцей другой светлай, добрай, любімай намі і любячай нас зямлі ў свеце няма, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вельмі хачу, каб бачылі нашу Беларусь менавіта такой зямлёй - (куды. - Заўвага) вы заўсёды, у любы час можаце з далёкай камандзіроўкі ў імя гэтай краіны, гэтай зямлі, пасля нейкай падзеі вярнуцца ў гэты цёплы і ўтульны дом. Нам трэба быць адзінымі і з'яднанымі".

"Беларусь для нас - гэта і сучаснасць, і будучыня. Мы ж усе з вамі гэта разумеем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, падзякаваўшы ўдзельнікам УНС за іх падтрымку ў прыняцці важных рашэнняў для развіцця дзяржавы. У той жа час ён папярэдзіў, што наперадзе адказная напружаная работа па ўвасабленні ў жыццё прынятых рашэнняў. "Не думайце, што ўсе "ахнуць" і пабягуць да вас абнімацца пасля гэтага сходу, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму што тыя рашэнні, якія мы прынялі, будуць рэалізоўвацца гады. Праграма, за якую мы прагаласавалі, - на цэлую пяцігодку. І калі мы на канкрэтных участках, там, дзе вызначыліся, будзем паспяховымі, то людзі нас калі не абнімуць, то дзякуй, гледзячы на сябе ў люстэрка, скажуць".

"Маюць рацыю тыя, хто гаварыў, што да нашага сённяшняга народнага веча прыглядаюцца не толькі мільёны ўнутры Беларусі, нашых сяброў, суседзяў, але і ўважліва за гэтым назіраюць за далёкімі межамі нашай краіны, у тым ліку на Захадзе. Вельмі ўважліва назіраюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у прамым эфіры глядзеў, як праходзіла пасяджэнне VII УНС у першы дзень, 18 снежня. "Ён павіншаваў усіх нас, Уладзімір Уладзіміравіч, і заявіў аб тым, што ў прамым эфіры глядзеў учора наш Усебеларускі народны сход, і павіншаваў нас з вялікім поспехам", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што і ў яго расійскага калегі, старэйшага брата, як часта называе яго Аляксандр Лукашэнка, 19 снежня таксама "вельмі важны справаздачны перыяд - падагульняючая прэс-канферэнцыя".

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што за ходам VII УНС напэўна ўважліва назіралі і ў Кітаі. "Я абсалютна ўпэўнены, што і далёкі наш сябар Сі Цзіньпін, вялікі сябар беларускага народа (дзякуючы Кітаю мы нямала зрабілі і зробім яшчэ), таксама ўважліва за гэтым назіраў. А таксама іншыя азіяцкія, афрыканскія кіраўнікі краін, з якімі мы мелі і будзем мець добрыя адносіны, і наша багацце, наша шчасце таксама будзе прырастаць (дзякуючы развіццю кантактаў з гэтымі людзьмі. - Заўвага). Я ўпэўнены, што яны таксама з задавальненнем адзначаць поспех нашага сённяшняга сходу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Значыць, мы ў гэтым свеце далёка не адны", - падкрэсліў беларускі лідар.