Наведванне Гожскага палігона ў Гродзенскай вобласці

  • 23
  • 2

Супраць Беларусі выкарыстоўваюць сцэнарый каляровых рэвалюцый, асаблівасць сітуацыі - у выкарыстанні знешняга фактару. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 жніўня, наведваючы ваенны палігон пад Гроднам.

На палігоне 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў Кіраўніку дзяржавы аб задуме комплекснага тактычнага вучэння са зводнай групоўкай на гродзенскім тактычным напрамку, абстаноўцы, што складваецца ля беларускіх граніц.

"Усё зразумела. Як мы і меркавалі, усё ідзе па плане каляровых рэвалюцый з распальваннем унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Арыгінальнасць і асаблівасць сітуацыі ў тым, што падключаны знешні фактар, што бывае не заўсёды. Звычайна яны раскручваюць унутры, звяргаюць дзеючую ўладу. Але паколькі ўлада ў нас на месцы, жорстка супраціўляецца (і не толькі супраціўляецца, але і кантралюе сітуацыю), падключылі знешні фактар", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, апаненты хочуць разгрупаваць сілы беларускіх ваенных і праваахоўнікаў, адцягнуць увагу ад унутранай сітуацыі і напружыць на знешняй граніцы. Ён дадаў, што адначасова з гэтым ідзе актывізацыя пратэсных настрояў і бандытызму ў грамадстве. "Вы бачыце, што яны ўжо цягнуць сюды "альтэрнатыўнага прэзідэнта", робяць гэта ўсур'ёз, паколькі сыплюцца заявы заходніх дзяржаў аб фінансаванні, падтрымцы. Ваенная падтрымка відавочна - перамяшчэнне войскаў НАТА да граніц. Яны ўсё рухаюць да таго, каб зацягнуць сюды нібыта новага прэзідэнта. Ён звяртаецца да заходніх дзяржаў, у дадзеным выпадку НАТА, з мэтай абароны насельніцтва. Яны ўводзяць войскі - і на Беларусі можна паставіць крыж", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя дзеянні і адпаведныя заявы заходніх краін - ужо непасрэднае ўмяшанне ў сітуацыю ў Беларусі. "Размова ідзе аб фінансаванні, выцягванні нас на перагаворы з АБСЕ - зразумела, для чаго яны гэта робяць", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт даручыў Міністру абароны і камандуючаму Заходнім аператыўным камандаваннем прыкласці ўсе намаганні, каб "абараніць перш за ўсё заходнюю жамчужыну Беларусі з цэнтрам у Гродне". "З прыняццем самых жорскіх мер па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны", - падкрэсліў ён.

На палігоне Кіраўнік дзяржавы наведаў раён сканцэнтравання 52-га танкавага батальёна, пункт кіравання ракетнага дывізіёна. Міністр абароны далажыў яму аб абстаноўцы і задачах, якія выконваюцца. Затым Прэзідэнт на верталёце адправіўся ў пункт рэактыўнага дывізіёна, дзе размяшчаецца РСЗА "Паланэз".

Пасля наведвання Гожскага палігона Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Гродна ў пункт пастаяннай дыслакацыі 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, дзе правёў нараду з кіраўніцтвам сілавога блока.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў: замест таго, каб займацца эканомікай і надзённымі справамі краіны, даводзіцца ўдзяляць увагу пытанням стабілізацыі абстаноўкі. "Нават не сказаў бы, што ўнутры краіны (у цэлым. - Заўвага). Перш за ўсё гэта Мінск. Нават не хачу тут Гродна называць з пазіцыі сённяшняга дня. Тым не менш, што мяне больш за ўсё непакоіць, - да гэтай унутранай сітуацыі дадаўся знешні фактар. Мы бачым сур'ёзнае варушэнне войскаў НАТА ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц на тэрыторыі Польшчы і Літвы", - заявіў беларускі лідар.

Ён у сувязі з гэтым адзначыў, што ўпершыню за чвэрць стагоддзя давялося прымаць самае сур'ёзнае рашэнне, прыводзячы асноўныя часткі Узброеных Сіл у поўную баявую гатоўнасць і перакідваючы войскі на заходні напрамак.

Перш чым прымаць рашэнне па ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Гродне, Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, якая абстаноўка і прагноз яе развіцця.