Наведванне 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады
- 18
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня наведаў 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Венскую Чырванасцяжную брыгаду.
Кіраўніку дзяржавы расказалі аб гісторыі стварэння брыгады, баявых магчымасцях злучэння. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні брыгады, умовамі жыцця і быту ваеннаслужачых.
Прэзідэнт таксама сустрэўся з воінскім калектывам брыгады. "У Беларусі створана і эфектыўна функцыянуе сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі, аснову якой складаюць Узброеныя Сілы. Наша армія аснашчаецца сучаснымі ўзбраеннямі. У войскі паступаюць новыя ўзоры авіяцыйнай, ракетна-артылерыйскай, бранятанкавай, аўтамабільнай тэхнікі і сродкаў сувязі, у тым ліку айчыннай вытворчасці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мною пастаўлена жалезабетонная задача: калі мы хочам абараніць сябе, мы павінны асноўныя боепрыпасы і зброю вырабляць самі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Многае ў гэтым напрамку ўжо зроблена, але многае яшчэ трэба рэалізаваць. "І далей мы будзем старацца вырабляць сваё, пачынаючы ад стралковай зброі і заканчваючы самымі сучаснымі ракетамі тыпу "Паланэз" і яшчэ лепш. Вядома, у нас няма такіх магчымасцей, як у некаторых, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але, тым не менш, дысцыпліна, стараннасць, мазгі, магчымасць і здольнасць сабраць у кулак па капейцы - і бачыце, мы нешта навучыліся рабіць. Гэта наша перавага, і мы ёй будзем карыстацца далей - вырабляць айчынныя ўзоры ўзбраення і тэхнікі".
Падтрыманне баяздольнасці Узброеных Сіл асабліва актуальна ва ўмовах абвастрэння глабальных супярэчнасцей, калі нарастае ваенная эскалацыя, дэвальвавана роля міжнародных арганізацый, уключаючы ААН і АБСЕ, адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама звярнуў увагу на ўсё яшчэ існуючыя спробы асобных дзяржаў перапісаць гісторыю, прынізіць ролю Беларусі ў Другой сусветнай вайне і прыменшыць значнасць Вялікай Перамогі для лёсаў чалавецтва. "Мы супраціўляемся, гэта таксама і наш здабытак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы пра шматлікія ахвяры вайны сярод жыхароў Беларусі. "Таму мы не можам аддаць гэту перамогу", - сказаў беларускі лідар.
"Мы прымаем меры па далейшым павышэнні прэстыжу ваеннай службы. І для гэтага будзем рабіць усё, - запэўніў Прэзідэнт. - Для тых хлопцаў, якія адслужылі, мы даём вялікія перавагі, каб чалавек, які адслужыў у арміі, салдат, прыйшоўшы праз паўтара-два гады, не сказаў, што ён страціў гэтыя гады". Гэта неабходна, каб ураўнаваць магчымасці тых, хто служыў, і тых, хто не перапыняў адукацыю. "Салдат, афіцэр, які нешта аддае радзіме, павінен мець магчымасць быць упоравень з тымі, хто сёння ўхіляецца ад арміі. І ў гэтых адносінах будзем рабіць усё, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы іншымі жыццёвымі пытаннямі, наколькі гэта дазволіць нам эканоміка", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма добраўпарадкавання ваенных гарадкоў. Дзякуючы ёй у належны выгляд прыведзены многія воінскія часці, сярод якіх 5-я брыгада спецыяльнага прызначэння, 103-я паветрана-дэсантная брыгада, 19-я і 120-я механізаваныя брыгады. "Работа па гэтым напрамку будзе прадоўжана, у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.
Адзін з удзельнікаў сустрэчы, задаючы пытанне Кіраўніку дзяржавы, прапанаваў узмацніць работу па павышэнні прэстыжу ваеннай службы на ўзроўні выхавання дзяцей у дашкольных установах, асвятлення ваенных мерапрыемстваў у СМІ, а таксама рэалізаваць іншыя меры сацыяльнай падтрымкі. Прэзідэнт у цэлым прапановы падтрымаў.
"Вы ведаеце маю формулу па жыллі на будучае: жыллё будзем узводзіць толькі для ваенных і шматдзетных. Шматдзетным - таму што яны вырашаюць галоўную праблему, а ваенным - таму што яны павінны служыць, а не зарабляць недзе грошы, каб пабудаваць жыллё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца прэстыжу ваеннай службы, то ён, на думку Прэзідэнта, шмат у чым залежыць ад стаўлення саміх ваеннаслужачых. "Калі ты афіцэр і ганарышся гэтым званнем пры ўсім цяжары і нягодах (не я сказаў, гэта ўсюды ў нас напісана з савецкіх часоў), калі ты ўмееш гэта вытрымаць - добра", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"У бягучай абстаноўцы задача арміі і сіл спецыяльных аперацый у першую чаргу - абарона Айчыны, падтрыманне стабільнасці і згоды ў грамадстве. Вось мой вам загад, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Зрабіце ўсё магчымае, каб абараніць суверэнітэт і забяспечыць бяспеку нашай дзяржавы. Не павінны мы зноў, як я часта кажу, пайсці пад бізун і надзець лапці. Не павінны нас запрэгчы ў калёсы і сцябаць, каб мы, "вылупіўшы вочы", як у народзе кажуць, скакалі як шалёныя і цягнулі чужы воз".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ваеннаслужачыя, якія прысутнічаюць на сустрэчы, з'яўляюцца дастойнымі прадаўжальнікамі баявых традыцый праслаўленага злучэння. Напрыклад, тых беларускіх дэсантнікаў, якія аднымі з першых былі перакінуты ў Афганістан, калі там пачалася вайна. "Яны не гаварылі і не думалі "гэта не наша вайна", а выконвалі загад, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас яны прыклад мужнасці і стойкасці".
"Вы ваенная эліта нашай краіны і павінны адпавядаць крытэрыям гэтай эліты, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Сваё прафесійнае майстэрства не раз вы даказвалі ў ходзе розных трэніровак, спаборніцтваў і вучэнняў. Змагаліся і перамагалі. Перамагалі самыя багатыя краіны ў час вучэнняў або станавіліся ўпоравень, як у Танкавым біятлоне. Але пакуль толькі другое месца, трэба першае".
"Я вельмі хацеў бы як Прэзідэнт, каб і ў далейшым вы заставаліся прыкладам добрасумленнага выканання службовага абавязку, усямерна садзейнічалі ўмацаванню аўтарытэту і прэстыжу Узброеных Сіл", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт у час сустрэчы выказаўся наконт падзей у свеце і сітуацыі, якая складваецца вакол Беларусі. "Калі вы чуеце размовы аб нейкай дэмакратыі, вы павінны разумець, што ў такім выглядзе, у якім мы разумеем гэту дэмакратыю, яе блізка няма ні ў адной краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён, у прыватнасці, прывёў прыклады мер рэагавання, якія прымаліся ў Францыі ў адносінах да "жоўтых камізэлек", а таксама нядаўнія падзеі ў ЗША.
Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму COVID-19, адзначыўшы, што калі б у краіне была спынена эканоміка і вытворчасці ў выніку рэагавання на пандэмію каранавіруса, то аднавіць іх у ранейшых маштабах ужо не ўдалося б ніколі.
"Калі б спыніліся, мы ніколі не аднавілі б нашу эканоміку. Мы разумелі, што ў нас экспартна арыентаваная эканоміка. Мы разумелі, што справімся, арганізацыя нашай дзяржавы дазваляе гэта зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі змагаюцца з вірусам ачагова і не пайшлі на масавую ізаляцыю насельніцтва і спыненне вытворчасцей. Гэтаму садзейнічала ў тым ліку сістэма аховы здароўя, шырокая сетка інфекцыйных бальніц, якую ў Беларусі не знішчылі па прыкладу некаторых краін. "Мы не дапусцілі разбурэння сістэмы аховы здароўя. Яна вытрымала. І мы пачалі вымываць, вычышчаць бальніцы", - дадаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у свеце пачынае спраўджвацца прагноз Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які раней сказаў, што калі не пачаць працаваць, то можа памерці больш людзей, чым ад самога віруса. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: і ў Беларусі ў большасці людзей наступае разуменне, што выбраны ў краіне шлях рэагавання быў правільным.
"Эканоміка пачынае аднаўляцца, у нас ёсць пэўны запас", - сказаў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што ў другім выпадку нішы беларускіх кампаній на сусветных рынках проста занялі б іншыя і ў ранейшых маштабах аднавіць вытворчасці і эканоміку наўрад ці ўдалося б.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, як ўнікаў у нюансы работы і ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю ўрачоў у эпідперыяд. "Я павінен бачыць, што адбываецца. Я даручаў генералу Раўкову (Дзяржсакратар Савета Бяспекі Андрэй Раўкоў. - Заўвага) сфарміраваць некалькі атрадаў з нашых ваенных інфекцыяністаў і паслаў іх у гэтыя чырвоныя зоны, каб яны бачылі, як лячыць (усякае можа адбыцца), але галоўнае, каб яны мне далажылі, як цывільныя лечаць. Я ўдзячны тым людзям (гэта ў асноўным мужыкі былі), якія пайшлі ў гэтыя зоны. Вельмі дастойна адпрацавалі і мяне прафінфармавалі аб сістэме лячэння і адказнасці нашых цывільных урачоў!" - адзначыў Прэзідэнт.
Ён дадаў: тых ваеннаслужачых, якія сутыкнуліся з вірусам, потым ужо ў асноўным лячылі сіламі гэтых урачоў на базе ваеннай медыцыны.