Навагодняе дабрачыннае свята акцыі "Нашы дзеці"

  • 5
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што падрастаючае пакаленне беларусаў будзе з упэўненасцю глядзець у будучыню, разлічваць на свае сілы і любіць Беларусь. Такое пажаданне Кіраўнік дзяржавы выказаў 24 снежня на навагоднім дабрачынным свяце акцыі "Нашы дзеці" ў Палацы Рэспублікі.

Сярод удзельнікаў навагодняга свята былі пераможцы і прызёры творчых і інтэлектуальных спаборніцтваў, выдатныя спартсмены. Прэзідэнт Беларусі павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з гэтымі дасягненнямі, падзякаваў педагогам. "Мы зробім усё для таго, каб ваш дар, розум, вашы здольнасці не зніклі, не прапалі дарма, каб вы ў сваёй краіне адчувалі сябе патрэбнымі. Гэта самае галоўнае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб юныя беларусы выраслі па-сапраўднаму адукаванымі і культурнымі людзьмі, прымнажалі нацыянальныя багацці, рабілі мір больш добрым і прыгожым.

Прэзідэнт разлічвае, што стаўшы дарослымі, юныя беларусы прадоўжаць добрыя традыцыі і ўнясуць свой уклад у працвітанне Айчыны, заўсёды будуць захоўваць мір і згоду на роднай зямлі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мір і працавітыя добрыя людзі - гэта галоўны здабытак і сапраўднае багацце Беларусі. "На жаль, не ўсюды ціха і спакойна. Мір, спакой усё больш разбураюцца ў кожнай кропцы нашай планеты", - канстатаваў Прэзідэнт і дадаў, што рады, што Беларусь прытуліла шмат дзяцей, асабліва з Украіны, дзе сёння неспакойна.

Беларуская ветлівасць, гасціннасць, любоў да сваёй краіны і імкненне прыйсці на дапамогу блізкім закладзены ў нацыянальнай культуры. Кожнае пакаленне ўносіць свой бясцэнны ўклад у яе скарбніцу, гэта трэба будзе рабіць і падрастаючаму пакаленню беларусаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Такія якасці беларускага народа асабліва яскрава праяўляюцца ў адказныя моманты гісторыі, так было і ў адыходзячым годзе.

Звяртаючыся да дзяцей, Прэзідэнт сказаў, што ўдзячны ім за тое, што яны прынялі маленькіх бежанцаў з Украіны ў сваю добрую сям'ю, акружылі клопатам. "Гэта здорава, гэта адпавядае лепшым рысам беларускага народа, і вы іх набываеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У падрастаючым пакаленні ўвасабляюцца самыя светлыя мары і надзеі не толькі іх бацькоў, але і ўсёй краіны, лічыць Кіраўнік дзяржавы. "Цудоўна, што ў нас у Беларусі нараджаецца ўсё больш і больш дзяцей. Значыць, мы можам верыць, што нашу Радзіму чакае шчаслівае заўтра", - рэзюмаваў Прэзідэнт.