Нарада з прадстаўнікамі сістэмы аховы здароўя
- 10
- 6:05
Гатоўнасць сістэмы аховы здароўя процістаяць эпідэмічнаму ўздыму захваральнасці на COVID-19 і сезонныя рэспіраторныя інфекцыі абмеркавана 8 кастрычніка на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Сярод удзельнікаў нарады - кіраўнікі Міністэрства аховы здароўя, прадпрыемства "Белмедпрэпараты", Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, вядучыя спецыялісты па інфекцыйных захворваннях з медыцынскіх ВНУ краіны.
Кіраўнік дзяржавы адразу абазначыў асноўную тэму сустрэчы - пытанні, звязаныя з забеспячэннем здароўя людзей ва ўмовах новага эпідэмічнага ўздыму сезонных інфекцый, у тым ліку каранавіруснай. "Відавочна, што яна зноў увайшла ў інтэнсіўную фазу распаўсюджвання. Ідзе другая хваля (думаю, гэта ўсё ж такі другая хваля, а не ўсплёск першай). Частка нашых суседзяў па захваральнасці наблізілася да пікавых вясенніх узроўняў. Падобная тэндэнцыя, як вы не горш за мяне ведаеце, назіраецца і ва ўсім свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўбаку не застаёмся. Няхай у нас і не такі рэзкі ўздым захваральнасці, але ён прысутнічае. Таму сёння разгледзім шэраг блокаў праблем, звязаных з новай эпідэмічнай рэальнасцю, у якой нам даводзіцца жыць і існаваць".
Прэзідэнт папрасіў прысутных далажыць аб бягучым стане спраў у сістэме аховы здароўя. "Наколькі хутка вірус распаўсюджваецца на гэты раз у параўнанні з тым, што было? - акрэсліў кола пытанняў Кіраўнік дзяржавы. - Як з бальнічнымі магутнасцямі, абсталяваннем, медыцынскімі прэпаратамі і сродкамі аховы?"
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на забяспечанасць кадрамі. "Як мне дакладваюць, нягледзячы на строгія бюджэтныя абмежаванні бягучага года, ужо выплачана больш за Br300 млн у якасці мер падтрымкі медыцынскага персаналу, які працуе з хворымі на COVID-19", - адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што дзяржава прадоўжыць аказваць такую падтрымку, але пры строгім выкананні справядлівага падыходу. "Яшчэ раз паўтараю: людзям, якія працуюць і змагаюцца з інфекцыйнымі хваробамі, грошай шкадаваць не трэба. Гэта асаблівая сфера, усякае можа быць, людзі рызыкуюць, і ўрачоў тут ні ў якім разе нельга крыўдзіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але і перагібаў не павінна быць, тыпу таго, што зазірнуў у палату адным вокам - атрымаў надбаўку. Гэтага быць не павінна".
"Несправядлівасць, калі мы яе дапускаем, вельмі крыўдзіць людзей. Таму паглядзіце на гэтыя пытанні ўважліва", - дадаў Прэзідэнт.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць клопату кожнага чалавека аб сваім здароўі, асабліва ў перыяд абвастрэння эпідэміялагічнай сітуацыі.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што самае галоўнае ў барацьбе з любой хваробай - берагчы сябе і сваіх родных. "Калі мы не будзем гэтым займацца самі, ніякія ўрачы нас не выратуюць і не вылечаць. Тое, што адбываецца цяпер, дапусцім, на вуліцах Мінска ў выхадныя, - зразумела, якія будуць наступствы. І захваральнасць у Мінску вышэйшая, чым у іншых рэгіёнах. Вось вынікі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Усё ў нашых руках для таго, каб не зваліцца ў некантралюемы эпідэмічны штопар, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Заставацца здаровым, не дапускаць хваробы - гэта не праблема ўрачоў і не іх галаўны боль! Работа медыкаў - дапамагаць тады, калі па волі выпадку няшчасце здарылася. А ўсё астатняе - за намі. Нам неабходна вучыцца слухаць урачоў, строга выконваць рэкамендацыі. Як мінімум зрабіце прышчэпку ад грыпу, калі вы лічыце гэта патрэбным, і выконвайце правілы гігіены".
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб рэкамендацыі захоўваць разумную сацыяльную дыстанцыю. Разам з тым ён падкрэсліў, што прытрымлівацца парад медыкаў трэба асэнсавана, а не слепа трымацца інструкцый. Напрыклад, які сэнс рассаджваць студэнтаў у аўдыторыі ў шахматным парадку, калі ў час перапынкаў яны ўсё роўна збіраюцца кампаніямі?
"Самае галоўнае пры ўсіх гэтых мерах - не перагрузіць сістэму аховы здароўя, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Пакуль, паводле той інфармацыі, якую я маю, у нас сітуацыя нармальная. Трэба, каб існуючы запас так званых ложкаў застаўся незадзейнічаным. Няхай яны лепш паражняком прастойваюць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за вясенні перыяд, калі назіраўся пік захваральнасці, у Беларусі напрацавалі добрую медыцынскую практыку ў барацьбе з каранавірусам. "Той вопыт, які мы атрымалі, бясцэнны. І той шлях, які мы выбралі, ён таксама сёння бясцэнны для ўсяго свету, - заявіў Прэзідэнт. - Так, ніхто вам дзякуй не скажа за той шлях, які мы прайшлі, за тыя метады, якімі мы лячылі нашых людзей, што мы іх не ізалявалі, не закрывалі, рэкамендавалі быць на свежым паветры. Але калі ты ідзеш у аптэку, магазін, то абавязкова вазьмі з сабой маску".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: сёння такім шляхам пайшлі і астатнія краіны, адмяніўшы каранцінныя меры. "Гэта значыць, мы напрацавалі той бясцэнны вопыт барацьбы з каранавірусам, які трэба сёння выкарыстоўваць", - падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Міністэрства аховы здароўя павінна выпрацоўваць свае рэкамендацыі, але ў той жа час трэба абыходзіцца без перагібаў. "Давайце не будзем рэкамендаваць тое, што ў прынцыпе немагчыма ў жыцці", - сказаў Прэзідэнт.
"Я хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю: я на сённяшні дзень не маю намеру ізаляваць і закрываць краіну. Калі б мы гэта зрабілі ў лютым, сакавіку або красавіку мы пажыналі б плады: у нас не было б работы ў людзей, мы абрушылі б эканоміку, не было б нават найменшай зарплаты, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І зноў жа - гэта не выбар паміж дрэнным і зусім дрэнным або дрэнным і добрым: жыццё перад намі не ставіць сёння такіх праблем".