Нарада па пытаннях развіцця айчыннай мотавелатэхнікі
- 9
- 5:28
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе вызначэння дакладных перспектыў развіцця мотавелазавода. Для абмеркавання гэтай тэмы Кіраўнік дзяржавы 16 лютага сабраў нараду па пытаннях развіцця айчыннай мотавелатэхнікі.
Прэзідэнт нагадаў, што вытворчасць першай айчыннай мота- і велапрадукцыі пачалася ў 1945 годзе і перажыла распад Савецкага Саюза. "У апошнія гады ва ўсім свеце сфарміравалася высокае запатрабаванне на здаровы лад жыцця, а спартыўная актыўнасць стала папулярнай як ніколі. Але ці тое яшчэ будзе. Сусветны рынак велатэхнікі расце хуткімі тэмпамі, і, нягледзячы на пандэмію, прагнозы сведчаць аб яго штогадовым павелічэнні на 9 працэнтаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што такім чынам склаліся лепшыя ўмовы для развіцця вытворчасці ў гэтай сферы. У Беларусі захавана вытворчасць вела- і мотапрадукцыі айчынных гандлёвых марак AIST і "Мінск", асвоена больш за сотню новых мадэлей веласіпедаў і дзясяткі мадэлей мотатэхнікі. "Але, на жаль, фінансава-эканамічныя паказчыкі, мякка кажучы, не радуюць. І доля беларускіх веласіпедаў на ўнутраным рынку зніжаецца з году ў год і складае сёння прыкладна пятую частку", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, і экспарт слабы, не вырашае праблему продажаў.
"Гэта нядзіўна, калі страчана ключавое звяно вытворчасці - уласнае канструктарскае бюро. Для таго каб арганізаваць нейкую зборку, розуму шмат не трэба. Але гэта шлях амаль тупіковы. І праблемы прадпрыемства, займаючыся зборкай, не вырашыць. Асабліва фінансава-эканамічныя. Ды і даўгавую праблему не ўдаецца вырашыць. Механізм, якім сёння карыстаецца наш завод, - часовы. Доўга працаваць такім чынам немагчыма", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Перад удзельнікамі нарады Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг прынцыповых пытанняў. Па-першае, якой бачыцца стратэгія развіцця прадпрыемства. "Асновы нашай эканамічнай палітыкі толькі што зацвердзілі на Усебеларускім народным сходзе. Таму калі хтосьці думае, што мы цяпер прададзім некаму гэта прадпрыемства, прыватызаваўшы, а потым закрыем яго або будзем вырабляць тут адны, груба кажучы, спіцы для веласіпеда, а ўсе кампетэнцыі інвестар перанясе некуды ў Італію, Расію або Кітай, на гэта нават не разлічвайце", - папярэдзіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі гаворыць пра МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" і іншыя прадпрыемствы, ён гаворыць пра тое, што гэта твар машынабудаўнічай Беларусі, яе брэнды. "У гэтым радзе і мотавелазавод. Таму нельга яго страціць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама нагадаў аб усенародна прынятым рашэнні развіваць тыя напрамкі, дзе ў краіны ўжо ёсць тыя ці іншыя кампетэнцыі. "У нас ёсць нямала добрых спецыялістаў, якія ўмеюць рабіць веласіпеды. Ну дык давайце гэты напрамак будзем развіваць", - сказаў ён.
"Хацелася б бачыць комплексны, дакладна падлічаны бізнес-план, які арыентаваны строга на запатрабаванні спажыўцоў. Прадукцыя павінна быць высокай якасці, канкурэнтаздольная. Дрэнную прадукцыю не прадаш - вельмі моцная канкурэнцыя ў свеце ў гэтым напрамку. Прапанова будаваць прадпрыемства за бюджэтныя грошы ў цэнтры Мінска крытыкі таксама не вытрымлівае. Неабходна выпрацаваць адназначную эканамічна абгрунтаваную, эфектыўную мадэль развіцця вытворчасці з гарантаваным тэрмінам акупнасці прыкладна 5 гадоў. Калі такі план будзе, яго можна разглядаць і весці размову аб фінансаванні", - сказаў Прэзідэнт.
Па-другое, ён запатрабаваў далажыць прапановы па варыянтах расчысткі даўгоў. "Ідэі разарваць прадпрыемства на кавалкі, а затым іх раздаць па банках (Белгазпрамбанк, Альфа-банк і іншыя) я расцэньваю як антыдзяржаўныя. Гэта знішчэнне прадпрыемства", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па-трэцяе, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што будзе з дзеючай вытворчай пляцоўкай.
"Гэта смачны кавалак, выдатны ўчастак у цэнтры горада, і яго памеры перавышаюць патрэбнасці прадпрыемства. Таму гораду разам з Урадам трэба падумаць, як выкарыстоўваць гэту пляцоўку, каб была карысць для дзяржавы і для людзей", - даручыў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не павінна быць прапаноў пабудаваць там жыллё. "Ды і не патрэбна нам, як мы дамовіліся зноў жа на сходзе, столькі жылля ў Мінску. Мы ж усю краіну сцягнем у Мінск. Пра гэта ўжо не раз размаўлялі", - заўважыў ён.
"Словам, я чакаю прапаноў. І прапаноў прапрацаваных", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.