Нарада па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення VI Усебеларускага народнага сходу
- 8
- 2:24
Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу 8 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў заключную нараду па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення форуму.
"Хоць работы яшчэ наперадзе нямала, і гэта работа будзе звязана не толькі з выступленнямі, заключэннямі, рэзалюцыямі Усебеларускага народнага сходу, але і з матэрыяламі даклада Прэзідэнта, яго выступлення на гэтым сходзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў пра сацыялагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў Беларусі на працягу апошняга месяца ў два этапы. У іх прынялі ўдзел амаль 10 тыс. чалавек. "Гэта, можна сказаць, глыбокае вывучэнне настрояў у нашым грамадстве. Гэта ў 10 разоў больш, чым звычайна сацыёлагі даследуюць па тых ці іншых пытаннях групы людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Першы этап - мы ўзялі практычна чыста гарадское насельніцтва. Прадпрыемствы былі даследаваны сярэдняга ўзроўню (па настроях). Гэта значыць, не самыя адданыя ўладзе, але і не самыя апазіцыйныя - узялі сярэдзіну, - расказаў Прэзідэнт. - Другі этап - у апошні тыдзень пасля майго звароту да людзей, каб яны адказалі на пытанні. І там мы даследавалі ўсё насельніцтва, пачынаючы ад вёсак і заканчваючы горадам Мінскам".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер вынікі абагульняюцца. "Асабліва для мяне гэта было вельмі важна. Таму што выступаць на Усебеларускім народным сходзе, планаваць нешта, не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве, гэта вельмі складана. Таму было праведзена вывучэнне настрояў нашых людзей", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што аб'ектыўнасць даследаванняў самая высокая. У правядзенні сацапытанняў былі задзейнічаны замежныя сацыялагічныя службы. "Яны будуць, перш за ўсё, падводзіць вынікі. І нашы працавалі - і дзяржаўныя, і прыватныя сацыялагічныя арганізацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы асобна выказаў словы ўдзячнасці ў адрас людзей, якія прымалі ўдзел у апытаннях у якасці рэспандэнтаў, і нагадаў, што даследаванне праводзілася на ўмовах поўнай ананімнасці. "Я вельмі ўдзячны людзям за тое, што яны прынялі ўдзел у гэтым даследаванні. Гэта будзе мець вялікае значэнне для выпрацоўкі будучых праграм і будучага руху нашай краіны ў тым ці іншым напрамку", - падкрэсліў беларускі лідар.