Нарада па пытаннях распрацоўкі і вытворчасці ў краіне процівірусных вакцын
- 7
- 4:52
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 снежня правёў нараду па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ўвага ўсяго свету сканцэнтравана на адной праблеме - ліквідацыі ўспышкі пандэміі COVID-19. Для гэтага ва ўсіх краінах прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры, і Беларусь не выключэнне. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне змагаюцца з распаўсюджваннем каранавіруса "спакойна, як належыць, захаваўшы сістэму аховы здароўя".
"Апошнія два тыдні мы рэгулярна разглядаем пытанні арганізацыі выяўлення і лячэння ў краіне хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць наступны этап процістаяння глабальнай хваробе - масавую вакцынацыю насельніцтва ў мэтах выпрацоўкі так званага калектыўнага імунітэту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У "гонку вакцын" сёння актыўна ўключыліся амаль усе краіны, ідзе распрацоўка каля 200 патэнцыяльных прэпаратаў. Штодзень гучаць заявы пра поспехі і тут жа з'яўляецца інфармацыйнае выкрыццё, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"На жаль, пытанне здароўя людзей, мільёнаў жыццяў, лёсаў пераходзіць у толькі камерцыйную плоскасць. Акрамя таго, краіны, якія маюць неабходны навуковы і вытворчы патэнцыял, у пытанні стварэння і вытворчасці вакцын у першую чаргу ўлічваюць свае патрэбнасці і, шчыра кажучы, палітычныя прыярытэты, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пры нядобрым развіцці падзей граніцы імгненна закрываюцца, вываз біятэхналагічнай прадукцыі, вырабаў медыцынскага прызначэння і спецыяльнага абсталявання блакіруецца".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сусветная супольнасць і міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць прапанаваць дзейсных інструментаў аднаўлення справядлівасці і чалавечнасці ў гэтым пытанні.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, каб правесці маштабную вакцынацыю ад COVID-19, Беларусь можа пайсці двума шляхамі. Першы заключаецца ў распрацоўцы ўласных вакцын. "Ёсць вучоныя, ёсць напрацоўкі, ёсць школа - трэба гэтым займацца. На што выйдзем, я вас хачу сёння паслухаць, каб дарэмна не траціць грошы. Таму ўласнымі беларускімі вакцынамі займацца будзем", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вытворчасць імуналагічных прэпаратаў такога ўзроўню - абсалютна новая для Беларусі задача. "Ёсць пэўны патэнцыял і ў Міністэрстве аховы здароўя, і ў Акадэміі навук. Як мне дакладваюць, на вырашэнне гэтай задачы ўжо нацэлены вядучыя супрацоўнікі і вучоныя ў сферах вірусалогіі, імуналогіі, генетыкі, клетачнай інжынерыі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Каб выбраць найбольш характэрны штам віруса для вытворчасці вакцыны, вывучана генетычная разнастайнасць яго варыянтаў. Адпрацоўваюцца тры магчымыя тэхналогіі атрымання прататыпа вакцыны. Вывучаецца дынаміка стану імунітэту ў пацыентаў пасля перанесенай пнеўманіі, выкліканай каранавірусам, а таксама аспекты захавання імуннага адказу арганізма.
Гэта дапаможа выбраць асноўную "мішэнь" для стварэння айчыннай вакцыны, адзначыў Прэзідэнт. Паралельна адпрацоўваецца тэхналагічны працэс, ідзе пошук пастаўшчыкоў для закупкі абсталявання.
Другі падыход заключаецца ў лакалізацыі вытворчасці замежных распрацовак. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія ўжо вывучаныя і прапрацаваныя акалічнасці - тэрміны, аб'ёмы, крыніцы фінансавання і перспектыўныя магчымасці, а таксама на якім этапе сумесны праект холдынга "Белфармпрам" і расійскага Нацыянальнага даследчага цэнтра імя Гамалеі.
"Аднак незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала - краіна будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, у першую чаргу будуць прышчэплены пажылыя людзі, медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю. "Для гэтага мы заўсёды знойдзем сродкі, і абавязаны гэта зрабіць", - падкрэсліў ён.