Нарада аб праектах прававых актаў
- 1
Праекты прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва, абмеркаваны 21 снежня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дакументы разнапланавыя. Таму ад службовых асоб, адказных за іх распрацоўку, ён хоча пачуць вычарпальныя адказы на наступныя пытанні.
"Па-першае, мы ўзялі курс на развіццё лічбавай эканомікі. Нядаўна разгледзелі гэтыя пытанні на нарадзе. Цяпер хачу пачуць ад прысутных аб канкрэтных аспектах гэтага маштабнага праекта. Як яны паўплываюць на традыцыйную эканоміку і што гэта дасць для краіны? Такое абмеркаванне будзе апошнім і ў бягучым годзе, і наогул перад тым, як мною будзе падпісаны гэты дэкрэт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па-другое, падкрэсліў Прэзідэнт, асабліва грунтоўна трэба абмеркаваць прапановы Урада па забеспячэнні занятасці насельніцтва. "Я абяцаў, што да канца гэтага года мы распрацуем і прымем дэкрэт Прэзідэнта, які будзе развіваць вядомы Дэкрэт № 3. Мы з вамі тады дамовіліся, каб нас не крытыкавалі і не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаны пры распрацоўцы Дэкрэта № 3, зрабіць яго прыземленым", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты дакумент павінен быць збалансаваным. "З аднаго боку - даць людзям магчымасць працаўладкавацца, з іншага - прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча, - растлумачыў Прэзідэнт. - Другое канцэптуальнае патрабаванне: не мы адсюль, з цэнтра, павінны адшукваць гэтых непрацуючых людзей і прымяняць да іх меры. Яны жывуць у канкрэтных гарадах, канкрэтных вёсках, і там ёсць органы ўлады, якія разбяруцца, можа чалавек працаваць, не можа, трапіў ён у цяжкую сітуацыю ці не трапіў".
Кіраўнік дзяржавы перакананы: калі чалавек трапіў у цяжкую сітуацыю, яго трэба падтрымаць, а калі ён сапраўды дармаед, значыць, яго трэба прымусіць працаваць. "І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як юрысты кажуць, прававое поле", - заявіў ён.
Прэзідэнт пацікавіўся ў распрацоўшчыкаў дакумента і членаў Урада, ці рэалізаваны ў новай рэдакцыі дэкрэта гэтыя канцэптуальныя патрабаванні.
"Па-трэцяе, у красавіку гэтага года на нарадзе аб перспектывах беларускай навукі мною было дадзена даручэнне выпрацаваць новыя прынцыпы і падыходы да налічэння заработнай платы вучоным. Што зроблена ў гэтым напрамку? Якія прапануюцца механізмы і крыніцы аплаты працы вучоных? Наколькі эфектыўнымі будуць прапануемыя меры?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
![]()
"Іншымі словамі, ці стануць на практыцы вучоныя атрымліваць дастойную заработную плату за вынікі сваёй работы? Гэта галоўнае канцэптуальнае патрабаванне: ёсць вынік - плацім, працуеш на вынік - авансуем, па выніку трэба заплаціць большыя грошы вучоным", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што на праведзеным нядаўна II З'ездзе вучоных Беларусі ён паабяцаў падпісаць дакумент аб павышэнні зарплат у навуковай сферы. "Яго распрацоўку і так зацягнулі", - канстатаваў ён.
Асобна былі разгледжаны прапановах Акадэміі навук аб стварэнні і ўмовах работы Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка "БелБіяград". "У мяне такое ўражанне, што чым больш адукаваны і вучоны чалавек, тым больш ён пачынае выдумляць. "Нацыянальны навукова-тэхналагічны парк" - без "нацыянальнага" не абыдземся, так? Трэба абавязкова выдумаць нейкі асаблівы статус. Я паглядзеў на праект адпаведнага ўказа: там яшчэ ўводзіцца нейкая асаблівая зона. Што гэта за асаблівая зона і ці ёсць у нас такія зоны ў заканадаўстве наогул і на практыцы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі запатрабаваны жыццём гэты праект і што ён дасць для развіцця навукі і эканомікі.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што частка вынесеных на абмеркаванне праектаў дакументаў датычацца развіцця асобных прадпрыемстваў прамысловасці. "Як прапануемыя меры паўплываюць на стабільнасць работы нашых флагманаў у металургіі, машынабудаванні, дрэваапрацоўцы і домабудаванні? Я маю на ўвазе гэтыя праекты дакументаў, дзе вы зноў просіце падтрымкі для прадпрыемстваў з бюджэту", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на гэту тэму нядаўна праводзілася ўжо нарада, і ён агучваў сваю пазіцыю па гэтым пытанні.
На нарадзе яшчэ раз былі разгледжаны прапановы па развіцці лічбавай эканомікі і тыя магчымасці, якія гэта нясе не толькі для ІТ-сектара, але і для іншых галін.
Падрабязна абмеркаваны меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва. На гэта накіраваны абноўлены Дэкрэт № 3, які будзе выкладзены ў новай рэдакцыі і пачне працаваць у поўным аб'ёме з 1 студзеня 2019 года. Работа ў рамках новай рэдакцыі дакумента будзе прадугледжваць максімальна індывідуальны падыход. Асноўнымі адказнымі выканаўцамі пры рэалізацыі дакумента будуць мясцовыя органы ўлады і камісіі, якія будуць стварацца ў адміністрацыях раёнаў і гарадоў. Урад вызначыць адпаведныя крытэрыі і пералік паслуг, кошт якіх тыя, хто трапляе пад нормы абноўленага Дэкрэта, будуць абавязаны кампенсаваць у поўным аб'ёме. Калі ў той ці іншай мясцовасці не будзе рабочых месц, то задача па іх стварэнні або забеспячэнні перападрыхтоўкі незанятых грамадзян будзе ляжаць на органах улады.
Аляксандр Лукашэнка таксама ў цэлым падтрымаў праекты ўказаў, якія накіраваны на стымуляванне навуковай дзейнасці, у тым ліку павышэнне аплаты працы вучоных, а таксама стварэнне навукова-тэхналагічнага парка "БелБіяград". Прэзідэнт дэталёва цікавіўся, наколькі гэты праект запатрабаваны жыццём і што ён дасць для развіцця навукі і эканомікі. Выслухаўшы дакладчыкаў, Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю і агульныя падыходы па стварэнні парка. Разам з тым ён даручыў у бліжэйшы час падрыхтаваць для яго падрабязную інфармацыю аб тым, як будзе арганізавана дзейнасць "БелБіяграда".
![]()
Што датычыцца праектаў прававых актаў па пытаннях развіцця асобных прадпрыемстваў прамысловасці, Аляксандр Лукашэнка перасцярог прамсектар ад неабгрунтаваных надзей на новую порцыю дзяржпадтрымкі. У вынесеных на абмеркаванне дакументах прапаноўвалася прадаставіць шэрагу прапрадпрыемстваў пэўныя паслабленні ў частцы тэрмінаў вяртання раней узятых бюджэтных пазык, крэдытаў, пэўных растэрміновак. "Я хацеў бы паглядзець у вочы, шчыра кажучы, членам Урада, якія ўносяць прапановы зноў з бюджэту кагосьці і штосьці падтрымліваць. На гэту тэму мы з вамі ўжо гаварылі. І Адміністрацыя Прэзідэнта пасля строгага патрабавання ўнесла прапановы, у тым ліку і кадравыя. Яны будуць падтрыманы", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы на нарадзе падкрэсліў, што проста так хадзіць і браць грошы з бюджэту нікому не будзе дазволена. Яго цікавіла пытанне эфектыўнасці работы прадпрыемстваў - рэнтабельнасць, прыбытак, дынаміка, праекты і наяўнасць кантрактаў.
Па выніках абмеркавання прыняты канкрэтныя рашэнні. Шэраг прадпрыемстваў змогуць разлічваць на падтрымку для папаўнення абаротных сродкаў, не толькі пад перспектыўныя кантракты і на больш строгіх умовах, чым прапаноўвалася з самага пачатку. Пры гэтым неабходна будзе прадставіць дакладны графік пагашэння даўгавых абавязацельстваў.
Прэзідэнт таксама даручыў Камітэту дзяржкантролю і Адміністрацыі Прэзідэнта вывучыць сітуацыю ў будаўнічай галіне, паколькі да яе работы ёсць шмат нараканняў. Для гэтага будзе створана спецыяльная група. Было адзначана, што далёка не ўсе арганізацыі загружаны на поўную моц. Неабходна прааналізаваць і эфектыўнасць работы кіраўнікоў і топ-менеджараў прадпрыемстваў будаўнічай галіны.