Даклад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка заслухаў даклад старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі.
Работа аграпрамысловага комплексу рэгіёна ў цэлым і сумежных галін - на гэтым быў зроблены асноўны акцэнт. Кіраўніку дзяржавы падрабязна і грунтоўна даложана аб ходзе пасяўной кампаніі ў Магілёўскай вобласці, аб бягучай дзейнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў мясной і малочнай прамысловасці, фарміраванні сыравінных зон пад іх патрэбнасці, а таксама аб сітуацыі ў асобных раёнах у мэтах развіцця раней дадзеных Прэзідэнтам даручэнняў.
Размова ішла як аб рабоце буйных рэгіянальных вытворцаў малочнай прадукцыі, у прыватнасці ААТ "Бабуліна крынка" і "Малочныя горкі", так і аб ходзе будаўніцтва новага малакаперапрацоўчага завода ў Шклове магутнасцю 300 т малака за суткі.
У сувязі з развіццём дзеючых і з'яўленнем новых перапрацоўчых вытворчасцей асобна абмяркоўвалася тэма размеркавання і эфектыўнага выкарыстання сыравінных зон. Да канца пяцігодкі перад Магілёўскай вобласцю стаіць задача максімальна нарасціць аб'ёмы вытворчасці малака і выйсці на 1 млн т у год.
Асобнай тэмай даклада стаў стан спраў у Дрыбінскім раёне, які Кіраўнік дзяржавы наведваў 13 сакавіка. Тады быў дадзены шэраг даручэнняў па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Акцэнт зроблены на сельскагаспадарчай вытворчасці - узбуйненні гаспадарак, нарошчванні пагалоўя ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі, будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў. Як было даложана Прэзідэнту, выпрацаваны прапановы па ўзбуйненні раёна за кошт тэрыторый прылеглых суседніх раёнаў, у выніку чаго ўдвая павялічыцца колькасць сельгаспрадпрыемстваў. Гэтыя пераўтварэнні дадуць магчымасць надаць дадатковую дынаміку развіццю Дрыбінскага раёна.
Размова ішла таксама аб рабоце рэканструяванага Шклоўскага райаграсэрвісу, дзе арганізавана сучасная пляцоўка для рамонту сельгастэхнікі. Прэзідэнт даручаў зрабіць яе паказальнай і ўзорнай для іншых рэгіёнаў. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама далажыў, як выконваецца гэта задача.
Акрамя таго, закраналіся пытанні падбору і забяспечанасці кіраўніцкімі кадрамі ў Магілёўскай вобласці. Яны разглядаліся на прыкладзе Шклоўскага раёна. Даложана, што ў цэлым сельгаспрадпрыемствы ўкамплектаваны кіруючым складам, на ўзроўні аблвыканкама ім аказваецца неабходнае садзейнічанне.
Што датычыцца пасяўной кампаніі, Прэзідэнту даложана, што яна праходзіць у планавым рэжыме. Ёсць невялікае адставанне, якое аграрыі разлічваюць навярстаць у бліжэйшы час. Сельгасарганізацыі на перыяд веснавых палявых работ у дастатковым аб'ёме забяспечаны ўсім неабходным, у тым ліку тэхнікай, угнаеннямі.


