Даклад пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова

  • 6
  • 6:17

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 верасня прыняў з дакладам пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова, які прымаў удзел у сустрэчы беларускага лідара з амерыканскай дэлегацыяй на чале з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.

Кіраўнік дзяржавы даў канкрэтныя ўказанні наконт таго, як дзейнічаць далей у напрамку да поўнай нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Беларуссю і ЗША ва ўсіх сферах.

"Мы правялі грунтоўную размову з дэлегацыяй ЗША. І абмеркавалі дзясятак пытанняў, якія датычацца нашых адносін. Я спецыяльна запрасіў Вас, каб мы з гэтага комплексу пытанняў яшчэ раз адназначна вызначылі тыя напрамкі, па якіх нам трэба будзе працаваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы. - Паколькі Вы там на вастрыі (і гэта вастрыё яшчэ не затупілася, і я не збіраюся яго мяняць), думаю, што Вы перш за ўсё павінны ведаць, разумець, у якім напрамку дзейнічаць. Тое, што адбываецца ў цэлым (Вы ўчора перакладалі на гэтых перагаворах, вельмі доўгіх), Вы валодаеце абстаноўкай. Але я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць асноўныя напрамкі, па якіх мы павінны рухацца".

Перш за ўсё Прэзідэнт папрасіў падзякаваць Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп за пасланне, перададзенае ў яго адрас прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам. "За тыя віншаванні, якія яны накіравалі ў мой адрас, і пажаданні. Мы разумеем, умеем чытаць паміж радкоў. Мы вельмі цэнім гэта пасланне Дональда Трампа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Галоўная наша задача - стаць побач з Трампам і дапамагаць яму ў місіі па ўстанаўленні міру. Сем войнаў і канфліктаў спыніў ён або шэсць - невялікая розніца. Але ён сапраўды, як ні адзін іншы Прэзідэнт (ЗША. - Заўвага), укладваецца ў тое, каб гэтых войнаў не было. І асноўная яго задача - гэта вайна ва Украіне (вырашэнне гэтага канфлікту. - Заўвага). Для нас гэта вельмі важны напрамак. Таму мы павінны ўсяляк падтрымліваць яго імкненні. І я папрашу Вас не тое што не адыходзіць ад гэтага пытання, а рабіць усё для таго, каб гэта пытанне не сышло на нішто", - даручыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разумее Дональда Трампа: "Адзін бок адно хоча. Другі - іншага. Ён паміж імі пасрэднік. Якім бы ён моцным, магутным ні быў, ён жа не будзе вырашаць пытанні ні за Расію, ні за Украіну. Таму трэба дзейнічаць разам".

"Тое, што амерыканцы гаварылі, расіяне, я абсалютна ўпэўнены, гатовы прымаць гэта. Мы ўжо не аднойчы з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі. Пытанне за еўрапейцамі і Зяленскім. Яны думаюць ва Украіне выйграць вайну, перамагчы. Гэтага ніколі не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Ты бачыш, што адбываецца апошнім часам. Беспілотнікі там заляцелі. Нават нас (папракалі. - Заўвага). Яны да нас не ляцелі гэтыя беспілотнікі. Мы бачылі, куды ляцелі гэтыя беспілотнікі. Усе, што маглі мы знішчыць, мы збілі, гэтыя беспілотнікі. Але некалькі засталося. Мы імгненна, задоўга, наколькі гэта магчыма, праінфармавалі Польшчу. Што ў выніку атрымалі? - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Слухайце, як дзікуны. Вось нагнятаюць абстаноўку на роўным месцы. Яны, напэўна, хочуць, каб мы адэкватным чынам на гэта рэагавалі. Ну я ўжо тысячу разоў папярэджваў, што мы не хочам ніякіх войнаў і канфліктаў. Мы не хочам закрыцця граніц. Але калі нас будуць ставіць перад фактам, мы вымушаны будзем рэагаваць".

"Як я ўжо раней гаварыў, што палякі людзі разумныя. Яны не дапусцяць усялякіх шараханняў там - Тускаў, Наўроцкіх, Дудаў і гэтак далей. Паразумнеў, не стаў Прэзідэнтам (я маю на ўвазе Дуду) - пачаў даваць нейкія інтэрв'ю. Першым быў падпальшчыкам вайны ва Украіне. Цяпер ужо абвінавачвае Украіну. Што гэта такое? Ну гэта іх праблемы. Наша справа - абараніць краіну".

"Амерыканцы павінны ведаць аб нашай пазіцыі і не папракаць нас у тым, у чым мы, у прынцыпе, не вінаватыя. Я Трампу ў размове сказаў: "Мы - саюзнікі Расіі, і гэтым усё сказана". Ён сказаў: "Я разумею. Амерыканцы гэта разумеюць, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад зоны канфлікту. Але ніяк не могуць зразумець нашы суседзі, у тым ліку братэрская нам Украіна. Як быццам некаму гэта вайна патрэбна. Ну, канфігурацыя вырысоўваецца, мы ў бліжэйшы час даведаемся, каму гэта вайна патрэбна, але мы павінны працаваць на мір. Гэта - галоўнае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся і на тэму памілавання шэрага зняволеных, якая ўзнімалася ў ходзе яго перагавораў з дэлегацыяй з ЗША. Ён адзначыў, што гэту тэму Прэзідэнту Дональду Трампу "падсоўваюць, падкідваюць".

"Мы гатовы на гэту тэму размаўляць. Тым больш амерыканцы займаюць канструктыўную пазіцыю, вельмі канструктыўную пазіцыю па так званых палітзняволеных. Нам ні палітзняволеныя, ні наогул зняволеныя не патрэбны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яны гавораць: тысячу, дзевяцьсот, тысячу трыста, тысячу чатырыста… (размова аб розных лічбах, якія часам гучаць, аб колькасці ў Беларусі так званых палітзняволеных. - Заўвага). Але мы не хапалі першых, хто папаўся на вуліцы. Мы разумеем, што яшчэ некалькі тысяч ходзяць і скоса глядзяць на ўладу, на краіну і гэтак далей, хочуць тут нешта перавярнуць. Мы гэта разумеем. Толькі тыя (былі асуджаны. - Заўвага), якія сапраўды ўдзельнічалі ў гэтым мяцяжы".

"І амерыканцы гэта разумеюць. Ну звяртаюцца да іх людзі, бацькі (гэтых зняволеных. - Заўвага) і гэтак далей. Яны рэагуюць на гэта. Мы іх чуем. З задавальненнем размаўляем на гэту тэму. І калі будзе хоць самая малая магчымасць да вызвалення асобных людзей, тым больш яны іх забіраюць туды ў Еўропу або некуды, - калі ласка", - дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца зняцця часткі амерыканскіх санкцый, Аляксандр Лукашэнка назваў гэта важным рашэннем, але не асноўным напрамкам у рабоце. "Тое, што яны пачалі здымаць санкцыі з нас - амерыканцы, - дзякуй ім за гэта, нам будзе лягчэй працаваць. Гэта таксама вельмі важна. І гэта не асноўны, як я цябе папярэджваў, напрамак у нашай рабоце. Але ён існуе. Ён стаіць над эканомікай, а эканоміка - гэта жыццё людзей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.