Даклад пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога
- 3
- 2:19
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка прыняў з дакладам пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога.
Пасля нарады па экспарце беларускіх тавараў, на якой, у прыватнасці, абмяркоўваўся продаж калійных угнаенняў і звязаныя з гэтым пытанні, Кіраўнік дзяржавы правёў асобную сустрэчу з паслом Беларусі ў Расіі Дзмітрыем Крутым. Тэмай даклада стаў экспарт у Расію і парадак дня маючай адбыцца сустрэчы двух прэзідэнтаў.
"Якія пытанні заслугоўваюць, на Ваш пункт гледжання, увагі на вышэйшым узроўні? У сувязі з тым, што з Прэзідэнтам Пуціным мы сустрэнемся літаральна праз паўтара тыдня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як стала вядома ў час сустрэчы, у Беларусі будзе створана камісія па кантролі за экспартам у Расію. Узначаліць яе Дзмітрый Крутой. Адпаведны Указ павінен быць падпісаны ў бліжэйшы час.
"Прапісвайце сабе нармальныя ва Указе паўнамоцтвы, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Вядома, гэта будзе нагрузка на той апарат, які ў вас існуе. Нічога, ты як новы чалавек знойдзеш тых людзей, якія сёння ў вас недазагружаны або якія могуць выканаць большы аб'ём работы. Але і тут міністраў, апарат Урада - трэба задзейнічаць усіх, каго вы палічыце патрэбным".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладваць яму непасрэдна, калі ў рабоце камісіі будуць узнікаць якія-небудзь пытанні. "Ваша справа, як вы будзеце планаваць гэту работу. Калі да мяне будуць звяртацца людзі, яны адразу ж пойдуць да вас. А вы там збірайцеся разам і абмяркоўвайце. У Вас у характары калегіяльнасць прысутнічае, я думаю, што і адказнасць у Вас прысутнічае. Непасрэдна дакладвайце, гаварыце, што трэба будзе зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы выстаялі. Цяпер трэба паднімацца з калень. Санкцыі, не санкцыі - увесь свет і мінеральныя ўгнаенні гатовы купляць, і нафтапрадукты. Нават у Расіі дэфіцыт. І гэтак далей. Таму няма такіх тавараў у Беларусі, якія мы не можам прадаць. Проста трэба варушыцца. Вы, ваша камісія адказныя за асабліва важныя групы тавараў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.