Даклад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава
- 4
- 1:40
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня прыняў з дакладам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава.
"Часта мне даводзілася з вамі размаўляць. Асабліва гэтай зімой. Нездарма напружваў я і вобласці, і краіну, і вас. Асабліва з зімоўкай жывёлы. І Гасподзь нас сур'ёзна праверыў. Таму першае пытанне: якая сітуацыя цяпер у сельскай гаспадарцы? Асабліва з захаванасцю жывёлы. Што насцярожвае? Гэта самае важнае пытанне. Якія рэгіёны ў нас наперадзе, а якія адстаюць? І, самае галоўнае, прычына таго, што мы недзе не спрацоўваем", - абазначыў тэму размовы Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як вырашаюцца раней пастаўленыя задачы па аднаўленні і арганізацыі работы раённых арганізацый, такіх як райаграсэрвіс, райсельгасхімія, будаўнічыя арганізацыі. "Каб у руках у старшыні райвыканкама (ты працаваў старшынёй райвыканкама, ведаеш, што гэта такое) быў нейкі інструмент для таго, каб не проста сядзець у кабінеце і "рукамі вадзіць" - кіраваць кімсьці. Але каб у яго быў інструмент на нешта ўплываць і аказваць дапамогу і падтрымку. У нас ёсць шэраг раёнаў, якія гэтыя задачы вырашылі. І вясной, вядома, мы паедзем туды і запросім адпаведных службовых асоб, каб яны разумелі, як гэта трэба зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.
У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў з дакладамі старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава і генеральнага дырэктара агракамбіната "Дзяржынскі" Уладзіміра Лук'янава.
У адносінах да ўсіх трох запрошаных на гутарку да Кіраўніка дзяржавы былі просьбы Урада і прапановы Адміністрацыі Прэзідэнта аб перамяшчэнні іх на іншую працу. Па выніках праведзеных размоў Прэзідэнтам гэтыя прапановы былі адхілены. З іх згоды ўсе застаюцца на сваіх месцах і пасадах. З кожным з дакладчыкаў Прэзідэнт, як і анансаваў, правёў мужчынскую размову. Улічана і тое, што кожны з запрошаных на гутарку даволі добра спраўляецца са сваімі абавязкамі па цяперашнім месцы працы.


