Даклад генеральнага дырэктара ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" Уладзіміра Лук'янава
- 4
- 5:09
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня прыняў з дакладам генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства "Агракамбінат "Дзяржынскі" Уладзіміра Лук'янава.
Кіраўнік дзяржавы ва ўступным слове назваў агракамбінат "махінай", маючы на ўвазе маштабы вытворчасці і займаемыя тэрыторыі. Ужо цяпер "Дзяржынскі" працуе ў 9 раёнах Мінскай вобласці, і размова ідзе аб магчымасці далейшага пашырэння агракамбіната, далучэнні іншых актываў ужо ў іншых рэгіёнах краіны, у тым ліку не самых паспяховых. Гэта якраз і абмяркоўвалася пры размове ў Прэзідэнта.
"Важна, каб у гаспадара быў які-небудзь запас грошай. Гэта зразумела. Але збіраць грошы цяпер, каб яны недзе мёртвым грузам ляжалі, нават на рахунках у банку, не трэба. Лепш укладваць у справу. І гэта патрэбна. Мы будзем вас да гэтага стымуляваць. Тым больш дзяржаўных людзей, дзяржаўныя прадпрыемствы. Ды і прыватныя. Яны ж да нас таксама звяртаюцца за падтрымкай. Ну дык давайце, вырашайце дзяржаўныя пытанні. Таму трэба ўкладвацца. А куды ўкладвацца? Трэба ўкладвацца ў прадпрыемствы, калгасы, саўгасы, у зямлю трэба ўкладвацца. Таму што адтуль кармы і адтуль зерне, якое для тваёй птушкі патрэбна будзе. І калі свініна будзе, яшчэ нешта... Гэта ж зерне. Ты ж не накорміш свіней і асабліва птушку нейкім сенам, саломай ці сіласам - патрэбна будзе зерне. Таму трэба ўкладвацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Добра, што развіваешся. Махіна, вядома (гаворка пра агракамбінат. - Заўвага). Рэнтабельна працуеш. Трэба вельмі асцярожна ісці на гэтыя далучэнні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся, у колькіх раёнах краіны працуе ўжо агракамбінат "Дзяржынскі".
"Дзевяць раёнаў Мінскай вобласці. І цяпер разглядаецца пытанне па далучэнні Аршанскага мясакамбіната, у склад якога ўваходзяць яшчэ чатыры прадпрыемствы. Гэта ў Аршанскім і Талачынскім раёнах", - адказаў Уладзімір Лук'янаў.
"Гэта вам трэба сур'ёзна над гэтым падумаць. Самае галоўнае, каб вам не ўпіхнулі там дадаткова нешта. Таму што прадпрыемства ў вас вялізнае", - адзначыў беларускі лідар.
Тым не менш Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што кіраўнік агракамбіната "Дзяржынскі" дакладна зможа арганізацыйна дапамагчы ў развіцці вытворчасці: "Можа, там і не будзеш грошы ўкладваць. Але арганізацыйна, я ўпэўнены, ты прымусіш Аршанскі раён і прылеглы Талачынскі працаваць так, як мае быць. Можа, нават і не трэба разбураць гэту інтэграцыйную структуру. Што тут дрэннага? Мясакамбінат, вакол яго прадпрыемствы. Так, яны слабыя - гэтыя прадпрыемствы. Ну дык трэба прымусіць, каб яны працавалі і былі моцнымі".
"Я хачу, каб ты таксама прыгледзеўся. Недзе, можа, на захадзе Віцебскай вобласці якую-небудзь інтэграцыйную структуру ўзяць пад кантроль. Ты хутчэй там справішся, маючы вопыт", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу расказаў аб аналагічным падыходзе ў пашырэнні сыравінных зон і для іншых кампаній, якія працуюць у АПК: "Пара ў нас добрых, талковых ёсць. Саша Машэнскі і Жэня Баскін. Мы ім у Віцебскай вобласці: "Хочаце - вось вам сыравінная зона, інтэграцыйная, як мы іх называлі, структура. Бярыце, пакажыце. Зробіце нейкія крокі - мы будзем дапамагаць".
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, колькі зямель на гэты момант ёсць у структуры "Дзяржынскага". Кіраўнік агракамбіната далажыў, што 130 тыс. га.
"У нас нават раёна такога, напэўна, у краіне няма. А ў вас столькі зямель і вытворчасць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка з улікам структуры агракамбіната, дзе значную долю займае птушкагадоўля, падкрэсліў важнасць забеспячэння кармамі.
"Таму мы пакрыху далучаем землі, павялічваем выручку, прыбытак. За кошт гэтай выручкі і прыбытку далучаем гэтыя прадпрыемствы. У лютым уваходзіць у склад ужо Слуцкі мясакамбінат з даўгамі, якія мы бяром на сябе. І за кошт прыбытку будзем (іх абслугоўваць і пагашаць. - Заўвага)", - расказаў кіраўнік агракамбіната.
"Глядзі, каб Слуцкі мясакамбінат, калі яго забіраеш сабе (так, ты свае аб'ёмы будзеш перапрацоўваць), каб сыравінная зона, якая ў яго ёсць, не выпадала. Ды яна табе і патрэбна будзе, каб загрузіць гэты камбінат", - даў параду Кіраўнік дзяржавы.
У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў з дакладамі старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава.
У адносінах да ўсіх трох запрошаных на гутарку да Кіраўніка дзяржавы былі просьбы Урада і прапановы Адміністрацыі Прэзідэнта аб перамяшчэнні іх на іншую працу. Па выніках праведзеных размоў Прэзідэнтам гэтыя прапановы былі адхілены. З іх згоды ўсе застаюцца на сваіх месцах і пасадах. З кожным з дакладчыкаў Прэзідэнт, як і анансаваў, правёў мужчынскую размову. Улічана і тое, што кожны з запрошаных на гутарку даволі добра спраўляецца са сваімі абавязкамі па цяперашнім месцы працы.


