Даклад старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава

  • 5
  • 2:28

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня прыняў з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава.

"Галоўнае пытанне - сітуацыя ў Мінску. Аб'ектыўна, сумленна. Мяне больш хвалююць праблемы. Адкрыта хачу сказаць, што я вялікіх праблем не бачу ў Мінску. Але гэта я. А Вы як кіраўнік нашага горада, сталіцы, пастаянна ў гэтым коле круціцеся і ведаеце больш, чым я. Мяне больш за ўсё хвалююць праблемы, якія ў нас існуюць і ў кіраванні гэтым мегаполісам. І якраз гэта вельмі важна ў сувязі з той сітуацыяй, якая складваецца ў Мінску ў выніку ўмоў надвор'я. Таму гэта галоўнае пытанне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час даклада Аляксандр Лукашэнка закрануў патэнцыяльнае кадравае пытанне: "Цямніць не стану. Мне тут многія дакладваюць наконт ці то Вашага жадання, ці то нейчага жадання перайсці працаваць ва Урад. Таксама абмяркуем гэту праблему. Гэтак па-мужчынску, па-чалавечы. Яшчэ раз падкрэсліваю: дзе Вы ні працавалі б, Вы ведаеце, што работы заўсёды хапае. Тым больш у Вашым узросце яшчэ трэба і трэба ўпірацца і даказваць і мінчанам, і народу, што Вы нямала гатовы зрабіць і зробіце. Таму па-мужчынску мы павінны пагаварыць на гэту тэму. Адкрыта. Не гледзячы на нейкія пажаданні і прапановы каго б там ні было".

"Тым больш што тыя, хто таксама рабілі вывад ці то зыходзячы з Вашага жадання, ці то з іх прапановы, папярэджаны мною, што я з Вамі буду гаварыць адкрыта. Таму што пасада гэта няпростая. Гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, сталіца. Таму яны павінны ведаць, што ў нас адбудзецца шчырая размова. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта размова - другая частка - не звязана з тым, што ў Мінску ў нас катастрафічна дрэнна. Недахопаў хапае, як усюды. Пажадана, каб менш. І ў мяне няма вялікіх прэтэнзій да цяперашняга кіраўніка Мінска", - падкрэсліў беларускі лідар.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў з дакладамі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава і генеральнага дырэктара агракамбіната "Дзяржынскі" Уладзіміра Лук'янава.

У адносінах да ўсіх трох запрошаных на гутарку да Кіраўніка дзяржавы былі просьбы Урада і прапановы Адміністрацыі Прэзідэнта аб перамяшчэнні іх на іншую працу. Па выніках праведзеных размоў Прэзідэнтам гэтыя прапановы былі адхілены. З іх згоды ўсе застаюцца на сваіх месцах і пасадах. З кожным з дакладчыкаў Прэзідэнт, як і анансаваў, правёў мужчынскую размову. Улічана і тое, што кожны з запрошаных на гутарку даволі добра спраўляецца са сваімі абавязкамі па цяперашнім месцы працы.