Даклад Міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка і Намесніка Прэм'ер-міністра Юрыя Назарава

  • 10
  • 3:18

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 23 верасня з дакладам Міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка і Намесніка Прэм'ер-міністра Юрыя Назарава, які курыруе гэту сферу.

"Перш за ўсё хацеў бы пачуць ад вас аб'ектыўную ацэнку работы Міністэрства прамысловасці за бягучы перыяд і што мы будзем бачыць пасля завяршэння гэтага года з улікам тых бандыцкіх дзеянняў у адносінах да Беларусі з боку заходніх асобных нашых партнёраў. Мяне цікавіць не толькі вытворчасць (зразумела, экспарт - гэта валюта), складскія запасы, але перш за ўсё фінансы. Як, чым дыхаюць прамысловыя прадпрыемствы, якія ўваходзяць у сферу вашай дзейнасці", - пацікавіўся беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Міністр прамысловасці пабываў у некалькіх краінах, на розных выстаўках, дзе былі праведзены перагаворы. "Якая тут сітуацыя, асабліва на афрыканскім рынку, які мы пачалі асвойваць даўно?" - спытаў ён.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што раней дамаўляўся са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным аб супрацоўніцтве ў пытанні развіцця прадпрыемстваў мікраэлектронікі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў што гэта вельмі неабходна. "Якая тут у нас сітуацыя? Дзякуй богу, мы захавалі гэтыя прадпрыемствы. Але, зразумела, нам трэба ў гэтых адносінах больш інтэнсіўна дабаўляць для таго, каб выйсці на канкурэнтны ўзровень з тымі, хто сёння ў свеце "музыку заказвае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як вядзецца работа на расійскім рынку, ці ёсць якія-небудзь праблемы. "Якія праблемы ў нас у Расіі па муніцыпальных закупках, для дзяржпатрэб? Ці ёсць праблемы ў нас яшчэ, якія трэба вырашаць у прамысловасці, і як паводзяць сябе расійскія калегі пасля нашых дамоўленасцей на ўзроўні Прэзідэнта і Урада?" - абазначыў пытанні беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў прамысловасці краіны нельга дапусціць спаду. "Мы проста не маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва Урадзе прынялі шэраг рашэнняў па мінімізацыі ўздзеяння санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што нягоднікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць калектыўны Захад аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я адкрыта гавару. Але, тым не менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта не проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а таксама нашай дзяржаве. На гэта звярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі паглядзіце за гэтымі працэсамі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.