Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Віктарам Сарачанам

  • 8
  • 4:52

Беларусь заўсёды будзе прыхільная да дружалюбных адносін з Малдовай. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 верасня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Віктарам Сарачанам.

Прэзідэнт адзначыў, што Віктар Сарачан завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі і падзякаваў яму за работу. "Вы былі добрым паслом сваёй краіны, павінен шчыра гэта сказаць. І вельмі спадзяюся, што наступны пасол горшы не будзе. Вы не проста падтрымлівалі дружалюбныя адносіны нашых краін (што наогул уваходзіць у абавязкі пасла, калі ён хоча быць сапраўдным паслом), вы, наадварот, і ў асабістым плане, і ў дзяржаўным плане заўсёды імкнуліся і душой і сэрцам, каб беларусы былі побач", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Вы павінны ведаць, што мы будзем заўсёды прыхільныя да цеснай дружбы беларусаў і малдаван. Мы вельмі хочам, каб Малдова заставалася дружалюбнай суверэннай, незалежнай дзяржавай і паступова вырашала свае праблемы", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, праблемы таго ці іншага характару ёсць у любой дзяржавы, і ў Малдовы пасля распаду Савецкага Саюза іх хапала. Але ў апошнія гады нямала зроблена, каб Малдова дакладна вызначылася, дзе яе інтарэсы і ў якім напрамку рухацца, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "І ў гэтым плане Ігар Дадон нямала зрабіў, трэба аддаць яму належнае. Прыйшла новая ўлада, да кіраўніцтва ў краіне прыйшлі новыя людзі, але я ўпэўнены, яны вымушаны будуць (калі нехта там думае па-свойму і, як я гавару, у адваротным напрамку) праводзіць палітыку ў інтарэсах Малдовы. Малдова - інтарэсы кіраўніцтва павінны быць перш за ўсё там".

Беларускі лідар прызнаўся, што заўсёды з любоўю ставіўся да малдаўскай зямлі, якую лічыць жамчужынай Еўропы і цудоўным кутком планеты. "І я бачу развіццё Малдовы як суверэннай і незалежнай дзяржавы. У гэтым уся цікавасць народа. Не думаю, што знойдзецца палітык, які праводзіў бы іншую палітыку, народ проста не дазволіць праводзіць палітыку на згортванне суверэнітэту і незалежнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Няхай гэта і невялікі народ, але з вельмі вялікімі палітычнымі амбіцыямі на незалежнасць сваёй дзяржавы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - І ў гэтым плане мы заўсёды будзем на вашым баку. Ну а шчасце трэба шукаць там, дзе яно ляжыць, калі яно недзе схавана. Але я ўпэўнены, што яно там, недзе ў раёне Кішынёва".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў ролю пасла ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін: "Вельмі шмат для нашых эканамічных патэнцыялаў было зроблена. І тавараабарот значны - дай бог з іншымі невялікімі постсавецкімі рэспублікамі быў бы такі тавараабарот, як з Малдовай. Гэта аснова".

"Мы вельмі вялікія аб'ёмы спажываем вашай прадукцыі, асабліва крытычнага імпарту. Мы так і будзем рабіць, не збіраемся адыходзіць ад гэтай палітыкі, калі гэта выгадна Малдове. Мы экспартуем тое, што вам трэба, асабліва машыны, механізмы, аўтамабілі, трактары, тралейбусы, - усё, што вы прасілі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Дыпламат, які працаваў у Мінску з 2017 года і цяпер завяршае сваю місію ў Беларусі, прызнаўся, што за гэты час прааналізаваў і пераасэнсаваў двухбаковыя адносіны дзяржаў. "За 30 гадоў незалежнасці ніколі Беларусь не ставілася недружалюбна да Малдовы. Гэта было адкрыта, па-добраму, можа, нават па-бацькоўску", - сказаў ён.

Віктар Сарачан успомніў аб першых візітах Прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона ў Беларусь і яго ўражаннях ад размоў з беларускім лідарам. "Вы былі як бацька для яго. Я дзякую Вам за гэты вельмі важны крок, які вы зрабілі ў 2018 годзе, калі Дадон быў упершыню тут і па яго просьбе і па Вашым указанні нам была аказана гуманітарная дапамога сельгастэхнікай, камунальнай. Гэта быў істотны крок для ўмацавання нашых адносін", - падкрэсліў дыпламат.

На яго думку, палітычныя адносіны Беларусі і Малдовы знаходзяцца на вельмі добрым узроўні, і Малдове трэба быць у дружбе і згодзе з такімі краінамі, як Беларусь.