Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

  • 13
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 верасня прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ.

ШАС у гэтым годзе адзначыла сваё 20-годдзе, і саміт у Таджыкістане юбілейны. На пасяджэнні кіраўнікі дзяржаў падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за мінулы перыяд, абмеркавалі стан і перспектывы шматбаковага ўзаемадзеяння і прапанавалі свае шляхі развіцця арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка таксама спыніўся на некалькіх тэмах, якія патрабуюць, паводле яго слоў, цеснага ўзаемадзеяння ў арганізацыі.

"Вострыя глабальныя выклікі сучаснасці выразна сведчаць, што надыходзіць час гістарычнага стрэс-тэста для нашай арганізацыі, магчыма, самага сур'ёзнага за ўсю 20-гадовую гісторыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што кампетэнцыя ШАС дазваляе адначасова займацца самымі разнастайнымі пытаннямі: ад бяспекі, эканамічнага развіцця, выбудоўвання новых фінансавых і гуманітарных сістэм да рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў.

"Аднак паспяхова рэалізаваць гэтыя перавагі можна толькі сумеснымі намаганнямі, аб'яднаннем нашых патэнцыялаў на карысць нашых народаў", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ШАС - адна з самых буйных у свеце рэгіянальных арганізацый. "Гэты статус дае ўсе рэсурсы і магчымасці, каб не гуляць па правілах, якія дыктуюць знешнія сілы. Тым больш што згубныя вынікі такога навязвання сёння відавочны для ўсіх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што краіны - удзельніцы арганізацыі сёння сутыкаюцца з магутным знешнім націскам, але ў іх сілах забяспечыць мір на роднай зямлі, адстаяць шматпалярнае справядлівае светаўладкаванне дзеля будучыні чалавецтва, дзе будуць улічваць інтарэсы кожнага.

"Для дасягнення гэтых мэт неабходна паскорыць спалучэнне глабальных стратэгій развіцця, пашырыць узаемадзеянне ў сферы бяспекі, прадоўжыць умацоўваць супрацоўніцтва ў галіне інфраструктуры, прамысловых паркаў, высокіх тэхналогій", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Таксама, лічыць ён, ШАС можа прымаць больш актыўны ўдзел ва ўрэгуляванні рэгіянальных супярэчнасцей і канфліктаў у Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу ды і планеты ў цэлым.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсё яшчэ не слабее пагроза распаўсюджвання COVID-19, а значыць, трэба аб'яднаць намаганні, каб пераадолець наступствы пандэміі. "Нягледзячы на тое, што на справе ўрады Расіі і Кітая прадаставілі многім гуманітарную дапамогу ў выглядзе вакцыны, тэхналогій іх вытворчасці і сродкаў індывідуальнай аховы, нашы апаненты ўсё больш маніпулююць гэтай тэмай на падставах, далёкіх ад барацьбы за здароўе насельніцтва. Таму нам як ніколі неабходна аб'яднацца і разам працаваць над стварэннем альянсу ў галіне аховы здароўя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што дзяржавам ШАС трэба актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці вакцын і лякарстваў, і не толькі ад каранавіруса.

Прэзідэнт расказаў, што дзякуючы супрацоўніцтву з партнёрамі, перш за ўсё з Расіяй, Беларусь наладзіла ў сябе вытворчасць вакцыны і прадастаўляе замежным грамадзянам права без візы наведаць краіну для вакцынацыі ад COVID-19.

"Вакцына павінна стаць усеагульным грамадскім здабыткам, даступным кожнаму", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь хвалююць і іншыя злабадзённыя глабальныя выклікі, асабліва незаконны абарот наркотыкаў, тэрарызм, экстрэмізм, нелегальная міграцыя. У сувязі з гэтым беларускі бок падтрымаў ініцыяванае Таджыкістанам рашэнне аб стварэнні антынаркатычнага цэнтра ШАС. Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што прыняты на саміце дакумент аб статусе наглядальніка пры ШАС дасць магчымасць Беларусі і іншым дзяржавам забяспечыць максімальна шырокі ўдзел у супрацоўніцтве ў сферы бяспекі, у тым ліку процідзеянні сепаратызму і экстрэмізму.

Кібератакі і маніпуляцыі свядомасцю праз інтэрнэт Прэзідэнт назваў адным з найбольш небяспечных выклікаў для краін ШАС. "Яны пагражаюць бяспецы не толькі дзяржаўных інстытутаў, але і грамадскім інтарэсам, а таксама правам людзей", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Паводле яго слоў, адна з праблем у гэтым кантэксце - адсутнасць міжнароднай прававой сістэмы, што ўстанаўлівае нормы і правілы паводзін у гэтай сферы. Распрацоўка адпаведнай міжнароднай базы дасць магчымасць вырашыць гэтыя пытанні, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Глабальная ініцыятыва бяспекі даных, прапанаваная кітайскімі партнёрамі, а таксама раней агучаная Беларуссю ініцыятыва па стварэнні "пояса лічбавага добрасуседства" могуць стаць важнымі крокамі для руху наперад у  гэтым напрамку", - дадаў ён.

Перспектыўным Кіраўнік дзяржавы лічыць далейшае развіццё агульнай транспартнай прасторы ШАС, якая будзе садзейнічаць фарміраванню спрыяльнай лагістычнай інфраструктуры.

"Сумеснымі намаганнямі мы можам эфектыўна злучыць Еўропу з Азіяй, забяспечыўшы пашырэнне сеткі маршрутаў і стварэнне неабходных умоў для транзіту", - заявіў Прэзідэнт. Беларусь і Кітай, адзначыў ён, ужо актыўна працуюць у гэтым напрамку.

Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці развіваць чыгуначныя перавозкі. "Менавіта чыгуначны транспарт аказаўся самым устойлівым да розных абмежаванняў ва ўмовах пандэміі", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што міжнародная супольнасць цяпер удзяляе вялікую ўвагу экалогіі, праблеме глабальнага пацяплення, разбалансіроўцы прыродных сістэм і вычарпанню рэсурсаў. "Мы зыходзім з агульнай неабходнасці пашырэння ўзаемадзеяння ў сферах аднаўляльных крыніц энергіі і атамнай энергетыкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама рашуча і паслядоўна падтрымлівае прапановы ШАС у частцы пашырэння выкарыстання нацыянальных валют у гандлі і фінансах, заявіў Прэзідэнт. На яго думку, існуючая ў свеце сітуацыя дэманструе ўсё большую слабаабароненасць тых краін, якія цалкам абапіраюцца на адну вядомую ўсім валюту. "Гэта не проста пазбаўляе нас канкурэнтных фінансавых і эканамічных пераваг, але і пагражае нацыянальнай бяспецы. Тым больш што ўсё часцей гэты рычаг пачынае выкарыстоўвацца як зброя", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Самым актуальным пытаннем на сённяшні дзень Кіраўнік дзяржавы назваў сітуацыю ў Афганістане. Паводле яго слоў, ШАС - унікальнай пляцоўкай для абмеркавання праблем у гэтай краіне, якая, дарэчы, мае статус наглядальніка ў арганізацыі. "Усе мы паважаем суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць гэтай дзяржавы. Прытрымліваемся прынцыпаў міжнароднага права аб неўмяшанні ва ўнутраныя справы, - сказаў Прэзідэнт. - Уключэнне Афганістана ў развіццё рэгіянальнай транспартнай, лагістычнай, энергетычнай інфраструктуры крытычна важна для павышэння ўзроўню звязанасці Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, а таксама эканамічнай прасторы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў цэлым".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова садзейнічаць у аднаўленні афганскай інфраструктуры, а скаардынаваная пазіцыя краін ШАС па Афганістане змагла б стварыць перадумовы для таго, каб арганізацыя выступіла сістэмным інтэгратарам работы іншых міжнародных ігракоў. "Гэта могуць быць спецыялізаваныя агенцтвы ААН, глабальныя эканамічныя і фінансавыя інстытуты і нават асобныя прадстаўнікі прыватнага сектара і грамадзянскай супольнасці, зацікаўленыя ў рабоце па канкрэтных праектах унутры Афганістана і вакол яго", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам усё часцей гучаць розныя пункты гледжання і пазіцыі па Афганістане. "Падсумоўваючы ўсё, што сказана, мой вопыт работы Прэзідэнтам дазваляе зрабіць адну выснову: усе праблемы, якія сёння існуюць у Афганістане, вырашаць афганскаму народу. Толькі афганскі народ можа вырашыць усе праблемы, якія створаны і ствараюцца на гэтай тэрыторыі", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што суседнія краіны таксама зацікаўлены мець побач стабільнага партнёра, а значыць, ім трэба дапамагчы Афганістану ў вырашэнні існуючых праблем. "Гісторыя нас вучыць чаму: дзве буйнейшыя, магутнейшыя дзяржавы (Савецкі Саюз і Амерыка) 30 гадоў спрабавалі часткова сілай вырашыць праблемы ў Афганістане. І што атрымалася? Вы гэта ведаеце па апошніх падзеях. Таму праблему трэба вырашаць дабром. Да афганскай дзяржавы і народа трэба ставіцца як да роўнага. Трэба дапамагчы Афганістану. Толькі на гэтым шляху можна спакойна вырашыць праблемы", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Але ўсе мы павінны разумець, што імгненна вырашыць гэтыя праблемы не атрымаецца. Трэба ісці спакойна, цярпліва, прапануючы тыя ці іншыя шляхі дапамогі Афганістану. Не трэба свае каштоўнасці ім навязваць, яны выберуць сваю будучыню самі. Аб гэтым вучыць нас і сучасная гісторыя развіцця рэгіёна Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз падкрэсліваю: афганцы выберуць сваю будучыню самі. Нам трэба ім дапамагчы".

Па выніках саміту лідары краіны прынялі Душанбінскую дэкларацыю дваццацігоддзя ШАС, сумесную заяву Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па харчовай бяспецы, а таксама падпісалі яшчэ больш за 40 дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.