Даклад генеральнага дырэктара ВА "Беларуснафта" Аляксандра Ляхава

  • 8
  • 7:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не мае вялікіх прэтэнзій да работы ВА "Беларуснафта". Галоўнае, чаго ён патрабуе, - каб кампанія кожны год дабаўляла ў сваім развіцці. Аб гэтым ён заявіў 6 верасня, прымаючы з дакладам генеральнага дырэктара ВА "Беларуснафта" Аляксандра Ляхава. На мерапрыемстве таксама прысутнічала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.

"Сумны момант у рабоце кампаніі. Я да гэтага часу лічу, што гэта сумны момант, калі пасля адкрыцця перспектыўных радовішчаў у Беларусі мы ў свой час (да нас з вамі яшчэ) здабывалі звыш 8 млн т нафты. Мы выпампавалі сваю нафту, таму што памылкова лічылі, што ў нас мора нафты ў Беларусі. Можа, у нас нешта там і ёсць, нейкае мора, якое мы з вамі яшчэ не знайшлі. Гэта галоўная тэма сённяшняй размовы. Але калі б нам сёння 8-9 млн т нафты, мы жылі б лепш, чым самыя багатыя краіны нашай планеты. Але, на жаль, такога няма", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка не выключае, што за кошт распрацоўкі новых радовішчаў нафты ў Беларусі ў наступныя гады ўдасца нарасціць аб'ёмы здабычы гэтай сыравіны да 3-3,5 млн т у год.

"Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром адчуваю, што там у нас нафта ёсць, якую мы яшчэ не бачым", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы вывучалі гэту праблему. Калі вы нешта прапануеце, я гатовы ў гэтым непасрэдна ўдзельнічаць. Але так, каб мы нарасцілі здабычу нафты пры нашым з вамі жыцці хаця б да 3-3,5 млн т (цяпер у краіне здабываецца прыкладна 1,6 млн т сваёй нафты ў год. - Заўвага). Гэта вырашэнне праблемы для краіны. Мы забудзем пра ўсялякую залежнасць. А калі яшчэ і атамную станцыю адну пабудуем, краіна будзе забяспечана ўсім неабходным. Асабліва энергіяй. Хоць нам трэба яшчэ энергію праглынуць ад гэтай атамнай станцыі. Але перспектыва за гэтым - за электрамабілямі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Ляхаў далажыў, што кампанія на тэрыторыі Беларусі ў апошнія 4 гады штогод нарошчвае ўзровень здабычы нафты на 20 тыс. т. "Мы выйшлі калісьці на плато 5 гадоў таму ў памеры 1 млн 640 тыс. т. У гэтым годзе мы плануем здабыць мінімум 1 млн 730 тыс. т. І гэты рост здабычы нафты ў Беларусі мы плануем захаваць на бліжэйшыя гады", - сказаў гендырэктар.

Паводле яго слоў, тэмпы прыросту здабычы залежаць ад шэрага фактараў. "Гэта як паспяховасць геолага-разведачных работ у традыцыйнай зоне паўночнага прагіну - Рэчыца, Светлагорск, Акцябрскі, так і ў апошнія 10 гадоў мы пачалі працаваць у зоне Хойніцкага раёна. Літаральна ў апошнія гады мы па 2-3 радовішчы адкрываем вакол Хойнікаў. І здабыча нафты ў раёне ўжо дасягнула практычна 70 тыс. т. Мы спрабуем замацавацца на дасягнутых рубяжах", - расказаў Аляксандр Ляхаў.

У цэлым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да ВА "Беларуснафта" ў яго няма вялікіх прэтэнзій: "Можа, я не настолькі паглыблены ў дэталі. Але калі б нешта было, то ўжо, напэўна, далажылі б і праінфармавалі. Таму вялікіх такіх прэтэнзій няма, за выключэннем адной: трэба кожны год дабаўляць. І не толькі за мяжой".

Паводле слоў Прэзідэнта, на маючых адбыцца 9 верасня перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным ён можа ўзняць шэраг пытанняў у нафтавай сферы. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ёсць у Аляксандра Ляхава якія-небудзь тэмы наконт гэтага, якія варта было б абмеркаваць.

"Вы, вядома, малайцы, што разгарнуліся ў Расійскай Федэрацыі. Ад рамонту свідравін вы пайшлі ў здабычу нафты. Раскажыце, як там ідуць справы. Мне гэта вельмі важна перад сустрэчай з Прэзідэнтам Расіі. Магчыма, у вас будуць якія-небудзь прапановы, якія цікавыя будуць для Расіі і Беларусі. Мы з ім абмяркуем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы пачалі здабываць нафту ў Расійскай Федэрацыі. Калі патрэбна нейкая там падтрымка і ў вас будуць прапановы, я гатовы да гэтага падключыцца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнт арыентаваў ВА "Беларуснафта" на далейшае актыўнае развіццё ў Беларусі інфраструктуры для зарадкі электрамабіляў. Пры гэтым ён паабяцаў, што будзе садзейнічаць у плане ўстаранення залішняй цяганіны і бюракратызму.

"Дзякуй вам, што заняліся гэтымі запраўкамі - электра. Я бачу, што зрух сур'ёзны, але сёння мы знімем усялякую цяганіну і ўсялякі бюракратызм. Не саромцеся пра гэта гаварыць адкрыта. Вы ж яшчэ і сенатар. Калі патрэбна вам падтрымка, або, як цяпер можна гаварыць, садзейнічанне, ну дык вось садзейнічанне. Старшыня Савета заўсёды вас падтрымае. Любы дакумент мне напрамую даложыць, калі гэта патрэбна. Не - ва Урадзе прапануе тую ці іншую ідэю", - сказаў Прэзідэнт.

"Але мы не можам загубіць вось гэту тэндэнцыю электрамабіляў. А для электрамабіляў патрэбны хуткія запраўкі. Вельмі хуткія. І ў Віцебску, нібыта, мы можам гэта рабіць (абсталяванне. - Заўвага). Трэба тады актыўней разгортваць гэту работу", - адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што важна якасць прадукцыі. "Калі рабіць, то вельмі якасна. Не дазваляйце няякасны прадукт на беларускі рынак пастаўляць і не дазваляйце іншым гэта рабіць, асабліва па пытаннях, з якімі вы непасрэдна звязаны", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Занадта ў нас бюракратыя развялася, валакіты дастаткова. Але мы гэта вырашым. Так, як вырашылі некалі па заправачных станцыях, - сказаў ён. - Без вас ні адно пытанне ў краіне не вырашаецца. Калі "Беларуснафта" не можа недзе пабудаваць заправачную станцыю, калі ласка, візіруйце дакумент, я падпішу, аддадзім гэта іншай нейкай кампаніі. Прыкладна 70% рынку (размова аб продажы ў краіне нафтапрадуктаў. - Заўвага), паводле маіх даных, вы сёння забяспечваеце ў Беларусі. Я гэта буду падтрымліваць заўсёды, пакуль я Прэзідэнт", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў свой час "Беларуснафта" выратавала краіну. "Калі Расія перастала ў патрэбных аб'ёмах пастаўляць нам нафту. Нехта спадзяваўся, што ў нас узнікне дэфіцыт з нафтапрадуктамі. Тады мы ўсю нафту, якую здабываем, павярнулі на перапрацоўку для Беларусі. І людзі не заўважылі, што нейкі дэфіцыт. Яго не было. Дзякуючы нашай кампаніі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму ў свой час, выбачайце за нясціпласць, мною было прынята правільнае рашэнне. Я забараніў усякую прыватызацыю "Беларуснафты", закранаць яе. Гэта дзяржпрадпрыемства, якое павінна забяспечыць наша насельніцтва неабходнымі нафтапрадуктамі. Без нафтапрадуктаў сёння Беларусі няма. Усе ўжо маюць у сям'і па 2-3 аўтамабілі, асабліва прагрэсіўныя нашы людзі. А для гэтага патрэбна паліва. Мы яго вырабляем, ну і глядзім на рынкі - што лепш прадаваць - нафту, нафтапрадукты. І пастаўкі з Расійскай Федэрацыі. Мы цалкам сябе забяспечваем", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што "Беларуснафта", як і іншыя буйныя кампаніі, павінны ў тым ліку займацца развіццём тэрыторый і сацыяльнай сферы там, дзе яны працуюць. "Вы ведаеце, што наша краіна - славянская, у добрым сэнсе вясковая. Гэтыя людзі ніколі не былі багатымі", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым жа ключы размова вялася і нядаўна ў Петрыкаве пры адкрыцці новага ГАК "Беларуськалія": "Прывялі ў парадак тэрыторыю, землі, вёскі і сам Петрыкаў. Не ўсё яшчэ, вядома, зроблена, але ў Петрыкаў прыемна заехаць. Гэта ўжо сучасны горад, мае перспектыву развіцця".

Аналагічныя задачы стаяць і перад прыватнай кампаніяй "Славкалій", якая распрацоўвае радовішча пад Любанню.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "Беларуснафта" ў асноўным працуе на тэрыторыі Гомельскай вобласці, многія раёны якой пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Падумайце, як вы прыкладзяце намаганні, каб дапамагчы гэтай вобласці. Хаця б у тым месцах, дзе вы працуеце. Ведаю, што нямала робіце. Але вы разумееце: гэта бедныя тэрыторыі. Ад сельскай гаспадаркі асабліва багатым не будзеш. Але робяць яны вялікую справу. Таму, вядома, трэба ім і дапамагаць", - даручыў беларускі лідар.