Даклад Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня заслухаў даклад Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога.

    Кіраўніку дзяржавы даложана аб графіку мерапрыемстваў на будучым тыдні. Яны будуць прысвечаны ўборачнай кампаніі, рэалізацыі інвестпраектаў з замежнымі партнёрамі, разгляду кадравых пытанняў. Падведзены вынікі нядаўніх рабочых паездак у рэгіёны, абмеркавана планаванне далейшай работы Аляксандра Лукашэнкі ў абласцях.

    Прэзідэнт на будучым тыдні плануе правесці селектарную нараду аб ходзе ўборачнай кампаніі. Гэта тэма заўсёды актуальная, асабліва з-за высокага ўраджаю гэтага года, які пакуль яшчэ ў асноўным стаіць на палях. Яго трэба своечасова ўбраць і, што немалаважна, - захаваць. Таму і з улікам умоў надвор'я Кіраўнік дзяржавы акцэнтуе ўвагу на неабходнасць зладжанай работы зернесушыльнага комплексу. Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў не зніжаць тэмпы нарыхтоўкі травяных кармоў.

    Асобна Аляксандр Лукашэнка абазначыў пытанне па забеспячэнні ўборачнай кампаніі палівам пад поўную патрэбнасць. Праблем у гэтай сферы няма, але спецыяльна створаная рабочая група выявіла выпадкі крадзяжу паліва. Указана на недапушчальнасць такіх фактаў асабліва на фоне дэфіцыту паліўных рэсурсаў у рэгіёне і свеце.

    Плануецца правесці нараду аб ходзе рэалізацыі важнейшых інвестпраектаў з удзелам Беларусі за мяжой. Адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца ў развіццё дамоўленасцей на вышэйшым узроўні з ключавымі партнёрамі ў Азіі і Афрыцы, у тым ліку па выніках нядаўняй комплекснай камандзіроўкі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы лічыць недастатковай дынаміку рэалізацыі шэрага намечаных праектаў, якія патрэбны, каб замацавацца на новых рынках.

    Што датычыцца разгляду кадравых пытанняў, тут асноўны ўпор будзе зроблены на мясцовую вертыкаль улады. З Прэзідэнтам у час даклада абмеркаваны кандыдатуры, якія ўносяцца на разгляд. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ў далейшым будзе рабіцца сур'ёзны ўпор на перанос кіраўніцкага націску ўніз - на ўзровень старшынь райвыканкамаў. Гэта звязана з мерамі па павышэнні іх ролі і паўнамоцтваў у развіцці таго ці іншага раёна.

    Дзмітрый Крутой далажыў Прэзідэнту аб фарміраванні пратакола даручэнняў па выніках рабочых паездак Прэзідэнта ў Шклоўскі і Аршанскі раёны. Адна з тэм, якая будзе адлюстравана ў дакуменце, датычыцца вапнавання глебы. Па ступені важнасці Кіраўнік дзяржавы лічыць гэты праект супастаўным з задачамі па меліярацыі. У пратаколе даручэнняў будуць пытанні, якія датычацца рэалізацыі дамоўленасцей аб супрацоўніцтве з Узбекістанам.

    Заключны тэматычны блок у дакладзе датычыўся падрыхтоўкі далейшай работы Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёнах. Плануецца, што ў хуткім часе Кіраўнік дзяржавы наведае Брэсцкую і Гомельскую вобласці, дзе мае намер азнаёміцца з рэалізацыяй інавацыйных праектаў, развіццём фермерскіх гаспадарак, ацэніць работу поўнасцю айчыннага прэс-падборшчыка.