Адкрыццё ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

  • 33
  • 20:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 ліпеня прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

"У гэтым годзе фестывалю споўнілася 35 гадоў. Для святочнай традыцыі гэта толькі пачатак. Для нас з вамі, жыхароў горада і гасцей, арганізатараў, творчай каманды, артыстаў, рамеснікаў, - гэта цэлая эпоха, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы фестываль. - "Славянскі базар" заўсёды быў больш, чым культурная падзея. Ён - як люстэрка нашай гісторыі. Гісторыі не толькі суверэннай Беларусі, але гісторыі ўсяго свету. І не толькі культурнага свету".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідэя фестывалю нарадзілася ў той час, калі свет мяняўся: "У перыяд, калі, мякка кажучы, было не да песень. Народы, якія яшчэ нядаўна былі адной сям'ёй, тады вучыліся жыць паасобку. Не ўсе разумелі наша жаданне займацца арганізацыяй такога маштабнага свята. Занадта шмат было сур'ёзных нявырашаных пытанняў - палітычных, эканамічных, сацыяльных. І ў нас, беларусаў, і ў нашых бліжэйшых суседзяў - перш за ўсё расіян, украінцаў. Але фестываль быў патрэбны вам - людзям".

У 2000 годзе "Славянскі базар у Віцебску" паставіў рэкорд, сабраўшы прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў. Усяго за час правядзення фестывалю ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 85 краін, а гэта амаль паўсвету.

"Гісторыю фестывалю не перапынялі ні крызісы, ні пандэмія. Увесь свет быў у лакдаўне, але пазыўныя "Славянскага базару" гучалі з Віцебска. Віцебск гаварыў і паказваў, што сапраўднае мастацтва ніколі не мела і не будзе мець перашкод. Толькі ўявіце: за ўвесь час на сцэне амфітэатра выступілі больш за 18 тыс. артыстаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У дні "Славянскага базару" да нас прыязджае столькі людзей, што горад павялічваецца ў два разы. Усё гэта не проста лічбы. Кожны наш госць, кожны ўдзельнік -  стваральнікі гісторыі фестывалю. Гэта нашы традыцыйныя сябры, і сябры назаўсёды".

Звяртаючыся да гледачоў, артыстаў і арганізатараў "Славянскага базару ў Віцебску", Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без іх не было б гэтага свята.

"Ведаю, што сёння, як і шмат гадоў таму, у зале знаходзяцца і беларусы, і палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі дзясяткаў іншых краін, якія прыехалі да нас па бязвізе. Ваша прысутнасць тут - гэта тое непарушнае, у чым мае патрэбу наш свет, такі крохкі, нестабільны і абсалютна незразумелы ў сваім развіцці. Мы шмат зрабілі і будзем рабіць для таго, каб "Славянскі базар" заставаўся асновай шчырай і моцнай дружбы краін і народаў. Гэта так патрэбна сёння", - заявіў беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што з іх падтрымкай і шчырай любоўю гледачоў далейшая гісторыя фестывалю будзе доўгай і яркай.

"Сцэна "Славянскага базару" з году ў год адкрывае новыя таленты і імёны. Але запаленыя тут зоркі павінны помніць, што прадаўжаюць шлях найвялікшых майстроў. Тых, у каго можна і трэба вучыцца. Сувязь пакаленняў, пераемнасць - гэта тое, што робіць сапраўднае мастацтва вечным", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка аб'явіў XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адкрытым і па традыцыі ўручыў заслужаныя ўзнагароды дзеячам культуры. Гэта спецыяльная ўзнагарода "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення", прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Прэзідэнт таксама ўручыў галоўную ўзнагароду пераможцу Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск".

У час цырымоніі адкрыцця Прэзідэнту паднеслі памятны падарунак у сувязі з юбілеем фестывалю - кампазіцыю з 35 васількоў.

На экране Летняга амфітэатра паказалі хранікальныя кадры 1995 года, на якіх Аляксандр Лукашэнка аб'явіў, што бярэ пад сваё патраніраванне віцебскі Міжнародны фестываль мастацтваў.

Вядучая фестывалю Алена Спірыдовіч сказала: "Тады, у 1995 годзе, мы ўручалі вам сімвалічны падарунак за вырашальны ўклад у лёс нашага фестывалю. Тады гэта быў усяго адзін васілёк, а сёння гэта цэлы букет "славянскага адзінства". У ім распусцілася 35 васількоў. Роўна столькі, колькі споўнілася нашаму фестывалю!"

Прымаючы падарунак, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе падарункі, якія робяць Прэзідэнту, з'яўляюцца здабыткам краіны і не могуць быць яго асабістымі. Разважаючы над тым, як быць з гэтым падарункам, кіраўнік дзяржавы спачатку думаў пакінуць яго ў Віцебску. "А потым падумаў: можа, вышэй яго падняць. І прыняў рашэнне - у нашым новым Нацыянальным музеі або ў Палацы Незалежнасці мы знойдзем добрае месца. Таму што гэта знакавы момант", - падзяліўся Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт успомніў, як творчыя работнікі ў тыя першыя гады вельмі прасілі не загубіць "Славянскі базар", каб ён застаўся. "І я паабяцаў, што наша гэта дзейства мы павінны захаваць, чаго б нам ні каштавала. І дажджом залівала нас, і пякло сонца. Усякае тут было. Мы вымушаны былі дах тут (пабудаваць над Летнім амфітэатрам. - Заўвага) - узяць пад дах наша творчае мерапрыемства. Але мы яго захавалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"І я шчаслівы. У маёй доўгай прэзідэнцкай службе гэта адна з важных старонак", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка гарантаваў творчым людзям, што ў Беларусі яны заўсёды змогуць знайсці магчымасці для рэалізацыі сваіх талентаў. "Творча працуйце, стварайце. Наколькі магчыма, мы будзем вам дапамагаць. Ведайце, дзе б вы ні былі - у Афрыцы, Амерыцы, Еўразіі…, што Беларусь - гэта мірны астравок, дзе вы заўсёды знойдзеце "прытулак". Заўсёды знойдзеце пляцоўку для таго, каб на ўвесь свет заявіць, што мастацтва - гэта і ёсць мір", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што мастацтва "так сёння патрэбна ў нашай славянскай сям'і, у нашай садружнасці".

Звяртаючыся да артыстаў і творчых работнікаў, Прэзідэнт сказаў: "Рабіце сваю справу! Ды не лезьце вы ў гэту палітыку, чорт бы яе ўзяў. Рабіце сваю справу, радуйце людзей. Радасных дзён у вас, у нас не так ужо і шмат. Таму тое, што будзе адбывацца на гэтым маленькім пятачку ў Віцебску, з'яўляецца абнадзейлівым. Гэта - наша жыццё. Гэта - наша будучыня".

Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім шчасця, здароўя, поспехаў, доўгіх гадоў жыцця і радасці.