Рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
- 22
- 7:54
Абрады, песні і рамёствы - аснова культурнага кода беларусаў і ключ да разумення саміх сябе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 ліпеня на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").
Прэзідэнт адзначыў, што цяперашняе свята "Купалле" ў Александрыі праходзіць ужо 17-ы раз. У гэтым ёсць і сумная нотка - прайшоў яшчэ адзін год. Мінулы раз за два дні ў Александрыі пабывала 115 тыс. чалавек. Прэзідэнт уэўнены, што ў гэтым годзе "Купалле" ў Александрыі наведае яшчэ больш людзей. Тым больш надвор'е спрыяе ўдзельнікам і гасцям свята, нягледзячы на дажджы, якія прайшлі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі.
"Гасподзь падарыў нам у прамежку паміж дажджамі цудоўнае надвор'е. Таму тэрмін "калі надвор'е не падвядзе" нам не падыходзіць ужо. Надвор'е будзе нармальнае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У гэтым годзе паўдзельнічаць у свяце на беразе Дняпра ўпершыню прыехалі дэлегацыі з Чувашыі, Курганскай, Растоўскай і Кемераўскай абласцей. "Як бачыце, 4 тыс. км і нават больш - гэта не адлегласць, калі размова ідзе пра сапраўдную дружбу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывітаў расіян, якія прыехалі ў Александрыю, і падзякаваў за ўдзел у свяце "Купалле".
"Я ведаю, няхай няшмат, але і ўкраінцы ёсць тут. Мы, шчыра скажу, хацелі б, каб іх было больш. І я перакананы, я ўпэўнены, што, калі мы не забудзем аб гэтым свяце, хутка тут будзе вялікая колькасць нашых украінцаў, якія з вялікім задавальненнем наведалі б гэта свята", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым прымаць такую колькасць гасцей, заняць іх і накарміць - няпростая справа, на што і звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Але самае галоўнае ў свяце - падарыць гэтым людзям пачуццё дома. Упэўнены, кожны павязе з Александрыі цудоўныя ўражанні. Я вельмі ўдзячны вам за ўвагу і гасціннасць. Цёплы прыём, які беларусы аказваюць тут нашым гасцям, падахвочвае людзей вяртацца сюды зноў і зноў. У нас у Александрыі рады ўсім: і дарослым, і моладзі, і дзецям", - запэўніў ён.
"Купалле - адно з самых народных свят. Абрады, песні, рамёствы - аснова нашага культурнага кода, ключ да разумення саміх сябе. Зберагаючы іх, мы ўсведамляем, што з'яўляемся не проста людзьмі, якія жывуць на адной тэрыторыі, а народам і нацыяй. Атрымліваем адказ на важныя пытанні: хто я і якога роду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што аб гэтым шмат разважаў першы народны паэт Беларусі Іван Луцэвіч, які нарадзіўся ў чароўную ліпеньскую ноч і ўзяў сабе сімвалічны псеўданім - Янка Купала. "Купалле - гэта дыялог скрозь глыбіню стагоддзяў, размова з тымі, хто быў да нас. Хто захаваў і перадаў наступным пакаленням усё самае каштоўнае: любоў да сваёй зямлі, імкненне да міру, душэўную шчодрасць і працавітасць", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Купалле - гэта таксама і сямейнае свята. Многія з тых, хто прыязджаў на першыя фестывалі з бацькамі, на гэты раз прывезлі ўжо сваіх дзяцей. "Мне асабліва прыемна бачыць зусім юных гледачоў. Менавіта тут, у Александрыі, мы ўзнагароджваем пераможцаў сямейнага праекта "Уладар сяла". Гэта вялікая радасць - бачыць прыгожыя маладыя пары, якія захацелі жыць і працаваць у вёсцы, гадаваць дзяцей, з малых гадоў прывучаючы іх да працы на зямлі. І дзяржава будзе рабіць усё для таго, каб уключыць моладзь у сельскае жыццё. Без вёскі нашы славянскія дзяржавы існаваць не змогуць", - упэўнены Прэзідэнт.
"Мы святкуем Купалле ў Год беларускай жанчыны. Невыпадкова сімвалам свята стала купальская Берагіня. Продкі верылі, што яна аберагае пасевы і напаўняе жыватворнай сілай травы, ахоўвае сямейны ачаг, клапоціцца пра дзяцей і матуль", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Хочацца, каб увесь наш свет, такі крохкі, як мы бачым, быў ахутаны яе покрывам, каб у кожнай сям'і панавалі любоў і дабрабыт. Каб праз год мы з вамі зноў сустрэліся тут, у Александрыі. І разам адправіліся ў новае падарожжа да душы славянскага народа - загадкавай душы, але нязменна шырокай, шчырай і міласэрнай", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнiк дзяржавы пажадаў усім цудоўнага вечара, прыемных уражанняў і лагоднай цеплыні, якая будзе саграваць да наступнага Купалля.


