Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым
- 8
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка сустрэўся з Дзмітрыем Мезенцавым, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў якасці пасла Расіі ў Беларусі ў сувязі з нядаўнім назначэннем Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы.
У пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, вытворчасці ў Беларусі вакцыны ад COVID-19 па расійскай тэхналогіі, а таксама работы вучоных па атрыманні айчыннага прэпарату. Гэтыя пытанні Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з Міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам непасрэдна перад сустрэчай з Дзмітрыем Мезенцавым.
Улічваючы, што напярэдадні адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам, было ўзнята і пытанне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі. Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку бачыць патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва з Кітаем у трохбаковым фармаце - праз Прымор'е і не толькі.
"Я думаю, нам давядзецца адкрыць новы напрамак супрацоўніцтва з Кітаем - праз Далёкі Усход, - заявіў беларускі лідар. - У Алега Кажамякі там каласальныя сувязі з кітайцамі. Яны прывозяць, прадаюць, на ўсю Расію ідзе тавар, а Далёкі Усход туды свабодна прадае многія тавары. Чаму б нам, Уладзімір Уладзіміравіч (Макей, Міністр замежных спраў. - Заўвага), не скарыстацца гэтым каналам? І на Усходні Кітай і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён пастаўляць сваю прадукцыю. Гэта для нас вельмі цікава".
"Прапановы, якія падрыхтаваны Урадам Прыморскага края для будаўнічага комплексу Беларусі, вытворцаў прамысловай прадукцыі, прадукцыі аграсектара, - яны вельмі маштабныя, - выказаў меркаванне ў час сустрэчы Дзмітрый Мезенцаў. - З улікам унікальнага месцазнаходжання Далёкага Усходу, сістэмы адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай, іншымі краінамі АЦР (Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. - Заўвага) гэта можа для Беларусі, для вытворцаў рэальнага сектара эканомікі даць зусім новую якасць, новы прыбытак, відавочныя выгады".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што плануе пабываць у Прыморскім краі ў гэтым годзе і больш прадметна абмеркаваць тэматыку супрацоўніцтва. "Магчыма, мне ўдасца вырвацца туды ў жніўні і вельмі сур'ёзна пагаварыць", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнага развіцця адносін з іншымі расійскімі рэгіёнамі. "З іншымі рэгіёнамі ў нас выдатныя адносіны, і нам трэба больш увагі ўдзяляць у рамках Саюзнай дзяржавы гэтым праектам, менавіта з рэгіёнамі (Расія велізарная), і старацца вырашыць там канкрэтныя пытанні", - заўважыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прадухіленым у Беларусі тэракце. "Учора мы якраз на злобу дня размаўлялі аб нашай сітуацыі ў Беларусі. Учора - традыцыйны дзень волі. Мы спакойна ставіліся да апазіцыі, калі яны святкавалі гэты дзень волі. Да апазіцыі! - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Радыкальнай, не радыкальнай... Ну, хадзілі яны там па вызначаным маршруце. Але вы ж ведаеце, што ўчора быў асаблівы ў іх такі настрой, каб паспрабаваць пачаць расхістваць або расхістаць абстаноўку. Вясна ж надыходзіць..."
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усё гэта маніторыцца, у тым ліку інфармацыя ў інтэрнэце. "Мы ведаем, чым яны там займаюцца. Адзін пасыл: мала людзей (людзей амаль не было), беларусы такія-сякія і іншае".
"Я аналізую гэту сітуацыю і думаю: сярод нашых пратэстуноў аблудных і іншых нямала. Але не ўсе ж ідыёты. Яны ж бачаць, што тыя селі, збеглыя, у Літве, і Польшчы, і Украіне на гэтыя грашовыя патокі. Праўда, 53 мільёны ніхто так і не даў, як абяцалі там. Нешта даюць, але там не хапае ім (апазіцыі за мяжой. - Заўвага). І яны адтуль, вы бачыце, патрабуюць, каб нашы гэтыя пратэстуны вывальвалі на вуліцы і расхіствалі рэжым Лукашэнкі. Нехта там паспрабаваў, своечасова заклікалі да парадку", - канстатаваў беларускі лідар.
"Напярэдадні яны ўвесь час папярэджвалі беларускае грамадства і расійскае, што тут улада рыхтуе правакацыю, што ўлада хоча нешта ўзарваць. Мяне гэта насцярожыла, у нас вопыт ёсць. Калі аб гэтым загаварылі, глядзі ва ўсе акуляры. І што вы думаеце? Малайцы міліцыянеры, Карпянкова былая служба (Намеснік Міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў да 19 лістапада 2020 года ўзначальваў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. - Заўвага), выявілі нягодніка! - расказаў Прэзідэнт. - Залажыў узрыўчатку ў бак для смецця: узрыў - і велізарнае паражэнне за кошт металу або бетону. І яны выявілі яго загадзя, вялі. Залажыў узрыўчатку - услед сапёры прыйшлі, абясшкодзілі. І пачалі яго весці далей. Паехаў у адну з воінскіх часцей, яго там узялі, перадалі Камітэту дзяржбяспекі".
"Тэрор! Ну ўявіце: ішлі б людзі, узрыў - колькі загінула б людзей, колькі пацярпела б..." - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"І на ўладу звалілі б", - зрабіў рэмарку Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які прысутнічаў на сустрэчы.
"А на каго?.. Яны ж папярэджваць пачалі. Заяўляе: гэта я хацеў сілавікоў пакараць. Як быццам сілавікі прыйшлі і сталі вакол гэтай урны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Нягоднікі жудасныя. Я гаварыў, што хістаць яны нас будуць па-рознаму. Мы фіксавалі і фіксуем гэтыя напрамкі, дзе яны пераходзяць ужо чырвоную лінію. Таму вы павінны ведаць як былы пасол і цяперашні Дзяржаўны сакратар нашага аб'яднання: мы спуску нікому тут не дадзім, таму што можа быць горш".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што часта па лініі ФСБ Расіі праходзіць інфармацыя аб затрыманні ў Расіі людзей, якія рыхтавалі тэракты на розных аб'ектах. "Малайцы фээсбэшнікі ў Расіі ў гэтым плане, - сказаў Прэзідэнт. - Таму бачыце, яны з усіх бакоў пачалі паднаціскаць. Ну а пасля гэтых дзікіх заяў Прэзідэнта ЗША нам спадзявацца на тое, што спакойна жыць дадуць..."
"Спакайней не будзе", - падхапіў думку Дзмітрый Мезенцаў.
"Не, ніколі не будзе. Наадварот, нам трэба ў гэтым плане вуха трымаць востра", - упэўнены беларускі лідар.
Дзмітрый Мезенцаў жа ў сваю чаргу адзначыў, што ў гэтых умовах важна з'яднанне Расіі і Беларусі на фундаменце Саюзнай дзяржавы, пашырэнне інтэграцыйных праграм, праграм паставак у рэгіёны Расіі прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі.