Даклад Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
"Міліцыя ў нас адказная за многія пытанні. Але мяне перш за ўсё цікавіць тэма, звязаная з вашай аналітычнай работай, і ў сувязі з гэтым тэндэнцыі ў грамадскай бяспецы. Што насцярожвае? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Каб я разумеў, на што павінен звярнуць увагу".
Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся вынікамі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў, мерамі, што прымаюцца па забеспячэнні грамадскага парадку. Асобна Прэзідэнт спыніўся на пытаннях арганізацыі работы зняволеных у месцах пазбаўлення волі. "Вы помніце, калі толькі сталі Міністрам, у нас была праблема з занятасцю. Як цяпер там ідуць справы?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў нядаўняму здарэнню ў Магілёве. "Я і вам, і міліцыянерам з Магілёўскай вобласці вельмі ўдзячны за прафесіяналізм, што праявілі пры затрыманні асабліва небяспечнага злачынца, які захапіў адно з аддзяленняў банка і спрабаваў узяць у заложнікі людзей. Асабліва таму хлопцу, які выказаў жаданне, вобразна кажучы, нейтралізаваць яго, сеўшы за руль аўтамабіля, і тым супрацоўнікам, якія затрымалі", - сказаў Прэзідэнт.
Гэта была адна з лепшых аперацый беларускай міліцыі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Я быў паінфармаваны аб гэтых падзеях з першых хвілін. Правільна, што праваахоўнікі дзейнічалі жорстка", - заявіў ён.
На думку Кіраўніка дзяржавы, такія злачынствы раўназначныя тэрарыстычным актам, паколькі ў такіх выпадках невінаватым людзям пагражае небяспека. "Таму рэакцыя павінна быць самая жорсткая. Амаль так дзейнічалі супрацоўнікі АМАПа, міліцыі. Малайцы! Ніхто не дзяліў: гэта наша, гэта ваша, - а ўзяліся рэалізоўваць задачу, якую мы павінны былі рэалізаваць. І яны зрабілі гэта, можна сказаць, бліскуча", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што прыняў рашэнне аб узнагароджанні праваахоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай маланкавай аперацыі. Ён даручыў Ігару Шуневічу пракантраляваць, каб былі адзначаны заслугі ўсіх, хто рызыкаваў жыццём.
Як далажыў міністр, узровень злачыннасці ў краіне прадаўжае зніжацца. "Гэта значыць, фактычна ў нашых людзей становіцца менш падстаў звяртацца ў міліцыю па дапамогу і абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гэта, вядома, вынік комплексу дзеянняў, якія прыняты ў дзяржаве", - падкрэсліў ён.
Паводле інфармацыі МУС, абстаноўка ў сферы процідзеяння злачыннасці і забеспячэння грамадскай бяспекі ў цэлым характарызуецца пэўнай стабільнасцю і перавагай станоўчых змяненняў у структуры і дынаміцы злачыннасці. Так, у студзені-кастрычніку ў органы ўнутраных спраў паступіла больш як 184 тыс. заяў і паведамленняў аб злачынствах. Гэта на 11,3% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы закрануў дзейнасць БФСТ "Дынама". Прэзідэнт у прыватнасці спытаў аб перспектывах аднайменнага хакейнага клуба. "На што мы можам разлічваць? Пакуль яшчэ гаварыць пра стабільнасць рана, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Ці выйдзем мы на тыя рубяжы, якія нам абяцаны трэнерамі і кіраўнікамі гэтага клуба?"
Міністр падкрэсліў, што клуб робіць усё магчымае, каб дастойна завяршыць сезон і дабіцца плануемага выніку - выхаду ў плэй-оф.
Ігар Шуневіч таксама прадэманстраваў Прэзідэнту хакейныя клюшкі айчыннай вытворчасці. Спартыўныя снарады былі выраблены на базе крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС і цяпер праходзяць апрабаванне ў практычнай гульні.
Кіраўнік дзяржавы ўважліва вывучыў прадстаўленыя ўзоры і даручыў удасканаліць іх. У прыватнасці, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зменшыць шырыню пяра драўлянай клюшкі. У цэлым было адзначана, што гэтыя клюшкі маюць даволі добрую якасць і прыдатныя для падрыхтоўкі юных спартсменаў.