Даклад Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа
- 6
- 4:06
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на ўмацаванне ролі органаў пракуратуры ў забеспячэнні законнасці і правапарадку. Аб гэтым ён 26 ліпеня заявіў на рабочай сустрэчы з Генеральным пракурорам Беларусі Андрэем Шведам.
"Галоўнае пытанне, па якім мы з Вамі дамаўляліся, - гэта дадатковыя меры па ўмацаванні ролі пракуратуры ў Беларусі па забеспячэнні законнасці і правапарадку. Я не стану нагадваць, якое месца пракуратура займае і павінна займаць у нашай дзяржаве", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што разлічвае на Андрэя Шведа асабіста: "Я больш на Вас разлічваю, што ў перыяд Вашай работы ўсё ж такі пракуратура зойме дастойнае месца ў сістэме органаў улады ў нас".
Кіраўнік дзяржавы таксама абмеркаваў з Генеральным пракурорам тэму расследавання фактаў генацыду беларускага народа.
"Я разумею, што расследаванне толькі набыло такія маштабы патрэбныя. Генацыд савецкіх людзей на тэрыторыі Беларусі - гэта тэма не проста павінна гучаць. Наша пакаленне ў рэшце рэшт павінна паказаць, што адбывалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, у гады Вялікай Айчыннай вайны, - сказаў Прэзідэнт. - Зразумела, што замоўчвалі, больш тут было палітыкі, ніхто пра гэта не хацеў гаварыць. Але загінулі мільёны людзей. У гэтых мільёнаў людзей жывыя сваякі. І яны хочуць ведаць праўду. Наогул увесь свет павінен ведаць праўду, што адбывалася, асабліва вось у гэтай сітуацыі, у час гэтай гібрыднай вайны, якую супраць нас развязалі".
"Зусім нядаўна адзін разумны чалавек сказаў, што "Майн Кампф" (аўтабіяграфічная кніга Адольфа Гітлера, назва якой перакладаецца як "Мая барацьба". - Заўвага) цяпер застаецца актуальнай. Гэта значыць, як былі яны нацыстамі, так яны і засталіся, толькі формы зусім іншыя, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Прытым нягоднікі. На прыкладзе Літвы відаць - яны нас душаць і патрабуюць ад нас, каб на апошнім дыханні, вобразна кажучы, мы іх абаранялі".
"Таму нам супакойвацца ні ў якім разе нельга. І дзякуй Вам, што Вы ўзялі гэту тэму для разгляду. Я атрымліваю інфармацыю, Вашы супрацоўнікі працуюць. Калі патрэбна дапамога, Вы гаварыце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся станам спраў у сферы барацьбы са злачыннасцю, зрабіўшы асаблівы акцэнт на злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій.
"Вашы ўражанні аб барацьбе са злачыннасцю, на што нам трэба звярнуць увагу? Зразумела, лічбавая злачыннасць - гэта проста бяда. Але тут людзі павінны трымаць вуха востра. Не трэба весціся на розныя прапановы. Асабліва людзі старэйшага пакалення. У рэшце рэшт, няхай бы ўжо моладзь, якая ходзіць і не адрываецца ад гэтага тэлефона. Але старыя, старэйшае пакаленне, куды вы лезеце, навошта вы ведзяцеся на прапановы махляроў, аддаючы свае зберажэнні. Ніхто нічога проста так не дасць", - абазначыў праблематыку Кіраўнік дзяржавы.
"Тым не менш наш абавязак абараніць гэтых людзей. Гэта зразумела", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, што, магчыма, яшчэ насцярожвае Генеральную пракуратуру. "Якая сітуацыя праз год пасля гэтых ачумелых, якія бліцкрыг хацелі ўчыніць у мінулым годзе? Вашы проста ўражанні ў гэтым плане", - спытаў Прэзідэнт.
У час рабочай сустрэчы таксама абмяркоўваліся і іншыя пытанні, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта, у прыватнасці, адносна шэрага крымінальных спраў.
Як далажыў Андрэй Швед крымінагенная абстаноўка ў краіне знаходзіцца пад кантролем праваахоўных органаў, ёсць шэраг станоўчых тэндэнцый. Па выніках першага паўгоддзя на 5% знізілася колькасць забойстваў, на 6% - разбояў, на 11% - прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, амаль на 20% стала менш згвалтаванняў. "Ды і ў цэлым пацярпелых ад злачынных замахаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года стала менш амаль на 14%. Мы прымаем актыўныя меры разам з нашымі калегамі з МУС, іншых праваахоўных органаў для актывізацыі работы. Арыентуем на тое, каб яны пачалі працаваць з улікам стабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў нармальным рэжыме, як гэта было да жніўня мінулага года", - заявіў Генеральны пракурор.