Cустрэча з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам
- 6
- 2:58
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам.
Беларускі лідар канстатаваў наяўнасць многіх праблем у Еўразійскім эканамічным саюзе, якія перш за ўсё звязаны з невыкананнем раней дасягнутых дамоўленасцей. "Што граху таіць, вельмі шмат праблем у ЕАЭС у плане таго, што мы не выканалі тое, пра што дамаўляліся. У нас яшчэ бар'ераў дастаткова, міждзяржаўныя граніцы ў нас даведзены ў сувязі з бар'ерамі да такой ступені, што бізнес часта гаворыць: вы ўжо ўстанавіце граніцы паміж дзяржавамі, нам будзе прасцей і лягчэй. Ужо нават бізнес пра гэта заяўляе. Быццам бы няма граніц, а напружанне на граніцы празмернае. Вы гэта не горш за мяне адчуваеце. Таму ёсць над чым працаваць. Але вельмі хацелася б, каб сустрэча прэм'ераў (праведзены ў Мінску Еўразійскі міжурадавы савет. - Заўвага) дала штуршок вырашэнню гэтых праблем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўразійскі міжурадавы савет стаў пэўным крокам у паглыбленні адносін у ЕАЭС. "Прынамсі, хацелася б, каб так было. Але абмен думкамі адбыўся вельмі сур'ёзны. Наколькі мяне інфармавалі, вы там былі маторам гэтай сустрэчы", - заўважыў беларускі лідар, звяртаючыся да Нікола Пашыняна.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі і Арменіі ў асноўным аднолькавыя праблемы ў Еўразійскім эканамічным саюзе, падобныя эканомікі. "Мы абапіраемся на рэальны сектар эканомікі, у нас няма вялікіх запасаў, як у іншых нашых калег. Яшчэ, можа, кыргызы ў такой жа сітуацыі, хаця, можа, у нейкай ступені ім прасцей. У нас няма такіх запасаў вуглевадародаў. І нам складаней. Нават пры зніжэнні цэн Казахстан і Расія маюць вялікія магчымасці. У нас гэтых магчымасцей няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле ацэнкі Нікола Пашыняна, праведзенае сёння ў Мінску пасяджэнне міжурадавага савета ЕАЭС было "вельмі эфектыўным". Бакам удалося ўзгадніць асноўныя падыходы і рушыць наперад ва ўстараненні бар'ераў. Паводле яго слоў, можна гаварыць аб устараненні 8 з 10 існуючых бар'ераў у ЕАЭС. Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні аб удзеле прадпрыемстваў і арганізацый ЕАЭС у дзяржаўных тэндарах. "Мы таксама да даволі добрага рашэння прыйшлі. Я ўпэўнены, што ў выніку сённяшняга пасяджэння гэта пытанне будзе вырашана", - сказаў Прэм'ер-міністр.
Ён выказаў упэўненасць, што ў будучым краіны ЕАЭС прадоўжаць працэс збліжэння і ўстаранення перашкод на розных узроўнях. "Думаю, калі мы здолеем трымаць палітычную волю на цяперашнім узроўні, усе пытанні вырашацца. Трэба толькі працаваць над гэтым", - адзначыў Нікол Пашынян.