Дабрачыннае свята ў рамках акцыі "Нашы дзеці"

  • 17
  • 8:52

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 снежня прыняў удзел у дабрачынным свяце для дзяцей у рамках акцыі "Нашы дзеці".

Прэзідэнт расказаў, што, ідучы на свята, падумаў, што гэта самая складаная аўдыторыя: "Тут людзі вельмі розныя. Розныя па ўзросце, па сваіх пасадах. Гэта і члены ўрада, міністры, і звычайныя школьнікі, якія толькі што пачалі вучобу ў нашых школах. Але ўсіх нас сёння ў гэтай зале аб'ядноўвае адно: наперадзе вялікае любімае свята - наш Новы год".

Сярод запрошаных на дабрачыннае свята - вучні кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў, пераможцы розных алімпіяд, творчых конкурсаў і спаборніцтваў, навучэнцы, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце, дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных сем'яў і сем'яў бежанцаў. На свята таксама прыехала дэлегацыя з Латвіі - гэта навучэнцы Рыжскай беларускай асноўнай школы. Для дзяцей падрыхтавалі маляўнічае тэатралізаванае выступленне пад назвай "Формула Новага года".

"Жыццё, гэта датычыцца дзяцей і дарослых, яно заўсёды як матроская цяльняшка. Дзесьці святлейшая палоска, дзесьці цямнейшая. Гэта значыць, калі ў каго-небудзь сёння ёсць пэўныя трывогі, нечага не хапае ў жыцці, памятайце: за гэтай крыху цёмнай палоскай будзе абавязкова светлая палоска ў жыцці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён параіў усім дзецям абавязкова старанна вучыцца, паколькі гэта неабходна для будучага жыцця. "Без гэтага нікуды. Вы бачыце, наколькі ўскладнілася жыццё. Але вы маленькія, маладыя, юныя яшчэ зусім. У вас усё наперадзе, у вас светлая галава, нічым не загружана. Дзейнічайце, загружайце яе тымі ведамі, якія вам спрабуюць даць у школе, ВНУ і гэтак далей. Гэта вам вельмі патрэбна будзе ў будучым жыцці. Для таго, каб правільна вызначыцца ў будучым жыцці, сёння трэба вучыцца", - даў параду беларускі лідар.

"Я разумею, што раніцай вы прачынаецеся, як і я некалі, як і старэйшыя вашы сябры, выкладчыкі, настаўнікі, - нікуды не хочацца ісці, і надвор'е гадкае, хочацца дома застацца... Але ёсць такое слова, якое нядаўна на шчыт паднялі, - "трэба". Разумееце, трэба! Вось вы прачынаецеся, нікуды не хочаце ісці, а тым больш вучыцца. Але вы помніце: цяпер гэта трэба! Для таго каб потым было лягчэй. Таму вучоба - гэта цяжка, але трэба. Таму што гэта ваш фундамент у жыцці. Без гэтага фундаменту не можа быць у вас нармальнага дарослага жыцця", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму калі недзе настаўнікі, выхавальнікі, бацькі крышку перабіраюць (увесь час "Вучыся, вучыся, вучыся!" - даймаюць вас) - пацярпіце. І памятайце, што гэта трэба. Трэба пацярпець! - даў параду Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сярод удзельнікаў свята, як дзяцей, так і дарослых, - людзі з самымі рознымі лёсамі. Камусьці прасцей, нехта вучыцца добра, таму што ў яго больш магчымасцей. А нехта вучыцца вельмі добра, маючы магчымасцей менш, але кампенсуючы гэта велізарным імкненнем да атрымання ведаў.

"І мы зробім усё для таго, каб у тых дзетак, калі ў іх нечага не хапае, каб яны нічым не адрозніваліся ад тых дзяцей, у якіх ёсць усё", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы сказаў цёплыя словы ў адрас настаўнікаў і выхавальнікаў, без якіх у тым ліку і гэта свята не адбылося б. "Менавіта яны, кінуўшы свае дамашнія справы, клопаты, дапамаглі вам, дапамаглі мне, каб вы прыехалі сюды. Дапамаглі вам прыехаць у Палац Рэспублікі, дзе мы традыцыйна праводзім гэта светлае свята", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да дзяцей.

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што на ўласным вопыце ведае, як цяжка працаваць з дзецьмі. Але потым вельмі прыемна, калі яны даюць тыя вынікі, на якія разлічваюць настаўнікі, выкладчыкі і бацькі.

"Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, дарагія нашы патрыёты, настаўнікі і выхавальнікі! Гэта не таму, што перадвыбарная ў нас цяпер "вакханалія". Не, я шчыра так лічу. Я вас віншую ўсіх з Новым годам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым звярнуўся не толькі да прысутных у зале Палаца Рэспублікі, але і да тых, хто ўбачыць гэта ў эфіры: "Я хацеў бы ад усёй душы падзякаваць за творчую працу, за цярпенне, за тое, што вы, прачынаючыся раніцай, гаворыце, што трэба - трэба ісці на работу, трэба выхоўваць будучае пакаленне. Вялікі вам дзякуй. І прыміце мае самыя шчырыя пажаданні і віншаванні з надыходзячым святам".