Навагодні баль у Палацы Незалежнасці

  • 32
  • 18:02

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 снежня прыняў удзел у правядзенні навагодняга балю.

Па існуючай традыцыі ў якасці месца правядзення была выбрана Зала ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці. Запрашэнне прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве атрымалі прадстаўнікі адоранай, таленавітай моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі - усяго каля 330 чалавек: навучэнцы ўстаноў вышэйшай, сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Гаворачы пра баль, Аляксандр Лукашэнка расказаў крыху пра гісторыю яго правядзення і аб тым, чаму на гэта мерапрыемства запрасілі моладзь. "Я запрасіў вас сюды для таго, каб вы яркімі фарбамі намалявалі яшчэ адну старонку свайго жыцця", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што, гледзячы на фатаграфіі пасля балю, яго ўдзельнікі яшчэ доўга будуць успамінаць гэтыя моманты, а праз некалькі гадоў змогуць расказаць пра гэта і сваім дзецям.

Само ж мерапрыемства ў свой час пачыналася з прапановы правесці ў Мінску на гэтай пляцоўцы Венскі баль. "Я тады падумаў: "Ну а чаму нехта павінен сюды прыехаць і стварыць нам такое свята? Мы павінны гэта зрабіць самі". І мы зрабілі. Вось ужо каторы год мы збіраемся напярэдадні Новага года і праводзім гэта свята разам. Гэта стала традыцыяй. Гэта сімвалічна. Запомніце, з гэтага складваецца гісторыя любой дзяржавы - суверэннай і незалежнай", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння ў наш Палац Незалежнасці прыйшло яркае, прыгожае свята. Натхняючае свята. Свята, галоўным упрыгажэннем якога з'яўляецеся вы, нашы дарагія ўдзельнікі Навагодняга балю, - сказаў Прэзідэнт. - Для мяне вельмі важна, каб вы адчулі гэта свята, асаблівую атмасферу Палаца - сімвала нашай незалежнасці. Паглядзелі на Мінск з яго вокнаў, на сваім прыкладзе ўбачылі, што родная Беларусь - гэта краіна магчымасцей".

"Для мяне вельмі важна, каб вы, знаходзячыся тут сярод людзей розных узростаў, статусаў, пасад, адчулі сутнасць укладу нашага грамадства, дзе ўсе роўныя ў сваіх магчымасцях. Дзе змена пакаленняў грунтуецца на павазе гістарычных дасягненняў народа і абавязкова - на пераемнасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Менавіта з такой галоўнай, на мой погляд, ідэяй я і прыйшоў у вялікую палітыку даўным-даўно: захаваць пераемнасць. Была ўнутраная ўпэўненасць у правільнасці гэтага курсу, і было запатрабаванне грамадства. Таму была падтрымка з боку народа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што кожны разважны грамадзянін разумеў простую ісціну: нам, беларусам, як мінімум не трэба змагацца за права будаваць сваю дзяржаву. Але калі забыць або здрадзіць тым, хто прайшоў гэты шлях, давядзецца пачынаць спачатку. І што самае страшнае (сёння вы гэта ўжо бачыце), магчыма, давядзецца пачынаць спачатку са зброяй у руках. Не дай бог".

"Вось такая праўда жыцця і філасофія поспеху: хочаш падняцца яшчэ вышэй - не ламай пабудаваную да цябе пакаленнямі апору. Абапірайся на яе і ідзі наперад", - заявіў беларускі лідар.

Ён заўважыў, што такая сур'ёзная размова ў святочных дэкарацыях можа здацца недарэчнай. "Але дэкарацыі заўсёды часовыя. А момант, у якім вы знаходзіцеся, мае фундаментальнае значэнне. Для кагосьці ён можа стаць лёсавызначальным", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў балю, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты вечар дорыць ім шмат магчымасцей знайсці новых сяброў, паразмаўляць з тымі, чый жыццёвы вопыт ужо сёння можа стаць сур'ёзным арыенцірам у будучыню.

"Яшчэ раз хачу павіншаваць вас, вашых родных, вашых блізкіх, усіх беларусаў з надыходзячым Новым годам, надыходзячымі святамі! Будзьце заўсёды шчаслівыя і беражыце сваю краіну - нашу Беларусь", - заклікаў беларускі лідар.

Адкрываў танцавальную праграму класічнай часткі балю традыцыйны паланэз у выкананні дэбютантаў.

Прадоўжыў праграму балю самы папулярны, рамантычны і прыгожы танец - вальс. Спачатку яго выканалі дэбютанты, але пасля слоў танцмайстра "Вальсуюць усе!" уся зала запоўнілася танцуючымі. Традыцыйна на балі вальсаваў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Таксама сярод танцуючых былі заўважаны Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, Міністр адукацыі Андрэй Іванец, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Кожны год у праграму навагодняга балю ўключаюць новыя танцы. На гэты раз ім стаў шапелуаз (народны танец, шырока вядомы ў Еўропе). У астатнім жа бальная карта гэтага года была цалкам традыцыйная і ўключала кракавяк, польку, галоп, падэпатынер, паўночную кадрылю і бурэ. Гэта, дарэчы, старадаўні французскі народны танец, які першапачаткова быў танцам дрывасекаў. "Хто ведае, якія танцы з'явяцца ў нас на балі ў наступным годзе пасля чарговага чэмпіянату па колцы дроў", - з гумарам заўважыў танцмайстар.

Завяршыў класічную праграму балю масавы танцавальны флэш-моб. Пад кампазіцыю "Потолок ледяной" у выкананні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, які суправаджаў усю музычную праграму, танцавалі ўсе ўдзельнікі навагодняга балю.

Адвольная праграма прадугледжвае больш свабодны фармат, калі залу пакідаюць высокія госці і яна застаецца ў поўным распараджэнні дэбютантаў і маладых удзельнікаў свята. На гэты раз яны прынялі ўдзел у майстар-класе ча-ча-ча, правялі сапраўдную танцавальную бітву паміж прафесіяналамі і ўдзельнікамі балю і танцавальны флэш-моб, выканаўшы рок-н-рол, танга, румбу, стэп. А потым весяліліся пад сучасныя рытмы і кампазіцыі ў выкананні маладых музыкантаў, пераможцаў і лаўрэатаў розных конкурсаў і фестываляў. Пакідаючы Палац Незалежнасці, кожны з удзельнікаў, напэўна, меў яркія ўражанні і незабыўныя эмоцыі, а ў дадатак - прыемныя навагоднія падарункі ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.