Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў Кодэкс аб культуры

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон, якім змяняюцца і дапаўняюцца нормы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

    У прыватнасці, у адпаведнасці з прынятымі змяненнямі пераразмяркоўваюцца паўнамоцтвы паміж Міністэрствам культуры і мясцовымі органамі ўлады па пытаннях выкарыстання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгіянальнага значэння, спрашчаецца парадак правядзення на іх работ па бягучым рамонце.

    Законам уводзіцца абавязак атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-забаўляльнага мерапрыемства ўсімі арганізатарамі, акрамя фізічных асоб, якія праводзяць мерапрыемства для ўласных патрэб і без атрымання прыбытку (юбілеі, вяселлі і гэтак далей).

    Прадугледжваецца сістэма абавязковага ўключэння Міністэрствам культуры арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў у адпаведны рэестр. Правядзенне культурных мерапрыемстваў будзе магчыма толькі ўключанымі ў рэестр арганізатарамі.

    У адпаведнасці з папраўкамі ў кодэкс экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў дазваляецца толькі работнікам гэтых музеяў.

    Устанаўліваецца прыярытэтнае права на набыццё культурных каштоўнасцей дзяржаўнымі арганізацыямі культуры ў выпадку прыняцця ўласнікам рашэння аб іх адчужэнні.

    У Законе змешчаны таксама іншыя нормы, у тым ліку якія прадугледжваюць удакладненне асобных аспектаў у сферах бібліятэчнай, музейнай, рамеснай дзейнасці, кінематаграфіі, народнай творчасці.