Свята "Купалле. Александрыя збірае сяброў"
- 20
- 6:30
Выступленне Прэзідэнта Беларусі на свяце "Купалле. Александрыя збірае сяброў"
(Апладысменты)
Вялікі дзякуй!
Шаноўныя сябры, дорогие друзья, сардэчна запрашаю вас усіх і тых, хто нас сёння бачыць па тэлебачанні, на цудоўную александрыйскую зямлю.
Вельмі рады таму, што з году ў год у гэтыя сакральныя для нашага народа вечары я вітаю тут усё больш і больш нашых гасцей.
Па-першае, сапраўдных беларусаў - разумных, добрых, сумленных, якія разам, як у нас кажуць, талакой, могуць і працаваць, і святкаваць.
Па-другое, шчырых сяброў, што цікавяцца нашай найбагацейшай народнай культурай.
Але, каб яе зразумець, гэту культуру, трэба разам з намі дакрануцца да старажытных беларускіх традыцый, убачыць прыгажосць купальскай ночы, надыхацца водарам квітнеючых летніх палёў. Адчуць, як недзе ў глыбіні душы чароўнай папараць-кветкай прарастаюць любоў і асаблівая павага да беларускай зямлі і беларускага народа.
Кожны, хто хоць раз пабываў у нашай краіне, пазнаёміўся з людзьмі, дакладна ведае: мы, беларусы, мудрыя, годныя і вольныя людзі. Мы шануем сваіх продкаў, добра ведаем сваіх герояў. З адкрытай душой сустракаем тых, хто прыйшоў з мірам. Заўсёды гатовы падзяліцца кавалкам хлеба і даць прытулак тым, хто страціў сёння ўсё.
Мы ганарымся сваёй гісторыяй і сваёй зямлёй. І ні пры якіх абставінах не адмовімся ад гэтай зямлі. Але мы ніколі не дазволім дыктаваць нам, як жыць і што рабіць.
Я добра ведаю, сапраўдны беларус - той, хто мае тут дом і заўжды будзе яго абараняць. Калі спатрэбіцца, то і са зброяй у руках. Таму што гэты дом у нас - адзіны.
Мы адказныя за яго. І перад тымі, хто быў на гэтай зямлі да нас, і перад тымі, хто прыйдзе пасля нас. Нездарма казалі нашы продкі: "Свая хатка - родная матка, а чужая - мачаха".
Менавіта на такім свяце добра разумееш, чаму для жыхароў Александрыі і наваколля дні Купалля - адны з самых доўгачаканых у годзе. Да іх рыхтуюцца шмат месяцаў, каб усё атрымалася на славу. Бо людзі чакаюць самых дарагіх і блізкіх сяброў.
Я хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць усім, хто, не шкадуючы часу і сіл, падарыў нам сёння цудоўнае свята. Ведаеце, я заўважыў, што з году ў год яно становіцца ўсё прыгажэйшым і прыгажэйшым. І гэта дзякуючы тым, хто ў гэты бераг старажытнага Дняпра ўклаў сваю душу. Вялікі дзякуй вам, арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемстваў Александрыі.
(Апладысменты)
Ну і вядома, дзякуй усім вам, нашым дарагім гледачам. Гэта зала пад зорным ліпеньскім небам не ўмяшчае ўсіх жадаючых. Але мільёны, мільёны беларусаў, нашых родных, блізкіх, суседзяў убачаць сёння і ў наступныя дні нас у іншых сродках масавай інфармацыі і па тэлебачанні. Так многа людзей, якія праводзяць выхадныя са сваімі шматлікімі сябрамі тут, у Александрыі, рэдка знойдзеш на якім-небудзь іншым свяце. Душэўнай атмасферы і пачуцця адзінства тут заўсёды з лішкам хапае на ўсіх нашых сяброў. Дзякуй, што мы разам зноў акунаемся ў купальскую казку. Добрую, вясёлую і абавязкова са шчаслівым фіналам. Шчасця нам сёння, паверце, так не хапае. Хацелася б больш, а наогул, шмат яго і не бывае.
За гэты год, які мы не бачыліся з вамі вось у такім фармаце, столькі адбылося новага, нечаканага, прыемнага і зусім непрыемнага. Асабліва ў роднай нашай Украіне. Вы бачыце, што адбываецца і што там робіцца. І кожны дзень прыносіць розныя навіны адтуль: і радасныя, але больш за ўсё - сумныя. Але вось гэты сівавалосы Днепр, які аб'яднаў нашы славянскія народы, я ўпэўнены, у бліжэйшы час убачыць тут, на гэтым беразе, і нашых украінскіх сяброў. Мы, расіяне і беларусы, з задавальненнем гатовы іх убачыць на нашым свяце.
Дарагія сябры! Будзьце здаровыя і шчаслівыя, жывіце багата, любіце блізкіх і сваю родную Беларусь. Са святам вас!
(Апладысменты).