Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве
- 8
Беларусь, Казахстан і Расія поўныя рашучасці падпісаць дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕЭС) у вызначаныя раней тэрміны. Аб гэтым 24 снежня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках праведзенага ў Маскве пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
У парадку дня саміту было каля дзесяці пытанняў. Прэзідэнты абмеркавалі тэмы далейшага развіцця інтэграцыйнага ўзаемадзеяння і далучэння да яго новых краін. Спачатку пасяджэнне прайшло ў вузкім складзе, а потым да кіраўнікоў "тройкі" далучыліся прэзідэнты Кыргызстана і Арменіі і прэм'ер-міністр Украіны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што работа па інстытуцыянальнай частцы праекта дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым завершана. Разам з тым некалькі важных пазіцый не былі ўзгоднены на экспертным узроўні, і гэта перашкаджае краінам рухацца далей.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што ў першую чаргу размова ідзе аб тым, ці будзе саюз міжнароднай арганізацыяй. "З'явілася меркаванне, што аб арганізацыі гаварыць рана, паколькі незразумела, што ў нас атрымаецца ў выніку", - сказаў беларускі лідар.
"Упэўнены, што саюз павінен быць менавіта міжнароднай арганізацыяй, якая будзе надзелена намі неабходнай правасуб'ектнасцю. Такі статус неабходны для эфектыўнага функцыянавання саюза. Ён зразумелы сусветнай супольнасці і нашым грамадзянам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Рашэнне аб гэтым прымалася ўжо ў снежні 2012 года. На думку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, хісткасць у гэтым пытанні можа выклікаць непажаданыя меркаванні сярод праціўнікаў еўразійскай інтэграцыі, якіх нямала за межамі Мытнага саюза.
Беларускі бок выступае за дакладнае і прадметнае размежаванне кампетэнцый як самога саюза, так і дзяржаў-членаў, падкрэсліў Прэзідэнт. "Чым больш канкрэтна мы прапішам, хто чым павінен займацца, тым менш у нас потым будзе спрэчак, што хтосьці лезе не ў свае пытанні, - сказаў беларускі лідар. - Са сферамі кампетэнцыі саюза згадзіліся ўсе. Лагічна зрабіць і другі крок. Прапісаць, у якіх сферах нашы дзяржавы будуць мець кампетэнцыі, што рэалізуюцца ў фармаце ўзгодненай палітыкі".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той нюанс, што неабходна дакладнае вызначэнне юрыдычнай сілы і іерархіі актаў саюза. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь лічыць прынцыповым, каб рашэнні Вышэйшага і Міжурадавага саветаў былі не проста палітычнымі дакументамі, а абавязковымі для ўсіх бакоў нарматыўнымі актамі. На думку беларускага лідара, гэта дасць магчымасць эфектыўна працаваць і належным чынам кантраляваць дзейнасць Еўразійскай эканамічнай камісіі. "Інакш кіраўнікі дзяржаў не змогуць адмяніць рашэнні ЕЭК. А гэта нонсэнс", - падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ў мінулую сустрэчу ў Мінску кіраўнікі дзяржаў "тройкі" сышліся на думцы, што дырэктары дэпартаментаў ЕЭК і іх намеснікі павінны быць з розных дзяржаў, і даручылі прапрацаваць гэту тэму спецыялістам. "Але воз пакуль і цяпер там. І гэта перашкаджае нам у падрыхтоўцы дагавора. І наогул гэта не нармальна, калі не выконваюцца рашэнні трох прэзідэнтаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Вырашэння патрабуе і пытанне аб месцы размяшчэння органаў саюза. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта пытанне чарговы раз становіцца каменем спатыкнення. "Поўнасцю зразумела жаданне кожнай з нашых краін мець на сваёй тэрыторыі інтэграцыйную структуру. Аднак і суд, і камісія працуюць ужо даўно, быццам бы вырашаны арганізацыйныя пытанні. Таму ці варта нам узнімаць пытанне і перавозіць і людзей, і маёмасць з месца на месца? Пытанне адкрытае. І я лічу, што сёння мы павінны паставіць кропку ў гэтай дыскусіі", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь, Казахстан і Расія ствараюць Еўразійскі эканамічны саюз, у якім будзе функцыянаваць Адзіная эканамічная прастора, аб чым напісана ў рашэнні, прынятым у Астане ў маі бягучага года. Там таксама падкрэслена, што, "як правіла, без выключэнняў і абмежаванняў". Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў пытанні забеспячэння свабоды перамяшчэння тавараў краіны рушылі значна далей, чым у сферах паслуг, капіталу і рабочай сілы, што лагічна, паколькі стварэнне Мытнага саюза пачалося раней, чым АЭП.
"Аднак нават па таварах мы не завяршылі работу. Нягледзячы на дасягнутыя ў "тройцы" дамоўленасці, застаюцца выключэнні, уключаючы алкагольную, тытунёвую прадукцыю, лекавыя сродкі, медыцынскія вырабы, газ, нафту, нафтапрадукты, аўтамабілі, рыбу і г.д. Упэўнены, што ісці ў эканамічны саюз, не завяршыўшы фарміраванне мытнага, вельмі рызыкоўна і наогул няправільна", - падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
"Свабода перамяшчэння тавараў павінна стаць своеасаблівым прыкладам для забеспячэння ўсіх іншых свабод. У адваротным выпадку нават неэканамістам зразумела, што ўся ідэя стварэння саюза і яго эканамічны сэнс могуць быць пастаўлены пад сумненне", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зафіксаваць у дагаворы прызнанне нацыянальнага рэжыму адносна гандлю таварамі, разгляд тавараў адзін аднаго як сваіх уласных, вываду іх з-пад усялякіх выключэнняў, будуць гэта экспартныя або іншыя пошліны і зборы, колькасныя абмежаванні ці штосьці іншае, у тым ліку розныя перашкоды. На яго думку, адначасова неабходна мэтанакіравана працаваць над рэалізацыяй тых дамоўленасцей, якія замацаваны ў базавых пагадненнях Адзінай эканамічнай прасторы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка выказаў нязгоду з меркаваннем, што абавязацельствы па дагаворы не будуць закранаць абавязацельствы дзяржаў саюза ў пагадненнях з трэцімі краінамі. На яго думку, калі ў дагавор будзе закладзена такая норма, то пад пагрозу будзе пастаўлены сам працэс інтэграцыі.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу на тое, што разам з тым існуюць і двухбаковыя пагадненні ўнутры "тройкі". У некаторых з іх прапісаны больш спрыяльныя ўмовы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, чым гэта будзе прадугледжана дагаворам аб саюзе. "Лічу найважнейшым захаваць іх дзеянне і аб гэтым дакладна прапісаць у самім дагаворы, які мы рыхтуем. Перакананы, што такі падыход будзе садзейнічаць далейшаму развіццю інтэграцыйных працэсаў", - сказаў беларускі лідар.
Гаворачы аб функцыянальнай частцы дагавора, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яе гатоўнасць складае каля 30%. Нягледзячы на тое, што гэта лічба ўмоўная, такая сітуацыя насцярожвае, паколькі яшчэ не прапрацаваны шэраг раздзелаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць ЕЭК узмацніць работу наконт аналізу сумяшчальнасці зместу інстытуцыянальнай і функцыянальнай частак праекта дагавора.
На пасяджэнні ў вузкім складзе прэзідэнты адобрылі інстытуцыянальную частку праекта Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, якая вызначае міжнародна-прававы статус, мэты і механізмы дзейнасці саюза. Паводле слоў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна, у ёй, у прыватнасці, вызначаны ключавыя прынцыпы дзеяння саюза: супрацоўніцтва на ўзаемавыгаднай аснове для збліжэння эканомік, іх гарманічнага развіцця і ўмацавання канкурэнтаздольнасці. Ён адзначыў, што рэалізацыя гэтых прынцыпаў падпарадкавана галоўнай і асноўнай мэце - павышэнню дабрабыту грамадзян.
Наступным этапам работы з'яўляецца ўзгадненне функцыянальнай, або галіновай, часткі праекта дагавора. Прэзідэнт Расіі звярнуў увагу на тое, што тэрміны сціслыя, тэкст дагавора павінен быць гатовы для падпісання да 1 мая 2014 года, а потым паступіць у парламенты. Таму неабходна нарасціць узаемадзеянне па лініі міністэрстваў, ведамстваў і экспертных груп, каб Еўразійскі эканамічны саюз пачаў функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года.
Паводле слоў Уладзіміра Пуціна, галіновую частку дагавора неабходна максімальна насыціць канкрэтнымі абавязацельствамі ў сферы адзінай эканамічнай палітыкі. Акрамя таго, трэба завяршыць кадыфікацыю ўсёй дагаворна-прававой базы Мытнага саюза і АЭП, ліквідаваць астатнія выключэнні з агульнага гандлёвага і інвестыцыйнага рэжыму, забяспечыць свабоду перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў.
"Да 1 сакавіка 2014 года павінен быць сфарміраваны спіс астатніх у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы выключэнняў і абмежаванняў і вызначаны канкрэтныя тэрміны іх ліквідавання", - заявіў Прэзідэнт Расіі.
На пасяджэнні прэзідэнты дамовіліся, што будуць скарачаць выключэнні, каб, у рэшце рэшт, звесці іх да нуля.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што еўразійская эканамічная інтэграцыя забяспечвае ўмовы для дынамічнага развіцця краін-удзельніц. "Нягледзячы на негатыўную глабальную кан'юнктуру, агульны рынак "тройкі" пашыраецца. У 2010-2012 гадах тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічыўся амаль на трэць, - сказаў Уладзімір Пуцін. - У экспартна-імпартных аперацыях скарачаецца ўдзельная вага сыравінных тавараў, і на гэта мы сёння асабліва звярнулі ўвагу. Гэта вельмі важная частка нашай сумеснай работы".
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза з'яўляецца інавацыйным праектам сучаснасці. Паводле яго слоў, гэта не спроба аднаўлення СССР, і гэта агульная пазіцыя ўсіх краін-удзельніц. "Мы ідзём не назад, а наперад", - сказаў ён, дадаўшы, што гэта інтэграцыйнае аб'яднанне не з'яўляецца і паўтарэннем іншых такіх саюзаў.
Па выніках саміту прэзідэнты зацвердзілі дарожную карту па далучэнні Арменіі да Мытнага саюза і АЭП Беларусі, Расіі і Казахстана. Кіраўнікі дзяржаў таксама дамовіліся, што на экспертным узроўні прадоўжыцца работа над дарожнай картай па далучэнні да Мытнага саюза і АЭП Кыргызстана. Праект гэтага дакумента практычна гатовы.
Нурсултан Назарбаеў лічыць, што далучэнне да Мытнага саюза новых удзельнікаў не павінна ісці з захаваннем асаблівых рэжымаў. "Палавінчатага ўступлення не павінна быць", - сказаў ён.
Акрамя таго, па выніках пасяджэння падпісана рашэнне аб ходзе работы над праектам Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе з улікам палажэнняў, накіраваных на далейшае развіццё інтэграцыі, а таксама аб бюджэце Еўразійскай эканамічнай камісіі на 2014 год.
Падпісана рашэнне аб фарміраванні ў рамках Суда Еўразійскага эканамічнага супольніцтва складу па разглядзе спраў аб парушэннях правіл канкурэнцыі, а таксама аб перадачы ЕЭК паўнамоцтваў кантролю за выкананнем адзіных правіл канкурэнцыі на трансгранічных рынках на тэрыторыях дзяржаў - членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у пералік тавараў, у адносінах да якіх рашэнне аб змяненні стаўкі ўвазной мытнай пошліны прымаецца Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Кіраўнікі дзяржаў прынялі падагульняючую справаздачу па выкананні паэтапнага плана фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы ў адносінах да сфер натуральных манаполій (у сектаральным (галіновым) разрэзе), а таксама рашэнне аб пераліку нарматыўных прававых актаў дзяржаў - членаў МС і АЭП у галіне рэгулявання дзейнасці суб'ектаў натуральных манаполій, якія падлягаюць збліжэнню, з вызначэннем паслядоўнасці правядзення адпаведных мер па гарманізацыі заканадаўства ў гэтай сферы.
Аляксандр Лукашэнка па выніках пасяджэння заявіў, што дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе павінен стаць значным крокам наперад у інтэграцыйным будаўніцтве.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь лічыць неабходным у поўным аб'ёме рэалізаваць дамоўленасці, якія былі ўжо дасягнуты пры фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы, "узяць з Мытнага саюза і АЭП усё лепшае, стварыць такую прававую сістэму і структуру будучага саюза, якія забяспечаць яго высокую эфектыўнасць".
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што дагавор у цэлым набывае канкрэтныя абрысы, аднак работа наперадзе яшчэ вялікая. Паводле яго слоў, удакладнення запатрабаваў шэраг найбольш важных пазіцый, у прыватнасці па размежаванні кампетэнцыі саюза і дзяржаў-членаў, іерархіі актаў будучага аб'яднання.
"Абмяркоўваючы пытанне суадносін дагавора з іншымі міжнароднымі дакументамі, мы заявілі, што ён не павінен перашкаджаць заключэнню або прымяненню раней прынятых пагадненняў, якія не супярэчаць мэтам дагавора або ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для супрацоўніцтва", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу ён адзначыў неабходнасць захавання дзеяння пагадненняў у рамках Саюзнай дзяржавы з Расіяй.
Што датычыцца падрыхтоўкі функцыянальнай часткі дагавора, то тут, паводле слоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, трэба будзе зрабіць яшчэ даволі шмат, і некаторыя раздзелы патрабуюць дасканалай прапрацоўкі. Размова ідзе аб санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мерах, гандлі паслугамі і інвестыцыях, канкурэнтнай палітыцы і дзяржаўных закупках.
"Калі мы не даб'ёмся таго, каб Еўразійскі эканамічны саюз пачаў працаваць у вызначаныя намі тэрміны - з 1 студзеня 2015 года, - гэта будзе ганьбай для ўсіх нас", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым краіны "тройкі" поўныя рашучасці за кароткі прамежак часу стварыць і падпісаць адпаведны дагавор.
"На нашу думку, важнейшым пытаннем, звязаным з далейшым развіццём інтэграцыі, з'яўляецца стварэнне новага аб'яднання на базе Мытнага саюза, у якім няма ніякіх выключэнняў і абмежаванняў у гандлі таварамі паміж краінамі-ўдзельніцамі. Паколькі менавіта ў свабодзе руху тавараў мы зрабілі крок максімальна далёка", - сказаў беларускі лідар.
"Паўнацэнная свабода руху тавараў павінна стаць прыкладам для рэалізацыі астатніх свабод у сферах паслуг, капіталу і рабочай сілы, зафіксаваных у базавых пагадненнях АЭП", - лічыць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Менавіта такі падыход, на думку беларускага боку, дасць магчымасць у самы кароткі тэрмін вырашыць амбіцыйную задачу па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праведзенае сумеснае абмеркаванне чарговы раз пацвердзіла гатоўнасць лідараў да прадаўжэння інтэграцыі. "Нам пад сілу прыйсці да кансэнсусу па ўсіх, нават самых вострых, пытаннях, - лічыць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. - Існуючыя паміж краінамі даверныя партнёрскія адносіны з'яўляюцца залогам далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".