Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу "24 KZ" агенцтва "Хабар"
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначае дынамічнае развіццё адносін Беларусі і Казахстана. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 1 кастрычніка ў інтэрв'ю тэлеканалу "24 KZ" агенцтва "Хабар", дадзеным напярэдадні афіцыйнага візіту ў Казахстан.
"Сёння планаваць які-небудзь прарыў у нашых адносінах будзе няправільна. У нас адносіны развіваюцца вельмі роўна, дынамічна, нягледзячы на некаторы спад тавараабароту ў сувязі з сусветным крызісам, але гэта зразумела", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў дзвюх краін няма ніякіх праблем у палітыцы, дыпламатыі, дзяржавы выступаюць з адзіных пазіцый на міжнароднай арэне, маюць ідэнтычныя падыходы па міжнароднаму парадку дня, поўнае ўзаемаразуменне паміж урадамі і прэзідэнтамі.
Што датычыцца эканомікі, то Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праектах па індустрыялізацыі Казахстана. "Мы сёння працуем прыкладна па 20 буйных праектах. Гэта сотні мільёнаў сродкаў, якія Казахстан траціць. Мы асвойваем гэтыя сродкі, ствараем там сумесныя прадпрыемствы па ўсіх напрамках, - сказаў беларускі лідар. - У нас абсалютна сумяшчальныя эканомікі, мы амаль нідзе не канкурыруем - гэта вялікая перавага".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што для таго, каб праекты рэалізоўваліся ў тэрмін, прэзідэнты дамовіліся штогод сустракацца і кантраляваць выкананне дамоўленасцей.
Вялікая ўвага ў час інтэрв’ю ўдзялялася інтэграцыйнай тэматыцы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што для фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы, новага этапу інтэграцыі пасля Мытнага саюза, працуе каля 20 базавых пагадненняў. Праводзіцца дынамічная работа па стварэнню Еўразійскага эканамічнага саюза.
"Так, можа, ёсць і незадаволенасць па нейкіх пытаннях у ходзе фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы і ў перспектыве Еўразійскага эканамічнага саюза нашых краін. Але гэта вельмі добра, што ў нас застаўся год для таго, каб падрыхтаваць маштабныя дакументы па Еўразійскаму эканамічнаму саюзу. Таму што калі мы штосьці недапрацавалі, то мы сарвём пачатак яго функцыянавання, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму тое, што абяцана Беларуссю, Казахстанам і асабліва Расіяй - цэнтральным ігроком, шчыра кажучы, на гэтай прасторы - усё павінна быць рэалізавана".
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што пры фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза не павінны ўшчамляцца інтарэсы ўдзельнікаў.
"Мы з Расіяй і Казахстанам у бліжэйшым будучым павінны адыграць вельмі важную ролю ў фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза, такога саюза, каб ён быў выгадны ўсім. Мы тут не павінны націскаць адзін на аднаго, павінны сёння зыходзіць з таго, што мы можам зрабіць. І Еўразійскі эканамічны саюз - гэта аб'яднанне, якое мы сёння рэальна можам пабудаваць, не замахваючыся на нейкія вялікія перспектывы ў будучым", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Напрыклад, калі Казахстан вельмі зацікаўлены ў адзіных тарыфах, адзінай транспартнай палітыцы, у гэтым і мы зацікаўлены, і расіяне, але Казахстан у большай ступені, - то Расіі, паколькі ад яе найбольш залежыць гэта раўнапраўе, трэба будзе свае абяцанні рэалізоўваць. У адваротным выпадку мы не прыйдзем у тэрмін да 1 студзеня 2015 года да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму гэтыя этапы вельмі важныя", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што Еўразійскі эканамічны саюз будзе выгадны для ўсіх краін-удзельніц.
"Гэта, безумоўна, выгадна ўсім дзяржавам. Вельмі вялікі рынак, прыкладна 170 млн. грамадзян, за кошт унутранага рынку можна пазбегнуць некаторых катаклізмаў, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы. Паглядзіце на Кітай, - сказаў беларускі лідар. - І тое, што ў нас будзе свабода перамяшчэння людзей, капіталаў, рабочай сілы, тавараў - што тут дрэннага? Роўныя ўмовы гаспадарання. Для эканомікі гэта вельмі важна".
"Для людзей, для эканомікі асабліва, для фінансаў - вельмі выгадна тое, што мы зрабілі, і тое, што мы цяпер робім", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь, Казахстан і Расія ствараюць сучасныя формы інтэграцыі, а не адраджаюць СССР.
Паводле яго слоў, лідары трох дзяржаў шкадуюць аб распадзе СССР, аднак вяртання да старога няма.
"Мы зусім іншыя, зусім іншая сітуацыя ў свеце, нам трэба ісці наперад, ствараючы інтэграцыйныя аб'яднанні, таму што ўвесь свет інтэгруецца. У розных частках планеты нас ужо абагналі краіны ў сваім аб'яднанні ў саюзы. Таму мы сёння ў гэтых інтэграцыйных працэсах адстаём", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Але вяртацца да старога ні ў кога няма жадання, і гэта немагчыма. Таму палохаць тым, што хтосьці хоча вярнуцца ў Савецкі Саюз, - гэта, напэўна, сёння неразумна. Мы ствараем сучасныя формы інтэграцыі, якія не напружваюць ні знешні свет, ні ўнутры нашы народы. Людзі хочуць жыць у суверэнных, незалежных дзяржавах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"СССР з'яўляўся процівагай, забяспечваў шматпалярнасць у свеце. Цяпер мы ўсе шукаем гэту шматпалярнасць. Але яе цяпер забяспечыць вельмі складана. Таму і ачагі напружанасці, таму адна краіна, закасаўшы рукавы, без згоды ААН гатова наносіць удары і г.д. Няма процівагі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Што датычыцца розных меркаванняў, якія выказваюцца наконт хуткага ўвядзення адзінай валюты ў АЭП, то Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта пытанне не актуальнае.
"Хтосьці гаворыць сёння аб увядзенні адзінай валюты. Мы да гэтага яшчэ не прыйшлі. Мы яшчэ не адчулі вялікую неабходнасць гэтага. Сёння ў парадку дня гэта не стаіць, і не трэба гэта ўпіхваць штучна", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Некаторыя з палітыкаў, асабліва ў Расіі, прывыклі падкідваць у парадак дня тое, што сёння нерэальна. Дапусцім, усе крычаць аб нейкай уніфікацыі, у тым ліку ў сферы палітычнай. Але мы ствараем эканамічны саюз", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Некаторыя прывыклі падкідваць гэтыя пытанні: а вось, мы заўтра на адзіную валюту пяройдзем. Мы не абмяркоўвалі гэта, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Мы не прыйшлі да такой неабходнасці, не гатовы для гэтага".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ходзяць размовы і аб стварэнні нейкай палітычнай надбудовы. Кіраўнік беларускай дзяржавы заўважыў, што наднацыянальныя структуры, супраць якіх выступіць хаця б адна з краін "тройкі", стварацца не будуць.
"Давайце рабіць тое, што сёння неабходна, тое, што патрабуюць ад нас народы, тое, што наогул выгадна народу і дзяржаве. Пры гэтым палітычная незалежнасць, суверэнітэт, стабільнасць дзяржавы - гэта галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ваеннае ўмяшанне Захаду ў Сірыю абернецца катастрофай для ўсяго рэгіёна.
"Я вельмі негатыўна стаўлюся да вайны ў Сірыі не толькі як Прэзідэнт, але і як чалавек, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дабром гэта не скончыцца. Не дай бог амерыканцы ўлезуць туды, як яны ўлезлі ў Лівію, і ў цэлым блок НАТА, і пачнуць бамбіць - гэта катастрофа. Вось тады ўспыхне ўся "арабская дуга".
"Тады мала не падасца ўсім, таму што ўключаны ў гэты канфлікт праз Ірак будзе і Іран, і іншыя дзяржавы. Таму будзе вельмі горача", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь у гэтым пытанні пазіцыянуе сябе ў рэчышчы расійскай палітыкі. "Мы вельмі актыўныя ў гэтым пытанні, мы выказваем адкрыта сваю пазіцыю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І мы катэгарычна супраць таго, каб няхай нават супердзяржава пад якімі б там ні было лозунгамі, дэмакратычнымі або яшчэ нейкімі там, умешвалася ва ўнутраныя справы той ці іншай дзяржавы, звяргала, забівала, вешала прэзідэнтаў. Усё гэта свет ужо бачыў, ад Садама Хусэйна да лівійскага прэзідэнта Муамара Кадафі".
"А колькі тысяч чалавек загубілі? Гэта якая дэмакратыя? Каму дазволена сёння такім чынам у свеце арудаваць? Паглядзіце, да чаго дагаварыліся: амерыканская нацыя ўжо сабе прысвоіла права нейкай выключнасці. Мы гэту выключнасць у сярэдзіне мінулага стагоддзя перажылі. І яна каштавала 50 млн. жыццяў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. "Прысвойваць сабе права нейкай выключнасці і гэтым абгрунтоўваць бамбёжкі іншых дзяржаў, я лічу, гэта, мякка кажучы, контрпрадукцыйна, гэта вельмі дрэнна", - лічыць беларускі лідар.
"Меў рацыю Пуцін, калі гаварыў, што самае страшнае, калі гэту ідэалогію аб выключнасці ўбіваюць у галаву ўласнага насельніцтва. А гэта 300 млн. чалавек. І яны, як гэта было калісьці ў Германіі, пачынаюць разумець, што гэта асаблівая раса, асаблівая кроў, асаблівая выключнасць, і павінны наводзіць парадак у свеце і ўсіх падстрыгчы пад іх стандарты. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Што датычыцца ўплыву падзей у арабскім свеце на краіны Мытнага саюза, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта нестабільнасць на карысць не пайшла.
"Шчыра кажучы, мы апасаемся пераліву гэтага тэрарызму. Гэта вялікая небяспека, вялікая пагроза паўднёвым граніцам нашага будучага Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму мы трымаем у полі зроку гэтыя праблемы і адкрыта гаворым аб тым, што нас не задавольвае ў гэтым канфлікце", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Кругласутачны лічбавы тэлеканал навін "24 KZ" уваходзіць у склад агенцтва "Хабар". Гэта вядучы медыяхолдынг у Казахстане, створаны ў 1995 годзе, ён аб'ядноўвае 5 тэлеканалаў і 5 вэб-рэсурсаў.