Афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Сербія Таміслава Нікаліча

  • 28
У адносінах Беларусі і Сербіі няма праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада на сустрэчы ў Мінску са сваім сербскім калегам Таміславам Нікалічам.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Таміславу Нікалічу за падтрымку як на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, так і на гэтых, і сербскі народ за тое, што апошнім часам удалося рушыць наперад у адносінах.

Гаворачы аб гандлёва-эканамічных адносінах, Прэзідэнт Беларусі нагадаў аб пастаўленай перад урадамі дзвюх краін задачы па дасягненні аб'ёмаў узаемнага гандлю ў памеры $0,5 млрд. У 2014 годзе краіны дасягнулі ўжо $250 млн тавараабароту. "У гэтым годзе мы таксама прырастаем у нашым тавараабароце, таму, думаю, у бліжэйшы час, прынамсі ў гэтай пяцігодцы, мы дасягнём таго ўзроўню тавараабароту, які з вамі намецілі. Я буду вельмі рады, і, думаю, вы таксама, калі нам давядзецца адкарэкціраваць гэту лічбу ў бок павелічэння", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Што датычыцца палітычных адносін, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем таксама няма. "Мы разумеем сістэму ўлады ў Сербіі. Калі нейкія партыі выказваюць сваё меркаванне, і гэта не сыходзіцца з нашай і вашай пазіцыяй, то гэта не агрэсіўнае меркаванне, гэта меркаванне асобных людзей. А ў пераважнай большасці мы маем вельмі пазітыўны прагрэс у гэтым", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, у гэтым заслуга цяперашняга Прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча. "Мы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць, таксама, як і вы, у міжнародных арганізацыях. Мы паабяцалі, што ў час вашага старшынства ў АБСЕ зробім максімум для таго, каб вы ніколі не сказалі, што мы былі пасіўныя ў гэты перыяд", - дадаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што Беларусь нядаўна наведваў міністр замежных спраў Сербіі. Адбылася вельмі канструктыўная размова, абмеркаваны многія пытанні, больш за ўсё закранаючы тэму Украіны. "І ўсё, аб чым прасілі нас вашы калегі, мы свята выконваем, і не толькі таму, што гэта трэба рабіць, што мы вам паабяцалі, але яшчэ і таму, што Украіна - вельмі блізкая, родная нам краіна. І мы хацелі, каб там заўсёды быў мір", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Словам, такіх праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б у адносінах нашых дзяржаў, сёння абсалютна няма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што цэніць існуючыя асабістыя дружалюбныя адносіны з Таміславам Нікалічам. На яго думку, яны многае значаць для адносін дзяржаў.

У сваю чаргу Таміслаў Нікаліч канстатаваў, што Сербія зведвае цяжкасці. "Вельмі цяжка ёй цяпер ісці наперад пад цяжарам праблем, якія яна стварыла сама для сябе. І падтрымка Беларусі вельмі цэнная для нас", - сказаў ён і выказаў удзячнасць беларускаму боку. Сербія цэніць і палітычную падтрымку Беларусі, улічваючы прынцыпы міжнароднага права, якіх яна прытрымліваецца ў знешняй палітыцы. "Калі Сербія звяртаецца да вас для абароны яе інтарэсаў у Косаве і Метохіі, вы гэта робіце для нас", - падкрэсліў Таміслаў Нікаліч.

Прэзідэнт Сербіі выказаў надзею на трываласць рашэння ЕС па адмене санкцый супраць Беларусі. "Санкцыі - заўсёды ганьба для тых, хто іх уводзіць, а не для тых, у адносінах да каго іх уводзяць, - падкрэсліў ён. - Санкцыі - знак бескантрольнай сілы". Таміслаў Нікаліч канстатаваў, што ЕС памыляўся, не супрацоўнічаючы з Беларуссю.

Лідары дзвюх краін абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў двухбаковых адносін, пры гэтым акцэнт быў зроблены на выкананні раней пастаўленых кіраўнікамі дзяржаў задач. Прэзідэнты з задавальненнем канстатавалі, што ў Беларусі і Сербіі няма прынцыповых рознагалоссяў. Гэта датычыцца як пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, так і міжнароднага парадку дня.

"Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час зможам распрацаваць нейкі перспектыўны план, або, як сёння модна гаварыць, дарожную карту супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі на бліжэйшую будучыню", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, гэта стала б добрай асновай для далейшага развіцця супрацоўніцтва дзвюх славянскіх дзяржаў.

Прэзідэнты дамовіліся, што на пасяджэнні міжурадавай камісіі бакі паспрабуюць вызначыць новыя напрамкі супрацоўніцтва, каб паскорыць і надаць маштабны характар эканамічным адносінам. Кіраўнік беларускай дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што Беларусь і Сербія пакуль не ў поўнай меры выкарыстоўваюць патэнцыял інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова на дзяржаўным узроўні падтрымліваць прапановы Сербіі па перспектыўных праектах у самых розных галінах. У прыватнасці, у сферы будаўніцтва, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці. Ужо ёсць станоўчы прыклад прыцягнення сербскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі. У прыватнасці, размова ідзе аб праекце, які паспяхова рэалізуецца, па будаўніцтве комплексу "Маяк Мінска", а таксама нядаўна ініцыіраваным праекце "Мінск-Мір".

Адзначаецца стабільная станоўчая дынаміка развіцця адносін у гандлёва-эканамічнай сферы, галіне гуманітарнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні.

Разам з тым прадаўжаецца пошук новых эфектыўных форм і перспектыўных напрамкаў сумеснай работы.

У той жа час Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што развіццё кааперацыйных праектаў - гэта "дарога з двухбаковым рухам". "Мы разлічваем на аналагічную падтрымку беларускіх інвестыцыйных праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі на тэрыторыі Сербіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта Беларусі, значны патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння маецца ў паліўна-энергетычнай сферы, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, будаўніцтве, удасканаленні транспартнай інфраструктуры, сферы навукі, адукацыі, турызме.

"Я вельмі разумею Прэзідэнта Сербіі, які гаворыць аб тым, што сёння для Сербіі вельмі важныя інвестыцыі ў вытворчасць. І гэта правільны шлях: будуць працуючыя прадпрыемствы, будуць заняты людзі, будуць паступленні ў бюджэт і самае галоўнае - заўсёды будзе стабільнасць у краіне", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь і Сербія знаходзяцца на тым этапе выбудоўвання адносін, калі ў бакоў ёсць разуменне неабходнасці пераходу ад простых тавараабменных аперацый да больш складаных і эфектыўных кааперацыйных форм прамысловага, навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што ў Сербіі ўжо дзейнічаюць зборныя вытворчасці беларускіх трактароў, аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, якія знайшлі сваю нішу на рынку Сербіі і краін Балканскага рэгіёна. Намечаны таксама перспектыўныя праекты сумесных вытворчасцей па выпуску пажарных машын і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Прэзідэнт Беларусі запрасіў прадпрымальнікаў Сербіі да рэалізацыі праектаў у Беларусі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ёсць добры шанц. "Мы разумеем, у якой сітуацыі знаходзіцца Сербія. Яна аказалася ў цісках дзяржаў, якія бачаць у Сербіі толькі ўласны інтарэс або ў асноўным бачаць уласны інтарэс, але слаба глядзяць на інтарэсы Сербіі. І, вядома, Сербіі трэба праяўляць сёння максімум дыпламатыі і гібкасці, каб выжываць у гэтай сітуацыі", - адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь абсалютна адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў. "Прыходзьце, давайце будзем развіваць тут тое, што цікавіць Сербію. Давайце мы будзем тое, што вам цікава, ствараць разам з вамі на вашай тэрыторыі і гандляваць з іншымі дзяржавамі. Але нельга траціць час, таму што ўпушчанае будзе вельмі складана навярстаць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Я хачу, каб сербскі народ, прадпрымальнікі Сербіі разумелі: мы як былі сябрамі для вас, такімі і застаёмся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага лідара, удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і краінамі Балканскага рэгіёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь нязменна разглядае Сербію ў якасці ключавога гандлёва-эканамічнага партнёра на Балканах.

"Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі і вітае намаганні сербскага кіраўніцтва па нармалізацыі сітуацыі ў краі Косава і Метохія для забеспячэння мірнага жыцця ў гэтым рэгіёне", - сказаў беларускі лідар.

"Падводзячы папярэднія вынікі праведзеных перагавораў, магу з упэўненасцю сказаць, што партнёрства нашых краін набывае новыя грані, становіцца ўсё больш паўнаважкім і плённым", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што гэта сустрэча прынясе значныя вынікі ўжо ў самы бліжэйшы час.

Па выніках перагавораў у Мінску Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч падпісалі сумесную заяву. У дакуменце прэзідэнты высока ацанілі вынікі супрацоўніцтва і прагрэс у розных галінах, дасягнутыя пасля сустрэчы на вышэйшым узроўні ў 2014 годзе ў Бялградзе, праявілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў беларуска-сербскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва, а таксама пацвердзілі прыхільнасць дзвюх краін да выканання агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.