Перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым
- 32
Візіт Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Беларусь з'яўляецца новым крокам у выбудоўванні двухбаковых адносін на перспектыву. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 лістапада на перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
У ходзе афіцыйных перагавораў прэзідэнты падрабязна абмеркавалі стан і перспектыўныя напрамкі развіцця адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам, абмяняліся меркаваннямі па актуальнай міжнароднай праблематыцы. Асноўная ўвага на перагаворах была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву, рэалізацыі сумесных праектаў. Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў таксама разгледзелі магчымасці па ўзаемадзеянні ў транспартна-лагістычнай сферы, ахове здароўя, адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, спорце, турызме і іншых галінах.
Сустрэча лідараў дзвюх краін прайшла ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Да пачатку перагавораў Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка з цікавасцю агледзелі ў Палацы Незалежнасці выстаўку фотаработ, на якіх адлюстраваны найбольш вядомыя выдатныя мясціны краіны.
"Беларусь вас чакала. Вельмі шмат было інфармацый аб афіцыйным візіце. Прытым, як вы ведаеце, прычыны розныя былі для гэтага. Часам і фэйкавыя. Хоць гэта таксама вынік. Нават негатыўная нейкая інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці, яна таксама часам станоўчая. Непадроблены быў інтарэс да вашага візіту. Мы даўно чакалі яго. Вельмі шмат гаварылі пра Азербайджан", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі Азербайджан успрымаюць як вельмі дружалюбную, брацкую краіну, з якой добрыя адносіны ўстанавіліся на самых розных узроўнях.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін. Так, за мінулы перыяд 2018 года ўзаемны тавараабарот вырас амаль у тры з паловай разы да аналагічнага перыяду мінулага года. "Хачу чарговы раз пацвердзіць і запэўніць, што закрытых тэм ніколі ў нашых адносінах не будзе. Мы жылі ў адной дзяржаве. Мы з вамі вельмі блізкія людзі. Карані нашы ідуць у савецкі перыяд. Напэўна, і 10-15 пакаленняў таму нашы суайчыннікі з вашымі мелі добрыя адносіны", - сказаў Прэзідэнт.
Ён цёпла вітаў Ільхама Аліева ў Беларусі. "Я рады, што вы прыехалі да нас. Ёсць аб чым пагаварыць. Добрыя ў нас адносіны ва ўсіх сферах - і гандлёва-эканамічныя, і палітычныя, і ў ваеннай галіне. Але ёсць да чаго імкнуцца, і ёсць што дабаўляць да гэтых адносін", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Азербайджана ў сваю чаргу адзначыў, што па ўсіх напрамках беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ёсць канкрэтныя вынікі.
"Нашы адносіны вызначае менавіта тое, што ўсё, аб чым мы дамаўляемся, мы выконваем. І падтрымліваем адзін аднаго ва ўсіх міжнародных структурах, і гандлёва-эканамічныя сувязі растуць. Вельмі актыўна развіваецца прамысловая кааперацыя, таксама мае добрую гісторыю супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай, культурнай і адукацыйнай сферах. Гэта значыць, па ўсіх напрамках мы бачым пазітыў, добры настрой, канкрэтныя вынікі", - сказаў ён.
Кіраўнік азербайджанскай дзяржавы прызнаўся, што вельмі рады зноў пабываць у Беларусі. Паводле яго слоў, рэгулярны абмен візітамі на вышэйшым узроўні сведчыць пра блізкія і дружалюбныя сувязі паміж Беларуссю і Азербайджанам - краінамі, якія маюць агульную гісторыю. Сёння, звярнуў увагу Прэзідэнт Азербайджана, супрацоўніцтва паміж краінамі выйшла на зусім новы ўзровень.
"У Азербайджане, калі гавораць пра Беларусь, успамінаюць нейкія падзеі, звязаныя з нашымі двухбаковымі адносінамі, заўсёды ў грамадстве вельмі пазітыўныя пачуцці. Вельмі важна, што нашы дружалюбныя сувязі таксама пазітыўна ўспрымаюцца грамадствамі нашых краін. Я ведаю, што ў Беларусі вельмі добрае стаўленне да Азербайджана, а ў Азербайджане Беларусь лічаць на самай справе брацкай краінай і адным з самых блізкіх партнёраў не толькі на прасторы былога СССР, але і ў свеце", - падкрэсліў Ільхам Аліеў.
Ён адзначыў, што гэтаму ў тым ліку садзейнічаюць асабістыя адносіны паміж лідарамі дзвюх краін. "Людзі ўсё гэта бачаць і цэняць тое, як мы вырашаем пытанні, як ідзём да пастаўленай мэты. Перыяд нашых актыўных адносін у апошнія гады - гэта перыяд вырашэння пытанняў, па якіх мы з вамі дамаўляліся", - дадаў Прэзідэнт Азербайджана.
Ільхам Аліеў перакананы, што яго цяперашні афіцыйны візіт дасць магчымасць не толькі абмеркаваць і прааналізаваць вынікі двухбаковага супрацоўніцтва за мінулы перыяд, але і намеціць шляхі далейшага ўзаемадзеяння. "Упэўнены, што мы сёння прымем важныя рашэнні", - заявіў ён. Кіраўнік азербайджанскай дзяржавы таксама запрасіў свайго беларускага калегу наведаць з афіцыйным візітам Азербайджан.
На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Азербайджан для Беларусі быў і застаецца надзейным стратэгічным партнёрам: "Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць пашырэнню інтарэсаў Азербайджана ў цэнтры Еўропы".
Ён асабліва падкрэсліў, што ў двухбаковых адносінах няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. "Мы ніколі не супрацоўнічалі супраць якіх-небудзь краін. Мы ўсё робім для дабрабыту нашых народаў. Скрытых і закрытых тэм няма і ніколі не будзе. Мы шчырыя і адкрытыя для ўсяго свету", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за чвэрць стагоддзя з моманту ўстанаўлення дыпадносін дыялог краін набыў стратэгічны характар. "Высокі ўзровень міждзяржаўнага даверу не выпадковы. У яго аснове - даўнія традыцыі дружбы беларускага і азербайджанскага народаў. Гэта дае магчымасць у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць нават самыя складаныя пытанні", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама запэўніў, што Беларусь настроена на сістэмнае і доўгачасовае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. "Нягледзячы на дадатную дынаміку тавараабароту з Азербайджанам, яго аб'ёмы далёкія ад аптымальных, аб чым мы сёння доўга гаварылі. Мы бачым патэнцыял для іх павелічэння", - падкрэсліў ён.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што Беларусь і Азербайджан маюць намер асвойсваць рынкі трэціх краін.
Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, у краін закладзена аснова для шырокай вытворчай кааперацыі. "Дастойны прыклад такой работы прадэманстравалі флагманы беларускага машынабудавання - МТЗ і МАЗ, а таксама Гянджынскі аўтамабільны завод. У Гянджы ўжо сабраны больш за 10 тыс. трактароў і 3,5 тыс. адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Сёння мы гатовы пачаць прынцыпова новы этап супрацоўніцтва - сумеснае асваенне рынкаў трэціх краін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца праект выпуску трактароў у Турцыі з удзелам Мінскага і Гянджынскага заводаў. "Менавіта за такімі ініцыятывамі будучыня, і на іх трэба рабіць акцэнт", - упэўнены беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, таксама ёсць перспектывы па такіх напрамках, як пастаўка і зборка ў Азербайджане электробусаў, ліфтаў, збожжаўборачных камбайнаў і іншай сельгастэхнікі. "Мы чакаем, калі вы адмовіцеся ад амерыканскіх і нямецкіх камбайнаў. Гэта практыка для нас знаёмая: як толькі такі камбайн выходзіць са строю - трэба плаціць столькі ж за запчасткі і іншае. Таму мы калісьці былі вымушаны прыняць рашэнне аб вытворчасці ўласных камбайнаў, і не памыліліся. Думаю, што мы яшчэ пераможам і ў гэтым сектары. І мы гатовы стварыць сумесную вытворчасць гэтай тэхнікі ў вас і працаваць больш нават на трэція краіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаўся і за пашырэнне кантактаў у аграрнай сферы, павелічэнне ўзаемных паставак прадуктаў харчавання. "Наша малочная, мясная і рыбная прадукцыя, кандытарскія вырабы карыстаюцца попытам у азербайджанскага спажыўца. Міжнародны гандаль - гэта дарога з двухбаковым рухам. Таму ёсць зацікаўленасць у павелічэнні прысутнасці вашых тавараў на беларускім рынку", - сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён адзначыў работу ў Беларусі Гандлёвага дома Азербайджана: "Гэта - будучыня. І перспектыва развіцця гэтай сеткі - пераход у абласныя цэнтры".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведную прадукцыю з Азербайджана купляюць не толькі грамадзяне Беларусі. "Тут вялікі рух у сувязі з украінскімі падзеямі. Усе патокі пайшлі праз Беларусь. Велізарны попыт на азербайджанскую прадукцыю. Тым больш азербайджанцы лепш за ўсіх умеюць гандляваць. Нам трэба вучыцца ў вас, як гэта рабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Ён вітаў адкрыццё ў Мінску ў мінулым годзе Гандлёвага дома Азербайджана і падкрэсліў, што гэтаму праекту аказваецца максімальнае садзейнічанне, беларускі бок мае намер далей падтрымліваць прапановы, накіраваныя на збалансаваны рост тавараабароту.
"Зусім нядаўна ў Турцыі вы пабудавалі нафтаперапрацоўчы комплекс. Будзем рады прыходу азербайджанскіх інвестараў у Беларусь і гатовы да сур'ёзнага ўзаемадзеяння ў стратэгічных галінах. Цяпер абмяркоўваецца магчымасць інвестыцый Дзяржнафтакампаніі Азербайджана ў мадэрнізацыю ААТ "Гродна Азот", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы вітаем такія памкненні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі лічыць, што значны рэзерв ёсць у транспартна-лагістычнай сферы. Напрыклад, у чыгуначных зносінах, у тым ліку ў рамках стварэння міжнароднага транспартнага калідора "Поўнач - Поўдзень" і ініцыятывы "Эканамічны пояс Шаўковага шляху". "Так ці інакш вы (Азербайджан. - Заўвага) у гэтыя праекты ўжо ўцягнуты", - дадаў ён.
Перспектыўным Кіраўнік дзяржавы лічыць і стварэнне сумесных прадпрыемстваў у фармацэўтыцы, а таксама каардынацыю намаганняў у сферах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, навукі і культуры. "Мы настроены прадаўжаць падрыхтоўку кадраў для Азербайджана (у патрэбным для вас аб'ёме па любых спецыяльнасцях), у тым ліку навучанне вашых ратавальнікаў ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
"Традыцыйна цесныя і актыўныя двухбаковыя кантакты падтрымліваюцца паміж супрацоўнікамі праваахоўных структур, органаў сацыяльнай абароны, агракомплексу, сфер сувязі і інфарматызацыі", - прадоўжыў беларускі лідар.
Ён таксама падзякаваў Азербайджану за супрацоўніцтва з Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў, дапамогу і падтрымку ў пытаннях арганізацыі спаборніцтваў у 2019 годзе.
На сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў праведзеныя перагаворы з Ільхамам Аліевым як плённыя, у ходзе якіх пацверджаны стратэгічны характар, адсутнасць праблем у двухбаковых адносінах, а таксама наяўнасць добрай волі і імкнення да супрацоўніцтва. "Я вельмі цаню даверную і шчырую атмасферу сустрэч з маім калегам. Мы адкрыта і плённа абмяркоўваем усе без выключэння пытанні міжнароднага парадку дня", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, у ходзе перагавораў асноўная ўвага ўдзялялася паспяховаму гандлёва-эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву. Дасягнуты дамоўленасці, якія паслужаць дадатковым імпульсам для яго нарошчвання.
Гаворачы аб рэалізацыі сумесных праектаў, Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць экспартных паставак у трэція краіны. У гэтым напрамку прадпрыемствы Беларусі і Азербайджана працуюць ужо, рэалізуючы агульны праект па зборцы трактароў у Турцыі. "Гэта важны і перспектыўны напрамак, які мы будзем развіваць. І ён стаў магчымым дзякуючы пазіцыі Прэзідэнта Азербайджана", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў інтарэс беларускага боку да азербайджанскіх інвестыцый і высакаякаснай прадукцыі. Беларусь прапануе Азербайджану свой удзел у інфраструктурных праектах у гэтай краіне: будаўніцтве новых чыгунак, марскіх партоў, лагістычных цэнтраў.
Прэзідэнт Беларусі бачыць рэзервы супрацоўніцтва ў ахове здароўя, адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, спорце і турызме. "Рэалізацыя дасягнутых сёння дамоўленасцей дасць магчымасць зусім хутка ператварыць нашы намеры ў канкрэтныя справы. Напрыклад, ужо вядзецца работа па стварэнні ў Азербайджане сумеснага прадпрыемства па выпуску беларускіх лякарстваў. Абсалютна перакананы - не за гарамі рэалізацыя і іншых маштабных і цікавых праектаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Беларусь і Азербайджан назаўсёды застануцца надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі. Перакананы, што традыцыйна плённае супрацоўніцтва, узаемная падтрымка будуць і ў далейшым адметнай рысай беларуска-азербайджанскіх адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках перагавораў у Мінску прэзідэнты Беларусі і Азербайджана прынялі сумесную заяву. У дакуменце гаворыцца аб тым, што мае месца пераход на якасна новы ўзровень адносін дружбы і супрацоўніцтва, што адпавядае рэаліям XXI стагоддзя.
Кіраўнікі дзяржаў перакананы, што далейшае ўмацаванне дружалюбных адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам адпавядае карэнным інтарэсам народаў абедзвюх краін.
У сумеснай заяве адлюстраваны не толькі агульныя падыходы да шэрага знешнепалітычных пытанняў і ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне, але і ўдзелена значная ўвага магістральным напрамкам эканамічнага ўзаемадзеяння як у двухбаковым, так і шматбаковым фарматах. У прыватнасці, бакі выказалі гатоўнасць развіваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне транспартна-лагістычных камунікацый, садзейнічаць стварэнню і забеспячэнню спрыяльных умоў для ажыццяўлення транспартных аперацый, у тым ліку ў рамках удзелу ў ініцыятыве эканамічнага пояса Шаўковага шляху, міжнародным калідоры "Поўнач-Поўдзень" і іншых транзітных маршрутах.
Беларусь і Азербайджан таксама будуць максімальна садзейнічаць рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу абедзвюх краін, павелічэнню аб'ёмаў узаемнага гандлю, развіццю кааперацыі ў машынабудаўнічым сектары, у галіне будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, а таксама іншых галінах, у тым ліку інавацыйнай сферы. Акрамя таго, бакі падтрымліваюць далейшае развіццё ўзаемадзеяння паміж фінансавымі і банкаўскімі структурамі, рэалізацыю сумесных інвестыцыйных праектаў, прамое супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў і суб'ектаў гаспадарання.
"Бакі будуць усямерна садзейнічаць захаванню духоўнай і культурнай блізкасці народаў дзвюх краін, паглыбляць узаемадзеянне ў навуковай, адукацыйнай і культурнай галінах, у сферах высокіх тэхналогій, ахове здароўя, турызму", - гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнтаў.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў канкрэтных сферах.
Акрамя таго, адбылася цырымонія гашэння сумеснага паштовага праекта Беларусі і Азербайджана, прымеркаванага да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін.
Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў Ільхаму Аліеву нацюрморт з выявай пладоў гранатавага дрэва і кнігу "Спадчына Беларусі". У сваю чаргу высокі госць прэзентаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы традыцыйны азербайджанскі дыван.