Аб размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы

Указ № 426 ад 2 лістапада 2021 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада падпісаў Указ № 426 "Аб размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы".

Дакументам прадугледжваецца стварэнне з 1 студзеня 2022 года дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу "Рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў". Фарміраваць і весці яго будзе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, рэестр размесцяць у адкрытым доступе на афіцыйным сайце МАРГ.

З 1 лютага 2022 года аказанне паслуг па размяшчэнні рэкламы рэкламараспаўсюджвальнікам, не ўключаным у рэестр, з'яўляецца незаконным і забараняецца. Без уключэння ў рэестр рэкламараспаўсюджвальнікі могуць аказваць паслугі па размяшчэнні рэкламы, пералічаныя ў дадатку да Указа. Гэта, у прыватнасці, паслугі па размяшчэнні вонкавай рэкламы, рэкламы на транспартных сродках і ўнутры іх салонаў, рэкламы з дапамогай тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі, электроннай пошты, рэкламы ў будынках, рэкламы на папяровым носьбіце, які не адносіцца да друкаванага сродку масавай інфармацыі, і іншыя віды рэкламы, вызначаныя Саветам Міністраў.

Парадак фарміравання рэестра, склад звестак, якія ўключаюцца ў яго, а таксама парадак узаемадзеяння дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях яго вядзення будуць вызначаны Урадам.