Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта

Указ № 430 ад 3 лістапада 2021 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб рэалізацыі ў 2021-2023 гадах інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці айчыннай вакцыны супраць COVID-19 на плошчах ААТ "БелВітуніфарм".

Гэты інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласці завода па вытворчасці вакцын (з рэканструкцыяй існуючай вытворчасці). Вытворчая база ААТ "БелВітуніфарм" вызначана Урадам як найбольш перспектыўная пляцоўка для доследна-прамысловай вытворчасці вакцыны, зыходзячы са ступені гатоўнасці інфраструктуры, наяўнасці падрыхтаваных спецыялістаў, а таксама магчымасці далейшага развіцця біятэхналагічнага кластара.

Распрацоўка айчыннай вакцыны вядзецца падведамнымі Міністэрству аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук арганізацыямі. Цяпер падрыхтавана серыя прататыпнага варыянта вакцыны.

Указам прадугледжваецца вызваленне тэхналагічнага абсталявання, сыравіны і матэрыялаў, што ўвозяцца на тэрыторыю краіны для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дабаўленую вартасць.