Аб Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Распараджэнне № 22рп ад 4 лютага 2022 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лютага падпісаў распараджэнне № 22рп "Аб Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Дакумент падпісаны ў Год гістарычнай памяці ў працяг паслядоўнай палітыкі захавання праўды пра гераічнае мінулае беларускага народа, фарміравання гісторыка-дзяржаўнага светапогляду, умацавання гісторыка-культурнай і духоўна-этычнай супольнасці беларусаў.

У адпаведнасці з распараджэннем пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ствараецца Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы, які стане пастаянна дзеючым міжведамасным кансультатыўным і каардынуючым органам па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы гістарычнай памяці.

У яго склад на грамадскіх пачатках увойдуць вядомыя вучоныя ў галіне гуманітарных ведаў, аўтарытэтныя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржорганаў і арганізацый.

Ключавую ролю ў рабоце савета будзе выконваць Нацыянальная акадэмія навук, на якую ўскладзена арганізацыйнае, экспертна-аналітычнае і навукова-метадычнае забеспячэнне яго дзейнасці.

У кампетэнцыі савета будуць наступныя пытанні: вызначэнне стратэгіі і задач гістарычнай палітыкі, распрацоўка падыходаў і мер па яе рэалізацыі; каардынацыя дзейнасці дзяржорганаў і іншых арганізацый у сферы гістарычнай палітыкі і кантроль за выкананнем рашэнняў савета; падрыхтоўка ў рамках кампетэнцыі праектаў нарматыўных прававых актаў і заключэнняў; вывучэнне і маніторынг грамадскай думкі па сацыяльна-гуманітарных пытаннях.

Акрамя таго, савет будзе мець права ініцыяваць прысваенне найменняў геаграфічным аб'ектам і іх перайменаванне, увекавечанне памяці загінулых воінаў, вядомых асоб, каардынаваць выдавецкую дзейнасць, у тым ліку даваць рэкамендацыі па прадухіленні і спыненні парушэнняў у галіне захавання гістарычнай памяці.

Рашэнні савета па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі будуць абавязковымі для кіраўніцтва ў рабоце ўсіх зацікаўленых.

Распараджэнне дасць магчымасць скаардынаваць і ўзмацніць дзейнасць дзяржавы па захаванні гістарычнай памяці.